224-ты дзень вайны. Пра што маўчыць Украіна — тое расказвае Расія

Сабралі галоўнае, што адбылося ва Украіне ў ноч на 5 кастрычніка і раніцай.

1f519373_92d1659bcc467c5f2a5beab3822c135d.jpg


У ранішняй зводцы ўкраінскага генштаба звестак пра новыя змены лініі фронту не ўтрымліваецца. Але ўлады Украіны звычайна даюць кансерватыўныя ацэнкі таго, што адбываецца, і аддаюць перавагу паведамленням пра поспехі войска са спазненнем, тлумачачы гэта неабходнасцю падтрымліваць «рэжым цішыні» і сакрэтнасці.

Затое незвычайную карту ўчасткаў баявых дзеянняў «выкаціла» расійскае Міністэрства абароны. З яе вынікае, што па стане на 4 кастрычніка расійскія войскі практычна цалкам выйшлі з Харкаўскай вобласці і адступілі на поўначы Херсонскай вобласці.

Згодна з прадстаўленай картай, у Харкаўскай вобласці пад кантролем Расіі засталася зусім невялікая тэрыторыя на паўночны ўсход ад пасёлка Двурэчнае. Днём раней Мінабароны сцвярджала, што пад кантролем Расіі знаходзіцца ўся тэрыторыя вобласці на ўсход ад ракі Аскол.

З гэтага вынікае, што з 3 да 4 кастрычніка УСУ вызвалілі прыкладна дзве траціны падкантрольных Расіі тэрыторый вобласці.

Журналісты таксама звярнулі ўвагу на адступленне расійскіх войскаў на поўначы Херсонскай вобласці. Днём раней лінія фронту на карце праходзіла ў раёне паселішчаў Давыдаў Брод, Дабранка і Залатая Балка. 4 кастрычніка расійскае Мінабароны засведчыла, што пад кантролем расійскага войска знаходзіцца тэрыторыя прыкладна да лініі паміж Давыдавым Бродам і Дудчанамі.

Такім чынам, лінія фронту ў рэгіёне зрушылася на поўдзень прыкладна на 30 кіламетраў. Гэта адступленне нават больш істотнае, чым сведчаць расійскія вайсковыя блогеры.

photo_2022_10_04_16_46_39_cnyrq.jpg


Прычыну такога адступлення патлумачыў Інстытут вывучэння вайны (ISW). Па іх звестках, элементы 126-й брыгады берагавой абароны Чарнаморскага флоту дзейнічалі ў гэтым раёне без ратацыі яшчэ з сакавіка. Лінія фронту настолькі тонкая, што некаторыя населеныя пункты на гэтым участку абараняюць 15 чалавек, адзначаюць эксперты. У той жа час абарона 20-кіламетровай лініі фронту патрабуе 500 чалавек з разліку прыкладна 20 метраў на чалавека.

Рускія батальёны на Херсоншчыне размяшчаюцца так: адзін салдат на 60 метраў лініі фронту.

«Разам з эфектыўнымі ўкраінскімі наступальнымі аперацыямі гэта збольшага тлумачыць хуткі тэмп краху Расіі на гэтым участку», — рэзюмуюць аналітыкі.

Расійцы двойчы за ноч ударылі меркавана іранскімі дронамі-камікадзэ «Шахід-136» па горадзе Белая Царква, які знаходзіцца амаль за 200 кіламетраў ад беларускай мяжы і амаль за 400 кіламетраў ад лініі фронту на поўдні.

Увогуле за мінулыя суткі акупанты нанеслі дзевяць ракетных і шэсць авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі больш за 56 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ад варожых удараў пацярпелі больш за 27 населеных пунктаў, у тым ліку Харкаў, Краматорск, Бахмут і Гуляйполе.

МУС Украіны ў аўторак абвясціла, што ў суткі затрымлівае на вызваленых тэрыторыях Харкаўскай вобласці да 40 падазраваных у супрацоўніцтве з акупантамі. МУС таксама сцвярджае, не называючы лічбаў, што паліцыя «ледзь не штодня» затрымлівае расійскіх жаўнераў, якія блукаюць па лясах пасля вераснёўскага адступлення.

«З-за голаду яны выходзяць да населеных пунктаў, дзе іх затрымліваюць супрацоўнікі МУС, і, прытрымліваючыся Жэнеўскіх канвенцый, папаўняюць абменны фонд», — заявіла МУС.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай зводцы-аналізе працягвае разбіраць спрэчкі паміж рознымі радыкальнымі фракцыямі «рускага міра», якія вырваліся на паверхню з-за паражэнняў на ўкраінскіх франтах.

ISW вылучае тры асноўныя такія фракцыі: вайсковыя блогеры і карэспандэнты, былыя вайскоўцы і частка сілавікоў, якія маюць уласныя сілавыя рэсурсы (стваральнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў).

На думку ISW, Пуціну патрэбна падтрымка ўсіх гэтых трох фракцый, але з-за паражэнняў на фронце і беспарадку ў ходзе «частковай мабілізацыі» сярод іх, падобна, пачаліся сваркі.

Пуцін жа, як бачыцца амерыканскім аналітыкам, спрабуе ўтрымаць усіх у адной запрэжцы, выводзячы ваенных блогераў на дзяржтэлебачанне, дазваляючы «сілавікам» утрымліваць уласныя арміі і працягваць спробы наступаць пад Бахмутам і Данецкам, а таксама абвясціўшы мабілізацыю, якой даўно патрабавала ветэранская супольнасць.

Але ўсе гэтыя тры фракцыі дамагаюцца рознага падыходу да вядзення вайны, мяркуе ISW, і раскол паміж імі (а таксама апошнім часам і ўнутры фракцыі вайсковых блогераў і карэспандэнтаў) можа нават адбіцца на стабільнасці пуцінскага рэжыму.

«Пуцін не можа сабе дазволіць страціць падтрымку ніводнай з гэтых груповак і ў той жа час не можа і задаволіць усіх іх адначасова, а вайна тым часам коціцца далей, і расійскія войскі працягваюць несці страты, — пішуць эксперты ISW. — Шок ад паражэнняў у Харкаўскай вобласці і ў Лімане, узмоцнены частковай мабілізацыяй і яе дрэнным правядзеннем, выставіў гэты раскол сярод асноўных груп падтрымкі Пуціна на агляд усіх расійцаў. У іх нават можа зарадзіцца сумнеў, ці цалкам Пуцін кантралюе ўласных прыхільнікаў. Наступствы такога развіцця падзей цяжкапрадказальныя».

Паволде ВВС; Агенцтва; Карэспандэнт