Зноў Чарнобыль. Што рабіць з новымі радыяцыйнымі пагрозамі і рызыкамі?

Апошнім часам пытанне радыяцыйнай бяспекі зноў гучыць у сусвеце. У сувязі з ваеннымі дзеяннямі, падчас якіх былі захопленыя дзве атамныя электрастанцыі ва Украіне, пагроза новай катастрофы вырасла шматкроць. 

500011530400152.jpg

Гэтую тэму падчас анлайн-канферэнцыі абмеркавалі спікеры каардынатарка беларускай антыядзернай кампаніі, сябра арганізацыі «Экадом» Таццяна Новікава, фізік-ядзершчык Расійскага Сацыяльна-Экалагічнага Саюза Андрэй Ажароўскі, радыяцыйны эксперт «Голаса Амерыкі», хімік Сяргей Бесараб. Мадэратарам выступіла галоўная рэдактарка «Зялёнага парталу» Яніна Мельнікава.

Пытанні радыяцыйнай бяспекі за апошнія гады ў Беларусі замоўчваліся, небяспека нібы прайшла

У першы дзень вайны 24 лютага расійскімі войскамі была захопленая Чарнобыльская АЭС, што стала першым выпадкам у гісторыі, калі падобны аб'ект быў акупаваны. 28 лютага была захопленая Запарожская АЭС, яшчэ праз некалькі дзён расійскія «Грады» абстралялі тэрыторыю інстытута ў Харкаве, дзе знаходзіцца эксперыментальны ядзерны рэактар. Як мяркуе Яніна Мельнікава, гэта было загадзя запланавана і зацверджана на самым высокім узроўні ў Крамлі. 1 красавіка акупанты адышлі ад ЧАЭС, але на працягу месяца яны рылі акопы непадалёк ад «Рудога леса», заставаліся на тэрыторыі станцыі, выносілі шмат крыніц радыяцыі з аб'екту. Адпаведна зараз гэтыя крыніцы знаходзяцца на тэрыторыях Беларусі і Расіі. У тым ліку, як адзначыла спадарыня Мельнікава, радыяцыйны пыл быў несумненна вывезены на вайсковай тэхніцы пераважна ў Беларусь. Як становіцца зразумела, «мірнага атаму» не існуе. Любы атамны аб’ект можа пераўтварыцца ў «брудную бомбу».

Ядзерны шантаж

Таццяна Новікава заявіла, што знаходжанне расійскай арміі на ядзерных аб’ектах уяўляе сабою акт ядзернага шантажу. Хаця не абавязкова, што любы ўдар па АЭС пацягне за сабою катастрофу, мы ведаем, што Фукусіма адбылася праз цунамі, а Чарнобыль ніхто не бамбіў. Уласна корпусы атамных станцый не нясуць сабой вялікай небяспекі. Найбольш небяспечны адкіды АЭС — гэта адпрацаванае ядзернае паліва, якое павінна быць ізалявана напрацягу мільёнаў гадоў. Калі ракета трапляе ў сховішча такіх матэрыялаў, гэта можа цягнуць за сабою выкід радыяцыйных рэчываў на тысячы кіламетраў. Чалавецтва зараз успрымае тое, што адбылося, як элемент вайны.

Таццяна Новікава звярнула ўвагу на тое, што сітуацыя паказала бессэнсоўнасць міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН, МАГАТЭ. МАГАТЭ мае мандат на зварот да ААН аб выкарыстанні ўзброенага ўмяшальніцтва ў выпадках, калі ёсць небяспека стварэння ядзернай зброі (як у Іраку) і да т.п. У выпадку вайны ва Украіне сістэма апавяшчэння МАГАТЭ адключана на АЭС расійцамі. Гэтая міжнародная арганізацыя магла склікаць Савет Бяспекі ААН, Генасамблею ААН для наўпроставага ўмяшальніцтва пасля захопу станцый, замест чаго яны выпусцілі толькі рэзалюцыю з просьбай пакінуць АЭС.

Як мяркуе спадарыня Новікава, грамадства зараз мае толькі адзін сродак уплыву на сітуацыю — узмацняць ціск на свае ўрады ў Еўропе.

МАГАТЭ не зрабіла нічога з таго, што мусіла зрабіць 

Як зазначыў Андрэй Ажароўскі, «МАГАТЭ не зрабілі нічога вартага, акрамя напісання паперы». Ужо 24 лютага ці ў любы наступны дзень арганізацыя павінна была выдаць заяву пра незвычайную актыўнасць у раёне АЭС, даслаць туды сваіх назіральнікаў. У такім выпадку мы мелі б незалежных прадстаўнікоў, якія б дакладна ведалі пра тое, якая там зараз доза, ці ёсць там супрацоўнікі расійскага «Расатама».

У 2009 на генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ было прынята рашэнне: любы ўзброены напад альбо пагроза нападу на ядзерныя ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюцца ў мірных мэтах, прадстаўляюць сабою парушэнне прынцыпаў Статута ААН. Паводле пратакола Жэнеўскай канвенцыі аб вядзенні ваенных дзеянняў ад 1977, АЭС не павінны станавіцца аб’ектамі нападу. Адпаведна, як падкрэсліў спадар Ажароўскі, МАГАТЭ не зрабіла нічога з таго, што мусіла зрабіць паводле даўно прынятых дакументаў. Калі б арганізацыя належным чынам выконвала свае абавязкі, Расія павінна была альбо выйсці з МАГАТЭ альбо пагадзіцца з законнымі патрабаваннямі.

Ніводзін з кліентаў расійскай кампаніі «Расатам» не чакаў, што яна будзе ўцягнутая ў захоп і акупацыю такіх аб’ектаў. Фінляндыя зараз робіць усё магчымае, каб недапусціць пабудовы АЭС, праэкт якой існуе ўжо некалькі гадоў.

Сяргей Бесараб прааналізаваў прысутнасць тэмы захопу АЭС у СМІ. У асноўным асвячэннем гэтай тэмы займаліся ўкраінскія выданні. Па назіраннях спікера, расійскія журналісты амаль не звярталіся да тэмы наступстваў захопу па зразумелых прычынах. Амерыканскія ж медыя асвятлялі гэтыя падзеі, але са значнай затрымкай. Як мяркуе спадар Бесараб, мае месца інфармацыйная вайна. Украінскія выданні рабілі націск на магчымай промневай хваробе, хаця больш верагоднай на думку спікера, была праблема распаўсюду часціцаў, якія пераносяцца праз пыл.

На думку Андрэя Ажароўскага, на дадзены момант самым праблемным аб’ектам з’яўляецца Запарожская АЭС, таму што на сёння дакладна невядома, хто там галоўны, хто адказвае за бяспеку. Спадар Ажароўскі яшчэ раз звярнуў увагу на безумоўную патрэбу ёднай прафілактыкі.

Небяспечныя трафеі

Адносна «трафеяў», вывезеных расійскімі захопнікамі з зонаў АЭС, выказаўся Сяргей Бесараб. Вельмі шмат кантрольных крыніц выпраменьвання ізатопаў былі разрабаваныя і вывезеныя нават з лабараторый ЧАЭС. Гэтыя крыніцы выкарыстоўваюцца, напрыклад, для каліброўкі дазіметраў, выглядаюць непрыкметна. Акупанты маглі іх проста засоўваць у штаны, з мэтай продажу альбо перасылкі ў Расію. Некаторыя такія крыніцы нават не маюць маркіроўкі аб радыеактыўнасці. У мэтах перасцярогі спадар Бесараб раіць беларусам у такіх месцах як барахолкі, сэканд-хэнды, дзе часта бываюць элементы вайсковай формы, нават не дакранацца да падобных прадметаў. Вядомыя шмат выпадкаў, калі падчас вайны расійскія акупанты па прыездзе ў Беларусь прадавалі частку абмундзіравання.