Свет на парозе Трэцяй сусветнай? Меркаванне вядомага гісторыка

Гісторык Крыстафер Кларк у інтэрв'ю DW праводзіць паралелі паміж сітуацыяй у свеце да 1914 года і пасля лютага  2022 года і разважае пра тое, наколькі вялікая верагоднасць пачатку Трэцяй сусветнай.

Крыстафер Кларк

Крыстафер Кларк


Аўстралійскі гісторык Крыстафер Кларк лічыцца адным з самых аўтарытэтных спецыялістаў па еўрапейскай гісторыі. У 2022 годзе ён быў узнагароджаны медалём Карла Вялікага для еўрапейскіх СМІ (Karlsmedaille für europäische Medien) — за «прыхільнасць аб'яднанай Еўропе і трансатлантычным адносінам». DW паразмаўляла з ім пра паралелі паміж Першай сусветнай вайной і сённяшняй агрэсіўнай вайной Расіі ва Украіне.
DW: У вашай кнізе «Лунацікі: як Еўропа ўступіла ў вайну ў 1914-м» вы паднімаеце пытанне пра тое, ці сапраўды Першую сусветную вайну пачала толькі Германія. Да якой высновы вы прыйшлі?
Крыстафер Кларк: Прычыны гэтай вайны былі складанымі, і спрэчкі пра іх працягваюцца да гэтага часу. Такім чынам, кніга, у першую чаргу, з'яўляецца заклікам да ўсведамлення і прызнання шматузроўневых узаемасувязей. Акрамя таго, трэба думаць не толькі пра тое, хто вінаваты ў развязванні вайны, але і пра тое, чаму і як успыхваюць войны, каб у наступны раз справіцца з гэтым лепш. Да прыкладу, калі, кажучы пра цяперашнюю вайну ва Украіне, абмежавацца проста тым фактам, што Пуцін — жудасны чалавек, па віне якога пачалася гэтая вайна, мы не выносім з гэтай трагедыі ніякіх урокаў.
Але мы можам нечаму навучыцца, аналізуючы прычыны ўзнікнення гэтай сітуацыі. Гэта ні ў якай меры не змяншае адказнасці Пуціна за тое, што здарылася — яна, на мой погляд, бясспрэчная. Але такі комплексны аналіз, прынамсі, дазволіць нам лепш спраўляцца з такімі сітуацыямі ў будучыні.
— Які ўрок мы можам з гэтага атрымаць? Якія паралелі існуюць паміж часам перад Першай сусветнай вайной і цяперашняй сітуацыяй?
— Калі пачаўся[расійска-ўкраінскі] канфлікт — яшчэ да таго, як пачалася сапраўдная вайна, — у мяне было адчуванне, што паўтараецца сітуацыя, якая была ў свеце да 1914 года. Я думаў, што план Пуціна можа заключацца ў тым, каб адправіць 200 тысяч салдат на мяжу з Украінай, аказаўшы ціск на Захад ці саму Украіну і прымусіўшы іх пайсці на саступкі, а затым адвесці войскі назад.
Але потым высветлілася, што ён увесь гэты час планаваў вайну. Так што гэта не падобна да 1914 года, таму што тады не было нікога, хто проста вырашыў бы ўварвацца ў чужую краіну. У 1914 годзе ўсё пачалося з таго, чаго ніхто не чакаў: з забойства ў Сараева на Балканах (15 чэрвеня 1914 года сербскія нацыяналісты забілі спадчынніка аўстра-вугорскага трона эрцгерцага Франца Фердынанда і яго жонку Сафі. Забойства паслужыла падставай для пачатку Першай сусветнай вайны. — Заўв. рэд.)
Гэта пацягнула за сабой цэлы шэраг пытанняў: як адрэагуюць аўстрыйцы? Як сербы адрэагуюць на рэакцыю аўстрыйцаў? Як немцы адрэагуюць на рэакцыю аўстрыйцаў на сербаў? І ці падтрымаюць рускія Сербію — нават калі сама Расія не падвергнецца нападу?
Усё было надзвычай складана, і кожная дзяржава, уцягнутая ў гэтую вайну, кіравалася сваёй логікай. Цяперашняя сітуацыя выглядае значна прасцей. Расія знаходзіцца ў ізаляцыі, і Пуцін сам прыняў гэтае рашэнне. Відавочна, што многія высокапастаўленыя людзі ў яго сістэме нічога пра гэта не ведалі. Цалкам ясна, што гэта вайна Пуціна. І, наколькі нам вядома з паведамленняў разведкі, ён нават асабіста кіруе дзеяннямі войскаў у гэтай вайне і прымае рашэнні на ўзроўні аперацый. Так што гэта зусім іншая сітуацыя, чым была ў 1914 годзе.
— Вы назвалі Першую сусветную вайну «сучаснай падзеяй». Што вы мелі на ўвазе?
— Калі нам расказвалі пра Першую сусветную ў школе, яна здавалася мне падзеяй з мінулага стагоддзя — з усімі гэтымі нязграбнымі габсбургскімі мундзірамі і складанымі прыдворнымі рытуаламі. Але потым, калі я пачаў пісаць кнігу, я зразумеў, што ўсё пачалося з аўтакалоны, якая праязджае па горадзе. Гаворка ішла пра тэрарыстаў-смяротнікаў — так што шмат у чым гэта падобна да падзеяй, вядомых нам з сучаснасці.
І потым, у мяне склалася ўражанне, што аргументы, што выкарыстоўваліся бакамі, якія ўступілі ў тую вайну, можна пачуць і сёння. Напрыклад, гэтая тэндэнцыя выдаваць сябе за ахвяру, бачыць правакацыі іншага боку, але быць абсалютна сляпым да сваёй долі віны за гэты крызіс... Ці разглядаць уласныя дзеянні як абарончыя, а дзеянні апанента — як наступальныя. Падобная аргументацыя, відавочна, жыве і па гэты дзень.
— Ці навучыліся людзі чаму-небудзь за апошнія 100 гадоў?
— Некаторыя рэчы мы, безумоўна, робім лепш. Але ці сталі мы больш разумнымі як палітычны від, як свайго роду «homo politicus», гэта ўжо іншае пытанне. Існуе тэндэнцыя заўсёды вяртацца да старых мадэлей паводзін. Я думаю, што стварэнне ЕС адбылося дзякуючы ўрокам з мінулага, што гэта палітычнае ўпарадкаванне з'явілася дзякуючы ўрокам, засвоеным з дзвюх сусветных войнаў, і набыло нейкае пастаянства, якога ў адваротным выпадку ў яго не было б.
Калі падумаць пра Пуціна — не толькі пра яго рашэнне ўварвацца ва Украіну, але і пра яго «мачысцкі» імідж кіраўніка, што раз'язджае з голым торсам на кані, — яго ўстаноўкі здаюцца мне даволі-ткі атавістычнымі.
З іншага боку, паглядзіце, колькі еўрапейскіх дзяржаў зараз узначальваюць жанчыны і колькі стратэгій па барацьбе з агрэсіяй распрацавана жанчынамі. Гэта гаворыць пра тое, што мы змяніліся.
Я думаю, што Захад моцна змяніўся, і гэта адносіцца і да Расіі. Ёсць шмат расійцаў, якія не хочуць мець нічога агульнага з гэтай жахліва рызыкоўнай палітыкай і нахабствам Пуціна. Але, на жаль, Пуцін — гэта чалавек, які па прычынах, верагодна, закладзеных у яго біяграфіі, культывуе атавістычныя мадэлі паводзінаў і самарэкламу, і гэта наводзіць на думку, што мы нічому не навучыліся.
— Як вы мяркуеце: мы стаім на парозе Трэцяй сусветнай вайны?
— Вядома ж, я спадзяюся — як і вы, і ўсе астатнія — што гэта не так. Больш за тое, я лічу, што Пуцін выдатна разумее, што гэта было б свайго роду самаліквідацыяй. Ён павінен быць самазабойцам, каб звярнуцца да такога варыянту.
Многае залежыць ад таго, наколькі ён ірацыянальны, і пагодзіцца яго асяроддзе з такім рашэннем. Ёсць шмат падстаў меркаваць, што сістэма досыць устойлівая для таго, каб не падвяргаць сябе такой рызыцы. Але дакладна мы гэтага не ведаем.
Але калі мы проста дазволім яму працягваць, мы ўзаконім злачыннае парушэнне ім міжнароднага права. А, з іншага боку, калі мы занадта востра адрэагуем, то рызыкуем пагоршыць праблему. Але не мы выклікалі гэты крызіс. Таму Захад павінен старанна дазаваць свае рэакцыі. І я думаю, што, у агульным і цэлым, ён так і робіць.
— Гэта значыць, вы мяркуеце, што асяроддзе Пуціна можа перашкодзіць яму націснуць на ядзерную кнопку?
— Я думаю, многае паказвае на тое, што Пуцін сутыкаецца з супрацівам у сваім асяроддзі. Пуцін ізалюе сябе ўсё больш і больш. Таму я спадзяюся, што ў выпадку далейшай эскалацыі і загаду аб ужыванні тактычнай ядзернай зброі знойдуцца людзі, якія скажуць: не, мы гэтага не зробім. Такое ўжо здаралася ў мінулым.
Расія не выступае адзіным фронтам. Расія — гэта складаная краіна. Гэта высокаразвітая краіна. Яна з'яўляецца часткай Еўропы. Вялікая колькасць расійцаў пакінулі краіну і цяпер жывуць у іншых месцах. Сярод іх шмат прадстаўнікоў інтэлігенцыі, СМІ і гэтак далей. Так што гульня яшчэ не скончаная.