«The Wall Street Journal»: Расія ператварае найбуйнешую ў Еўропе АЭС у ваенную базу

Паводле звестак выдання, расійцы ўтрымліваюць на тэрыторыі станцыі больш за 500 сваіх вайскоўцаў, тэхніку і ствараюць вакол яе траншэі.

Запарожская АЭС пад расійскай акупацыяй. Фота: Сяргей Ільніцкі / Shutterstock

Запарожская АЭС пад расійскай акупацыяй. Фота: Сяргей Ільніцкі / Shutterstock


Расійскія войскі фактычна ператвараюць захопленую Запарожскую АЭС і, па сумяшчальніцтве, найбуйнейшую ў Еўропе атамную электрастанцыю ў ваенную базу паблізу фронту і выкарыстоўваюць яе ў якасці шчыта.
Пра гэта піша выданне «The Wall Street Journal» са спасылкай на еўрапейскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў.
Адзначаецца, што пазіцыі ЗСУ знаходзяцца ў 4 км ад АЭС на процілеглым беразе Дняпра, аднак, улічваючы небяспеку артылерыйскіх баёў вакол дзеючых ядзерных рэактараў, украінскія вайскоўцы не могуць нічога зрабіць.
Паводле звестак WSJ, у чэрвені расійцы разгарнулі на тэрыторыі аб'екта «Смерчы», «Грады», танкі і бронетранспарцёры. У той жа час зямля вакол станцыі парэзаная траншэямі, а старшыя спецыялісты расійскай дзяржаўнай карпарацыі «Расатам» уладкавалі сваю базу ў ахоўным бункеры пад АЭС.
«Падобна да таго, што гэта адна з тактык расійцаў — узяць аб'ект крытычна важнай інфраструктуры і выкарыстоўваць яго ў якасці шчыта, — кажа былы міністр абароны Украіны Андрэй Загараднюк. — Мы не збіраемся штурмаваць станцыю. Адзіны спосаб — акружыць яе, захапіць прылеглыя раёны і патрабаваць ад акупантаў сысці».
Журналісты WSJ пагутарылі таксама з супрацоўнікамі Запарожскай АЭС і іх сем'ямі. Яны асцерагаюцца, што рост мілітарызацыі на станцыі можа прывесці да новай аварыі ўсяго ў 300 мілях ад Чарнобыля, месца самай страшнай ядзернай катастрофы ў гісторыі.
У мінулую сераду ўкраінскі «Энергаатам», які дагэтуль кіруе АЭС, паведаміў, што расійскія войскі пагражаюць асушыць астуджальныя басейны, каб знайсці зброю, якую, як яны падазраюць, схавалі пад вадой байцы ўкраінскага супраціву.
Паводле звестак выдання, гэта можа стаць сур'ёзнай праблемай для АЭС, якая мае патрэбу ў пастаянным патоку фільтраванай вады для астуджэння сваіх рэактараў і адпрацаваных паліўных стрыжняў.
Нагадаем, Запарожская АЭС была захопленая расійскімі войскамі 28 лютага, пасля чаго на тэрыторыі акупаванай электрастанцыі ўзрывалі боепрыпасы.