Ваенны эксперт: «Гэта ўжо 20-я праверка баявой гатоўнасці, якую Лукашэнка праводзіць з 24 лютага»
Украінскі ваенны эксперт Алег Жданаў у эфіры UKRLIFE.TV разважаў пра абстаноўку на фронце, ці стане Бахмут новым Сталінградам і пра тое, чаму не варта палохацца «раптоўнай праверкі боегатоўнасці» ў Беларусі.
— Ужо другі тыдзень карціна на франтах больш-менш стабільная, — кажа Алег Жданаў. — Адзінае, што яна блізкая да крытычнай на Данецкім кірунку, дзе прасоўванне наперад шмат у чым ускладнена ўмовамі надвор'я. Цяжкая гусенічная тэхніка на лініі фронту перасоўваецца толькі цугам, па 3-4 машыны — каб не гразнуць, настолькі там раскісла глеба.
На Запарожскім і Херсонскім напрамках, паводле ацэнак эксперта, УСУ ўжываюць такую ж тактыку, як на правым беразе Дняпра, планамерна «выносячы» ўсе рэзервы і шляхі лагістыкі групоўкі расійскіх войскаў.
— У выніку гэтай працы, як я разумею, расійскія войскі будуць стаяць перад той жа дылемай, што ўзнікла ў іх на правым беразе: памерці пад агнём або пачаць адвод. І цалкам магчыма, што там атрымаецца арганізаваць больш эфектыўны пераслед праціўніка.
На Данецкім кірунку, паўтаруся, сітуацыя найбольш небяспечная. РФ, загнаўшы сама сябе ў тупік тым, што спрабавала трымаць тэмп наступу, не можа ні спыніцца, ні памяняць вектар засяроджвання сваіх намаганняў.
Таму так і б'юцца, і ім усё роўна, што возьмуць першым: Бахмут, Саледар або Аўдзееўку. Думаю, што расійская прапаганда, калі, не дай Бог, іх войскі возьмуць любы горад, зробіць з гэтага такую шуміху, як быццам у другі раз узялі Берлін.
Ім патрэбна перамога, каб падняць маральны дух арміі і ўсяго насельніцтва. А Пуціну трэба ўцерці нос заходнім партнёрам, паказаўшы, што яго армія наступае, што ён у гэтай вайне яшчэ на нешта разлічвае: альбо ён ідзе далей, альбо з ім, дапусцім, садзяцца за стол перамоў.
Зрэшты, больш верагодным варыянтам эксперт лічыць ультыматум з боку РФ, а Бахмут, на якім «сышліся зоркі» і дзе ідуць надзвычай жорсткія баі — не столькі ваенным аб'ектам, колькі палітычным. Нездарма шэраг аналітыкаў ужо кажа пра Бахмут як пра «Сталінград ХХІ стагоддзя».
— Расія кідае туды ўсё, што можна, гэта фактычна апошнія яе дровы ў топку вайны, пакуль яшчэ ёсць мабілізаваныя, зняволеныя, трохі штурмавой пяхоты з ліку наймітаў. Але калі мы туды ўцягнемся асноўнымі сіламі, мы аслабім астатнія ўчасткі і пазбавім іх рэзерву, — разважае Алег Жданаў пра тое, што задача УСУ — утрымаць горад мінімальнымі сіламі, не страціўшы перавагі на іншых кірунках.
Эксперт пракаментаваў таксама паведамленні аб тым, што беларускія войскі, у прыватнасці, штурмавыя дэсантныя брыгады рушылі да мяжы з Украінай.
— Калі я не памыляюся, гэта ўжо 20-я праверка баявой гатоўнасці войска Беларусі, якую Лукашэнка праводзіць, пачынаючы з 24 лютага, — кажа Жданаў. — Дзевятнаццаць разоў, да сярэдзіны жніўня, яны прадаўжаліся, і цяпер, з 1 снежня, зноў пачалася «раптоўная праверка».
Што можа зрабіць штурмавая рота? Максімум — правесці разведку боем, калі ёй паставіць асобную тактычную задачу па вядзенні баявых дзеянняў.
Вядома, нельга заплюшчыць вочы і павярнуцца спінай да такой падзеі. Але, на мой погляд, брыгада спецназа прыедзе на раён прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, адпрацуе нейкія свае пытанні. А далей — будзем глядзець, куды яны падзенуцца.
Акрамя таго, звяртае ўвагу эксперт, якраз у тым раёне ўздоўж дзяржмяжы, дзе на ратацыйнай аснове стаіць цэлых шэсць батальённа-тактычных груп беларускай арміі (паводле яго ацэнак, каля 5 тысяч чалавек), з абодвух бакоў, і ва Украіне, і ў Беларусі, «нязручная» мясцовасць: лясныя масівы з прасекамі, балоты з праходамі і веткамі чыгункі.
— Там гаворка пра ачаговую абарону, нельга стварыць суцэльную. А калі там наступаць, то можа паўтарыцца гісторыя, як у раёне Бравароў, калі ў лясістай мясцовасці УСУ «матала» па лясах і граміла расійскую 1-ую танкавую армію, Кантэміраўскую дывізію, дабіўшыся поспеху на кіеўскім кірунку.