Сяргей Чалы: Кожная гадзіна супраціву ператварае гэтую вайну ў вайну, якую ў выніку выйграе эканоміка

А беларуская пляцоўка для перамоваў — толькі спосаб пацягнуць час.

d328ce63c661d7ed3b904f1739589784.jpg

Перамовы паміж Расеяй і Украінай — якія прайшлі на беларускай тэрыторыі, — адзіны шанец для Лукашэнкі не паўдзельнічаць у вайне. Такое меркаванне выказаў незалежны эканаміст, аналітык Сяргей Чалы.

— Па ўсіх міжнародных вызначэннях Беларусь ужо краіна-агрэсар, паколькі прадастаўляе тэрыторыю для расійскіх войскаў, адкуль вядзецца наступ на Кіеў і ідзе абстрэл ракетамі, — цытуе аналітыка «Салідарнасць» са спасылкай на «Эхо Москвы». —

Разлік, відавочна, быў на абяцаныя 3-4 дні — нездарма Лукашэнка менавіта гэтыя даты называў у многіх сваіх інтэрв'ю, уключаючы інтэрв'ю Салаўёву. Разлік быў на тое, што, маўляў, няма калі выконваць саюзніцкі абавязак, у мяне тут рэферэндум. Вось рэферэндум скончыўся, трэба нешта рабіць — несумненна, менавіта таму робяцца дыпламатычныя намаганні.

Як відаць, перамовы зацягваюцца. Мяркуючы па тым, што казаў сам Пуцін, нічога, акрамя ганебнага міра, «мінскіх пагадненняў на максімалках», яго не цікавіць, а ні адзін палітык ва Украіне не здольны на такія ўмовы пайсці.

Лукашэнка ж цяпер можа рабіць усё, што заўгодна: катацца на лыжах у Раўбічах, ездзіць у «чырвоную зону» бальніцы, прымаць новую Канстытуцыю. Гэта крэатыўная пракрасцінацыя, спроба паказаць сваю надзвычайную занятасць.

Ці працуе яшчэ так старанна выкарыстоўваемы ў мінулым вобраз «брацкіх народаў»? Сяргей Чалы звяртае ўвагу, што размовы аб славянскім адзінстве з рыторыкі афіцыйных асоб і беларускай медыйнай прасторы зніклі ўжо даволі даўно:

— Як толькі стала ясна, што шлях у Крэмль немагчымы, маментальна гэты канцэпт быў адкладзены і Лукашэнка маментальна стаў абаронцам суверэнітэту. Яго стасутнкі з паняццем «Рускі свет» вельмі амбівалентныя: навошта нас паглынаць, калі ў нас і так ёсць рускі свет, дзе вы знойдзеце яшчэ краіну, у якой нацыянальная мова развівалася б на шкоду рускай і т. д.?

І тое, што цяпер «славянства» зноў з'явілася ў ягоных прамовах, азначае, што ніякай суверэннай інфармацыйнай палітыкі ў Беларусі няма, гэта цалкам запазычаныя сцежкі з расійскай прапаганды.

Без сумневаў, кажа аналітык, Пуцін «просіць», нагадваючы аб саюзніцкім абавязку, і аб удзеле беларускай арміі ва ўварванні, якое расійская прапаганда працягвае называць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».

— Лукашэнка з усіх сіл цягне з рашэннем, разлічваючы на тое, што яму нейкім чынам зноў атрымаецца прайсці паміж струменьчыкамі. Але сітуацыя мяняецца кожны дзень, — канстатуе Сяргей Чалы немагчымасць прадказаць «канчаткова магчымую згоду» беларускага кіраўніка. —

У мяне яшчэ няма поўнай упэўненасці, што Расія загразла ў баявых дзеяннях — калі мы кажам, што з 150 тысяч задзейнічана 100 тысяч, то рэзерву для ратацыі даволі шмат. Хутчэй за ўсё, Расія вяртаецца ў сваю традыцыйную вайну недакормленнымі салдатамі-тэрміновікамі і ўдарамі па плошчах. І гэта далёка не тое, на што быў разлік.

З іншага боку, кожная гадзіна супраціву, меншага прасоўвання войскаў ператварае гэтую вайну ў вайну, якую ў канчатковым рахунку выйграе эканоміка.

Зараз увесь свет тым ці іншым спосабам гатовы падстаўляць плячо. Хоць, паўтаруся, я не ўпэўнены, што пералом наступіў, і думаю, страшнае яшчэ наперадзе.

Узровень санкцый такі, што гэта ўжо паўнавартасная эканамічная вайна. Не будзе дастаткова гэтых мер, будуць прыдуманыя іншыя. І нават калі Пуціну ўдасца дамагчыся нейкага пахабнага міра з Украінай, то краіна будзе адкінутая на дзясяткі гадоў таму, у позні Савецкі Саюз па ўзроўні эканамічнага і тэхналагічнага развіцця.

Пры гэтым Беларусь, падкрэслівае аналітык, у адрозненне ад Расеі, яшчэ менш гатовая да эканамічных санкцый:

— Калі ў мінулым годзе сітуацыю ў нейкай меры ратавала знешнеэканамічны цуд і ўсё так-сяк, на соплях, але трымалася, то цяпер «калі ў вас чых, то ў нас грып, калі ў вас грып, то ў нас смерць».