Вучэнні ў Беларусі. Ці баяцца падзення самалётаў на беларускія дамы?

Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале ўзгадвае шматлікія выпадкі трагедый з вайсковай авіяцыяй Беларусі і Расіі.

avijacyja.jpg

5 студзеня Міністэрства абароны РБ анансавала правядзенне з 16 студзеня па 1 лютага сумесных лётна-тактычных вучэнняў УС РБ і УС РФ, для чаго будуць задзейнічаны ўсе аэрадромы і палігоны ВПС і войскаў СПА УС РБ. З гэтага моманту ў РБ стала прыбываць авіяцыя ПКС РФ, а на Лунінецкім ваенным аэрадроме спешна рамантуюцца казармы для размяшчэння лётнага саставу.
Па інфармацыі толькі з адкрытых крыніц вядома, што ў 2021-2022 гадах адбылося больш за дзесяць авіякатастроф з удзелам ваеннай авіяцыі РБ і РФ. Практычна ва ўсіх выпадках выконваліся планавыя вучэбна-трэніровачныя палёты, а асноўнай прычынай з'яўляюцца тэхнічныя няспраўнасці.

2021 год:

19 траўня 2021 года ў  Баранавічах на жылую забудову ўпаў вучэбна-баявы самалёт ЯК-130 ВПС РБ расійскай вытворчасці.

2022 год:

28 студзеня ва Ульянаўскай вобласці Расіі пацярпеў крушэнне верталёт Мі-8.
24 лютага ў Варонежскай вобласці разбіўся ваенна-транспартны самалёт Ан-26. Экіпаж загінуў. У гэты ж дзень з-за памылкі пілатавання ўпаў штурмавік Су-25, афіцыйны прадстаўнік МА РФ Канашэнкаў (гэта той расійскі генерал, які рэгулярна вяшчае аб расійскіх ваенных поспехах ва Украіне, адсутнасці страт і знішчэнні ўсіх «HIMARS») распавёў СМІ, што ў выніку крушэння самалёта ахвяр няма, а пілот «катапультаваўся і хутка вярнуўся ў сваю частку».
8 красавіка ў Ленінградскай вобласці адбылося крушэнне знішчальніка-перахопніка МіГ-31.
15 красавіка і 28 красавіка ў Саратаве пацярпелі катастрофу верталёты Мі-8 і «Ансат». Па афіцыйных паведамленнях МА РФ, загінулі два члены экіпажа і яшчэ двое атрымалі раненні.


17 чэрвеня, Белгародская вобласць — крушэнне штурмавіка Су-25.
24 чэрвеня, Разань — крушэнне ваенна-транспартнага самалёта Іл-76. Загінулі 5 чалавек.
9 кастрычніка, Растоўская вобласць — аварыя бамбавіка Су-24.
17 кастрычніка ў горадзе Ейску пры наборы вышыні ў 9-павярховы жылы дом урэзаўся бамбавік Су-34. Дакладная колькасць ахвяр да гэтага часу не называецца.
У сувязі з гэтым Павел Усаў задаецца наступным пытаннем: «З улікам рэальнага стану расійскага і беларускага войска, у тым ліку тэхнічнага стану ваеннай авіяцыі, ці варта асцерагацца няшчасных выпадкаў (і якога характару) з удзелам самалётаў і верталётаў УС РБ і УС РФ?».