264-ты дзень на вайне. Галоўнае
Калісьці гэтая рубрыка спыніцца, але не сёння. Што адбылося за ноч — чытайце ў падборцы.
Некалькіх журналістаў замежных СМІ пазбавілі акрэдытацый з-за парушэння правілаў працы ў зоне баявых дзеянняў, аб'явіў Генштаб УСУ.
У заяве гаворыцца, што журналісты, «ігнаруючы існуючыя забароны і перасцярогі, без узгаднення з адпаведнымі камандзірамі і службамі сувязяў з грамадскасцю вайсковых часцей ажыццяўлялі інфармацыйную дзейнасць у горадзе Херсон яшчэ да завяршэння стабілізацыйных мерапрыемстваў».
У якіх менавіта журналістаў былі адкліканы дазволы на працу, Генштаб не ўдакладніў. Па неафіцыйных даных, акрэдытацый былі пазбаўлены па меншай меры шасцёра журналістаў, у тым ліку тэлеканалаў «CNN» і «Sky News». Акрамя іх, у Херсоне працавалі здымачныя групы «Суспільне» і «Hromadske», уключэнне з Херсона транслявалі ў эфіры канала «Рада».
За мінулыя суткі УСУ адбілі атакі праціўніка ў Стэльмахоўцы, Белагораўцы, Навасёлаўскім Луганскай вобласці, а таксама ў Курдзюмаўцы, Вадзяным, Мар'інцы ў Данецкай вобласці.
За мінулыя суткі вораг нанёс чатыры ракетныя і 13 авіяцыйных удараў, здзейсніў каля 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ад абстрэлу, у ліку іншых, пацярпелі Харкаў і населеныя пункты Харкаўскай вобласці.
З 10 лістапада назіраецца «эвакуацыя» маёмасці Данецкага ўпраўлення чыгуначных дарог у горад Ілавайск. У Растове-на-Доне праводзяцца трэніроўкі насельніцтва па грамадзянскай абароне. У акупаванай частцы Запарожскай вобласці мясцовых жыхароў высяляюць з іх дамоў, каб размясціць расійскіх вайскоўцаў.
У Херсонскай вобласці задакументаваны больш за 400 ваенных злачынстваў пасля адыходу расійскіх войскаў, праваахоўныя органы выяўляюць на вызваленых тэрыторыях целы забітых — і грамадзянскіх, і ваенных. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце па выніках 263-га дня вайны.
Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Разнічэнка заявіў, што расійскія войскі ноччу зноў абстралялі Нікапальскі раён. «Білі па Марганецкай і Чырвонагрыгораўскай супольнасцях. Скіравалі туды больш за 60 снарадаў з «Градаў» і цяжкай артылерыі», — напісаў ён у тэлеграме, дадаўшы, што, паводле папярэдніх звестак, людзі не пацярпелі.
У Марганцы, па словах Разнічэнкі, пашкоджана лінія электраперадачы, якая сілкуе помпавую станцыю — 45 тысяч хатніх гаспадарак у самім Марганцы і навакольных пасёлках і сёлах засталіся без вады.
За суткі ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі яшчэ больш за 500 расійскіх акупантаў.
Як паведамляе Генштаб УСУ, агульныя баявыя страты ворага з 24 лютага склалі каля 81 тыс. 370 чалавек, з якіх 510 знішчаны за мінулыя суткі.
Таксама вораг страціў 2 тыс. 848 танкаў (8 за суткі), 5 тыс. 748 баявых браніраваных машын (6 за суткі), 1 тыс. 839 артылерыйскіх сістэм (2 за суткі), 393 рэактыўныя сістэмы залпавага агню.