У Марыупальскім шпіталі згарэлі жыўцом амаль 50 чалавек. Усяго за месяц блакады загінулі 5 тысяч чалавек

Мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка паведаміў, што ў гарадскім шпіталі жыўцом згарэлі амаль 50 чалавек.

Марыупаль, Украіна. 9 сакавіка 2022 года. Фота: Associated Press / Яўген Малалетка

Марыупаль, Украіна. 9 сакавіка 2022 года. Фота: Associated Press / Яўген Малалетка


Мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка падчас круглага стала па палітычных і прававых наступствах злачынстваў РФ супраць Украіны паведаміў, што ў шпіталі Марыупаля жыўцом згарэлі амаль 50 чалавек.
Таксама ён заявіў, што Марыупаль, які нядаўна быў сімвалам развіцця, цяпер амаль цалкам разбураны расійскімі акупантамі.
Больш за 90% гарадской інфраструктуры знішчана. З іх, па меншай меры, 40% ужо не можа быць адноўлена.
«Толькі паводле папярэдніх ацэнак у Марыупалі за месяц блакады загінулі 5 тысяч чалавек, з якіх прыкладна 210 — дзеці. Расійскія тэрарыстычныя войскі скінулі некалькі звышмагутных бомбаў на дзіцячы шпіталь, знішчылі адзін з карпусоў гарадскога шпіталя №1. Жыўцом згарэлі амаль 50 чалавек. Разбамбілі Драматычны тэатр, дзе да таго часу ад абстрэлаў хаваліся больш за 900 чалавек. Гэта толькі некалькі прыкладаў мэтанакіраванага знішчэння мірнага насельніцтва Марыупаля», — адзначыў мэр горада.
Таксама Вадзім Бойчанка заклікаў краіны ЕС узмацніць санкцыі супраць Расіі, у прыватнасці ўвесці поўнае эмбарга на расійскую нафту і газ, каб спыніць генацыд украінцаў.