Украінскі журналіст: «Мазырскі НПЗ працягне пастаўляць салярку для нашых танкаў, якімі мы будзем забіваць расійскіх акупантаў»

Раман Цымбалюк, былы карэспандэнт «УНІАН» у Расіі, у сваім інтэрв'ю расказаў, чаму ўкраінцы захапляліся Лукашэнкам, ці будзе Украіна бамбіць Беларусь і што будзе з адносінамі паміж нашымі народамі пасля заканчэння вайны.

2_611_logo.png


— Наступ на Кіеў цалкам магчымы. Адносна гэтага нельга даць адназначнага адказу, таму што рашэнні спеюць у галаве аднаго чалавека, які апошнім часам дэманструе страту сувязі з рэальнасцю, — адзначыў Раман Цымбалюк у інтэрв'ю каналу «Лямпа». — Але я ведаю дакладна: калі такая спроба будзе другі раз, мы, прабачце за шчырасць, заб'ем усіх. Гэта першае. І другое — будуць нанесены ракетныя ўдары па тэрыторыі Беларусі.

Апошнія месяцы непасрэдна з вашай тэрыторыі ўдары не наносяцца, яны наносяцца з Бранскай вобласці. І Украіна, нават калі атрымала высокадакладныя дальнабойныя сістэмы, усяляк устрымліваецца ад знішчэння расійцаў на беларускай тэрыторыі.

Мы гэта робім, каб беларусы не пацярпелі. Каб Беларусь не ўступіла ў вайну сваім вайсковым рэсурсам. Мы праяўляем цярпенне. І так будзем рабіць да самага апошняга моманту, пакуль гэта будзе магчыма.

Украінскі журналіст перасцярог беларусаў ад далейшага размяшчэння расійскіх войскаў на сваёй тэрыторыі.

— Чым даўжэй расійскія салдаты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, тым больш яны будуць гаварыць прыкладна так: мы ж тут, як дома, навошта нам з'язджаць. Гвалтаваць беларусак ім будзе гэтак жа цікава, як і ўкраінак, як і расіянак.

Тое, што беларусам і ад расійскіх самалётаў, і ад танкаў, і наогул ад расійскіх салдат лепш адысці падалей, гэта факт. Прычым яны нясуць пагрозу самі па сабе, і не таму, што хтосьці па іх пачне паліць, што таксама не выключана. У іх засталася гэтая опцыя наконт пральных машын, якія яны адпраўлялі з Беларусі. Я не думаю, што беларускія пральныя машыны горшыя за нашы. Я пра тое, што гэтыя людзі нясуць смерць, яны самі смяротнікі і нясуць смерць іншым, і таму ад іх лепш адысці.

Там, дзе расійская армія, адсутнічае які-небудзь парадак і здаровы сэнс, — падкрэсліў украінскі журналіст.

Ён лічыць, што падзеі маглі б развівацца па-іншаму, калі б у 2020 годзе беларускі пратэст перамог. У той жа час Цымбалюк адзначае, што рэжымы, падобныя да расійскага і беларускага, мірным пратэстам перамагчы немагчыма.

— Калі казаць пра расійскае ўварванне, то падзеі 2020 года ў Беларусі зрабілі магчымым прадастаўленне тэрыторыі. Лукашэнка вельмі моцна спалохаўся і таму пайшоў на гэты крок.

Калі б пратэст перамог, вядома ж, тэрыторыі вашай краіны расійскаму агрэсару ніхто б не падаў. Гэта факт. А цяпер Беларусь з'яўляецца сатэлітам РФ у тым плане, што гэта вялікі трэніровачны лагер, лагер па забеспячэнні лагістыкай, вайсковай тэхнікай, усе беларускія швейныя фабрыкі працуюць на абшыўку (расійскіх вайскоўцаў).

Але мірны пратэст у такіх сістэмах не працуе. Тут нельга праводзіць паралелі з Захадам. Там усё роўна ёсць сістэма выбараў. А ў такіх краінах, як Расія і Беларусь, уладу на выбарах памяняць немагчыма. Любы чалавек усё роўна прайграе, а пасля ўсяго таго, што здарылася, такіх кандыдатаў будуць забіваць адразу.

Цымбалюк спадзяецца, што наша краіна не толькі зможа захаваць сваю незалежнасць, але і адновіць адносіны з бліжэйшымі еўрапейскімі дзяржавамі, уключаючы Украіну.

— Я спадзяюся, што Беларусь не стане часткай Расіі. Мы за Беларусь як незалежную дзяржаву.

Галоўная праблема ў тым, што ўкраінцы ў сваёй масе нічога не ведаюць пра беларусаў, а беларусы — пра ўкраінцаў. Гэта значыць, мы быццам і суседзі, і мовы — і беларускую, і ўкраінскую — выдатна разумеем, але вось гэтага разумення няма. І адно аднаго мы наўрад ці адчуваем.

Лукашэнку ўкраінцы любілі па няведанні. Пра яго, пра выдатнае беларускае грамадства і жыццё, справядлівасць, роўныя дарогі, смачны кампот хадзілі легенды. На тое, што ён зрабіў, забыцца, вядома, немагчыма. Такія рэчы не забываюцца. Але давайце зафіксуем: народы не сталі ворагамі. Калі казаць пра Расію, рускі народ, расійскае насельніцтва, то гэта нашы ворагі, яны хочуць нашай смерці, а мы — іх. У выпадку з беларусамі гэтага няма.

Што будзе пасля вайны? Адновіцца гандаль, мы ж суседзі. Застануцца халодныя адносіны паміж намі, але на самой справе гэтага дастаткова. Навошта нам гэтыя размовы пра нейкае там братэрства? Жыць побач і не страляць адно ў аднаго — гэта ўжо вялікі поспех.

Усё-ткі я не бачу Беларусь часткай Расіі. Мне больш падабаюцца словы аднаго беларускага журналіста, які працаваў у Маскве разам са мной, пра тое, што, магчыма, Беларусь уступіць у Еўрапейскі саюз раней, чым Украіна.

Пасля Лукашэнкі ў вас будзе два варыянты: краіна ці знікне, будзе паглынута, ці пойдзе па шляху еўрапейскай еўраатлантычнай інтэграцыі, дзе зможа захаваць незалежнасць.

І тут, у Еўропе, у вас будзе добрая кампанія — краіны Балтыі, мы, Польшча. Тут існуе пэўная сістэма ўзаемадзеяння адно з адным, краіны, як мінімум, паважаюць адно аднаго і межы.

Аляксандр Рыгоравіч кажа: вось, на нас хочуць напасці, NATO там. Але ўсе разумеюць, што рэальная пагроза Беларусі як дзяржаве зыходзіць выключна ад Масквы. Гэта ні ў каго, і ў Мінска ў тым ліку, не выклікае сумневаў.

Але калі ўсё-ткі расійскія салдаты пры нейкіх абставінах сыдуць з Беларусі, шмат што можна будзе вярнуць. Эканамічныя кантакты дык дакладна вернуцца вельмі хутка. І Мазырскі НПЗ працягне пастаўляць салярку для нашых танкаў, ужо нямецкіх, якімі мы будзем забіваць расійскіх акупантаў, — сказаў Раман Цымбалюк.


Паводле «Салідарнасці».