З шырока заплюшчанымі вачыма

Хто з нас у дзяцінстве не хаваўся пад коўдру, каб яго не забраў бабайка? Хто не заплюшчваў вочы, каб яго не знайшоў той монстр, што хаваецца ўначы ў шафе? Абсалютная большасць людзей пазбаўляецца гэтых звычак, — заплюшчваць вочы, каб пазбавіцца вонкавых страхаў — гадоў да шасці-сямі. З абсалютнай меншасцю гэтыя звычкі застаюцца на ўсё жыццё. І гэтая абсалютная меншасць — беларускі ўрад.

thumb_1920_637827.jpg


Два тыдні трывае вайна ва Украіне. Два тыдні ляцяць ракеты на мірныя паселішчы — у тым ліку, з беларускага боку. Украіна гераічна супраціўляецца, а ўвесь свет цісне на агрэсара, каб ён спыніў сваю «спецаперацыю», у выніку якой гінуць звычайныя людзі. Еўрапейскі саюз афіцыйна вызначыў Беларусь як краіну — памагатую агрэсару. Таму цяжар адказнасці кладзецца і на беларускае кіраўніцтва. Цяжар эканамічных санкцый — таксама.
Рубель коціцца ў прорву, банкаўская сістэма ледзь трывае, з намі адмаўляюцца супрацоўнічаць і размаўляць у цывілізаваным свеце. Народ паціху затарваецца прадуктамі, у краіне зноў запрацаваў «чорны рынак» валюты… І гэтак далей, і далей, і далей…
А што робіць вышэйшае кіраўніцтва краіны? Вышэйшае кіраўніцтва краіны на тыдні збірае нараду, прысвечаную… ліквідацыі наступстваў зімовых ураганаў! Зімовых, Карл!
Краіна, не па сваёй волі, канешне, але ўпэўнена крочыць да дэфолту і стагнацыі, а на ўзроўні міністраў і кіраўніка дзяржавы абмяркоўваюць працу лясніцтваў і дрэваапрацоўкі. Што гэта, як не спроба залезці пад коўдру, і сказаць: «Я ў доміку, мяне не чапаць»?
Безумоўна, дрэваапрацоўка, канешне, важная справа. Толькі ў Еўропу ў мінулым годзе было экспартавана драўніны на 3,2 млрд долараў. Аднак пасля таго, як з нашым лесам адмовілася супрацоўнічаць IKEA, ды Лясны апякунскі савет (FSC) паведаміў аб прыпыненні з 14 сакавіка сертыфікацыі на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, гэтыя экспартныя шляхі прыкрыліся.
Віцэ-прэм’ер Юрый Назараў назваў гэтыя санкцыі «непрыемнымі», аднак адзначыў, што краіна шукае іншыя шляхі і напрамкі экспарту. І нават выказаў упэўненасць, што прадукцыю беларускай дрэваапрацоўкі набудзе Кітай.
І вось гэта мне незразумела. Падаецца, што Кітай — гэта таксама «заплюшчванне вачэй» і нейкая «цудадзейная» мантра беларускага ўраду.
З-за нападу на Украіну ў нас прасядае станоўчае знешнегандлёвае сальда і экспарт у паўднёвую суседку. Хто забярэ тавары, якія мы пастаўлялі ва Украіну? — Кітай. З-за санкцый нам не выдаюць крэдыты заходнія фінансавыя інстытуты. Хто будзе крэдытаваць беларускую эканоміку? — Кітай. Праблемы з экспартам драўніны: хто нам дапаможа? — Кітай.
Так і хочацца сказаць: «Спадарства, а вы ў Кітая спыталі?»
У Беларусі, па чутках, практычна спыніўся «Нафтан», таму што ці не ўся яго прадукцыя ішла ва Украіну. Але навошта Кітаю прадукцыя падсанкцыйнага прадпрыемства, калі ён пампуе расійскую нафту па прамым трубаправодзе — 20 млн тон на год? Пра тое, што Кітай дае выключна «звязаныя» крэдыты, але пасля 2020-га фактычна перастаў выдаваць Сінявокай і іх, не пісаў толькі лянотны. І ўжо тым больш, навошта Кітаю вазіць беларускі лес з, па вялікім рахунку, другога краю свету, калі ў яго пад бокам — ці не бясконцая сібірская тайга?Незразумела, каго нашы чыноўнікі супакойваюць спасылкай на Кітай — сябе, ці ўсіх астатніх. Бо кожнаму, хто мае ўяўленне пра геаграфію, зразумела: гэта «за лыжку яды сем вёрстаў хады».
Да чаго прыводзіць гэткае «хаванне ў бульбу», — зразумела. Да неадэкватнай ацэнкі сітуацыі і «жыцця ў тэлевізары», калі па замове ўладаў ствараецца прыгожая прапагандысцкая карцінка, а вераць ёй, найперш, самі ўлады. І атрымліваецца, што яны такім чынам падсілкоўваюць свае ўяўленні пра свет, а гэтыя ўяўленні маюць мала агульнага з рэальнасцю.
Напрыклад, яшчэ адна нарада, якая адбылася ў Лукашэнкі ў чацвер — нарада з Міністэрствам абароны. На ёй кіраўнік даручыў вывучыць досвед «ваеннай аперацыі» ва Украіне, і пры гэтым звыкла казаў пра нейкіх «наймітаў», якія шарохаюцца каля ўкраінска-беларускай мяжы і «нарошчванне груповак ля заходняй мяжы Беларусі».
Не, калі Лукашэнка мае на ўвазе розныя ЧВК «Вагнер» ды сірыйцаў, якія, па чутках, наняла Расія для вайны ва Украіне, то гэта зразумела. Але цікава тады, як яны трапілі на ўкраінска-беларускую мяжу? Ці не з тэрыторыі Беларусі? А калі ён называе «наймітамі» Замежны легіён тэрытарыяльнай абароны, які ўтварыў Зяленскі, то ў іх, прабачце, цяпер іншыя клопаты, далёкія ад бадзяння ля Сінявокай.
А чаму такое ўспрыманне? Таму што Лукашэнка дзесяцігоддзямі палохаў нас «баевікамі з Украіны». Палохаў, палохаў і напалохаў. Толькі не нас, а сябе. І настолькі ўбіў у мозг гэтую «пагрозу», што не можа ад яе цяпер пазбавіцца пры ўсёй яе відавочнай нягегласці і абсурднасці.
А тым часам Еўракамісія забараніла пастаўляць у Беларусь банкноты еўра — гэта азначае, што нашы прадпрымальнікі завязуць апошнія партыі тавараў з Польшчы і Літвы, і больш паставак не будзе, бо не будзе за што новыя пастаўкі аплаціць. А тым часам ад банкаўскай сістэмы SWIFT адключаюць тры беларускія банкі: «Дабрабыт» (належыць Нацбанку), Банк Развіцця ды Белаграпрамбанк. Гэта значыць, яны фактычна не змогуць разлічвацца з замежнымі партнёрамі. А тым часам Нацбанк Беларусі на Захадзе падпаў пад тыя ж санкцыі, што і Цэнтрабанк Расіі: яму забаронена ажыццяўляць аперацыі «звязаныя з упраўленнем рэзервамі або актывамі, а таксама прадастаўленне дзяржаўнага фінансавання для гандлю і інвестыцый у Беларусі».
Па факце гэта азначае, што золатавалютныя рэзервы краіны сціснутыя, як мінімум, удвая. Згодна з данымі нашага ж Нацбанка, структура ЗВР на канец студзеня была такой:

  •     манетарнае золата — на суму $3,081 млрд (36,2%)
  •     актывы ў рэзервовых валютах — на $3,994 млрд (46,9%)
  •     СДР МВФ і рэзервовая пазіцыя ў МВФ — на $1,430 млрд (16,8%)
  •     іншыя актывы —на $19,0 млн (0,2%).

«Забарона аперацый з актывамі», — гэта значыць, што мы не зможам перавесці ані манетарнае золата, ані СДР МВФ у «жывую» валюту. Застаюцца толькі «актывы ў рэзервовых валютах», і тое толькі тыя, што знаходзяцца ў Беларусі, бо калі нешта з гэтага захоўваецца ў замежных банках, то яно таксама падпадае «пад арышт».
А Нацбанк працягвае валютныя інтэрвенцыі, каб утаймаваць курс беларускага рубля. А яшчэ ў нас наперадзе пасяўная, якая зазвычай «пыласосіць» грошы ў дурных аб’ёмах.
І гэта больш важна, чым міфічныя «найміты» на мяжы з Украінай.
Так што заплюшчваць вочы ў спадзяванні, што, калі іх адкрыеш, усё страшнае знікне, канешне, можна. Але час сталець — жыццё іх расплюшчыць усё роўна.