Сяргей Навумчык: Расія не можа быць дэмакратычнай, пакуль застаецца імперыяй
Ці не паўторыцца цяпер памылка пачатку 1990-х гадоў, якую зрабілі заходнія лідары ў дачыненні да Расіі? Пра гэта разважае ў сваім тэлеграм-канале палітык і журналіст Сяргей Навумчык.
Байдэн сказаў, што гатовы пачаць перамовы з Пуціным, калі той захоча спыніць вайну. Незразумела аднак — спыніць, пакінуўшы акупаваныя тэрыторыі ўключна з Крымам, ці спыніць, захаваўшы пазіцыю status quo (як было да 24.02.22), ці застацца на цяперашняй лініі сутыкнення (апошняе азначала б хутчэй перамогу Пуціна, чым паражэнне).
Яшчэ вясной на другі варыянт, магчыма, Кіеў бы і пагадзіўся. Сёння, як выглядае, пазіцыя ўкраінцаў — ачысціць усю тэрыторыю Украіны, уключаючы Крым.
Але думаецца і вось пра што. Ці не азначаюць словы Байдэна, што Захад гатовы пакінуць гэтую імперыю існаваць, не дамогшыся яе знішчэння? У тым жа 91-м і пазней была магчымасць дабіць Расійскую Імперыю да канца, правёўшы дэкамунізацыю, люстрацыю, і пазбавіць яе ядзернай зброі. Але Захад паверыў у «дэмакратычную Расію» — і яе падтрымалі шматмільярднай эканамічнай дапамогай без усялякай дэкамунізацыі, а ядзерную зброю з Беларусі, Казахстана, Украіны перавезлі ў гэтую самую «Дэмакратычную Расію».
Але Расія не можа быць дэмакратычнай, пакуль застаецца імперыяй, пра што Захаду казалі нацыянальныя лідары таго часу, паказальнае тут супадзенне: практычна адначасна ў 1994-м выйшла публікацыя Пазняка (15.01.1994) пра небяспеку рускага імперыялізму і адбылося выступленне эстонскага прэзідэнта Мэры ў Гамбургу (25.02.1994) пра небяспеку расійскай экспансіі. Але заходнія лідары глядзелі ў рот расійскаму прэзідэнту.
Сёння расійскаму прэзідэнту ў рот не глядзяць — але ці не паўторыцца цяпер памылка пачатку 90-х?