Заява Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) адносна палітычных падзей ў Беларусі

Шаноўныя браты-беларусы на Бацькаўшчыне! Мы, беларусы Амерыкі, сябры Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, уважліва сочым за палітычнымі падзеямі ў Беларусі.

baza_3.jpg

У такі надзвычайны час, час пандэміі, кожны чалавек асабліва адчувае крохкасць чалавечага жыцця, але ж пры гэтым асабліва адчуваецца і яго важнасць. Калі ўвесь цывілізаваны свет змагаецца з каронавірусам, у Беларусі адбываецца амаль поўнае ігнараванне пандэміі, якая забірае многія жыцці, і ў той жа час назіраецца імклівае разгортванне перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі.
Мы ўбачылі, што беларусы, стомленыя ад панавання абразлівай і ілжывай улады, праявілі сваю нязгоду з антычалавечнай палітыкай дзяржаўнага кіраўніцтва і па ўсёй краіне праходзяць масавыя пратэсты супраць выбараў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Мы, беларусы Амерыкі, падтрымліваем вас ў імкненні да сапраўдных дэмакратычных выбараў і з надзеяй глядзім на ўздым палітычнай актыўнасці грамадзян па ўсёй краіне. Пажыўшы ў іншай краіне, паглядзеўшы на сябе з боку, мы добра ўсвядомілі, што працавіты, талерантны, культурны беларускі народ заслугоўвае лепшай долі, каб жыць у годнай незалежнай краіне і самастойна абіраць дзяржаўнае кіраўніцтва.
Мы падтрымліваем вас у пратэстах супраць прэзідэнцкіх выбараў, у якіх прымае ўдзел Лукашэнка, і якія праводзяцца ва ўмовах існавання наладжанай сістэмы фальсіфікацыі галасавання.
Сумесныя шматлікія акцыі пратэсту дазволілі вам стаць побач і адчуць сілу агульнай волі народа. Наступае час скіраваць гэтую волю на дасягненне мары пра годнае жыццё ў дэмакратычнай незалежнай краіне. Не дазвольце сабе падмануцца, як 26 гадоў таму, пайсці па шляху, які нам навязала старая сістэма, надводнай вяршыняй якой ёсць прэзідэнцтва Лукашэнкі, бо гэта шлях ратавання самой гэтай згубнай сістэмы.
Мы верым, што беларускі народ здольны абраць іншы, лепшы шлях для сябе.
Сябры, толькі вашымі сіламі можна адмяніць гэтыя фальшывыя выбары, пазбавіцца ад дыктатарскай улады і пачаць будаваць новае жыццё ў нашай краіне.
Верым, Можам, Пераможам!
Жыве Беларусь!
Нью-ЁркЧэрвень 2020