З пачатку выбарчай кампаніі затрымалі як мінімум 703 чалавекі
Беларускія праваабаронцы прадставілі чарговую аналітычную тыднёвую справаздачу па выніках назірання за выбарчай кампаніяй.
Назіранне за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
У справаздачы назірання з 6 па 12 ліпеня праваабаронцы апублікавалі наступныя высновы:
- Міжнародныя арганізацыі працягваюць заклікаць улады Беларусі спыніць распачатыя рэпрэсіі і правесці справядлівыя выбары. Некаторымі дэпутатамі Еўрапарламента выказваюцца меркаванні аб неабходнасці аднаўлення санкцый у дачыненні Беларусі ў выпадку адмовы вызвалення ўсіх палітычных зняволеных;
- улады працягваюць палітыку прымянення рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, блогераў, палітычных актывістаў. Колькасць палітычных зняволеных у краіне дасягнула 24 чалавек. Колькасць затрыманых ад моманту пачатку выбарчай кампаніі склала, як мінімум 703 чалавекі, з іх 129 былі падвергнутыя адміністрацыйным арыштам і 252 – аштрафаваныя;
- створаныя ўладамі ўмовы выбарчай кампаніі не адпавядаюць міжнародным стандартам правядзення справядлівых, дэмакратычных выбараў, заснаваных на прынцыпах роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбы;
- адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, дзеючы кірўнік дзяржавы А. Луашэнка ўжо фактычна распачаў актыўную агітацыйную кампанію з актыўным выкарыстанем дзяржаўных СМІ, а таксама рэсурсу выканаўчаай «вертыкалі»;
- РПГА БХК атрымала адказ ЦВК на свой зварот з прапановамі, скіраванымі на павелічэнне празрыстасці выбарчага працэсу, у тым ліку і працэдур падліку галасоў. Дадзеныя прапановы былі падрыхтаваныя экспертамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з улікам рэкамэндацый БДІПЧ АБСЕ. Аднак ЦВК адмовілася ўрэгуляваць дадзеныя прапановы, адказаўшы, што гэта патрабуе ўнясення зменаў у Выбарчы кодэкс.
Паводле elections2020.spring96.org