265-ты дзень вайны. Расійцы вывезлі з Украіны больш за 10 тысяч дзяцей

Хутка будзе дзевяць месяцаў, як ва Украіне трывае вайна, развязаная пуцінскай Расіяй пры падтрымцы лукашэнкаўскай Беларусі. Апошнім часам начныя ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў амаль прыпыніліся. Эксперты звязваюць гэта з тым, што ў РФ проста не стае боепрыпасаў для далейшага разбурэння грамадзянскай інфраструктуры. 

1657348630_5092.jpg

Але дзе-нідзе абстрэлы ўсё ж адбываюцца. Так, учора ў прыгранічных раёнах Сумскай вобласці ўзарваліся 143 расійскія снарады, міны і ракеты.

«На працягу дня расійцы абстралялі сем абшчын. Ёсць разбураныя дамы і параненыя мясцовыя жыхары. Вораг ударыў па крытычнай інфраструктуры вобласці з САУ. Пашкоджаны вытворчыя памяшканні. Трое супрацоўнікаў параненыя, цяпер у лякарні», — паведаміў кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі.

У прыватнасці, у выніку абстрэлаў у Сярэдзіна-Будскай абшчыне пашкоджаны два дамы мірных жыхароў, крама і газаправод. Абышлося без ахвяр. Юнацкую абшчыну за дзень расійцы двойчы абстралялі з САУ.

З пачатку поўнамаштабнай вайны расійцы дэпартавалі з Украіны больш за 10,7 тысяч дзяцей. Міжнароднае гуманітарнае права класіфікуе такія дзеянні агрэсара як ваеннае злачынства.

Як паведамляе прэс-служба Офіса прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, пра гэта заявіла дарадца — упаўнаважаная прэзідэнта Украіны па правах дзіцяці і дзіцячай рэабілітацыі Дар'я Герасімчук на пасяджэнні ў фармаце відэаканферэнцыі Каардынацыйнай Рады Украіны па пытаннях абароны і бяспекі дзяцей з удзелам генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, амбасадараў краін G20 і праваабаронцаў. Усяго да мерапрыемства далучыліся больш за 100 чалавек.

Герасімчук адзначыла, што па стане на 14 лістапада, па даных дзяржаўнага партала «Дзеці вайны», у Расію з Украіны дэпартавана 10764 дзіцяці.

У сваю чаргу кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак падкрэсліў, што сустрэча павінна спрыяць хутчэйшаму спыненню масавых злачынстваў, якія РФ здзяйсняе ў дачыненні да сотняў тысяч украінскіх дзяцей.

«Наша мэта — спыніць гвалтоўную перадачу або дэпартацыю дзяцей з Украіны ў Расійскую Федэрацыю і прыняць усе неабходныя меры для іх бяспечнага вяртання і ўз'яднання сем'яў у адпаведнасці з інтарэсамі дзіцяці і міжнародным правам», — адзначыў Ярмак.

Ён дадаў, што міжнароднае права класіфікуе дэпартацыю дзяцей падчас канфлікту як ваеннае злачынства, і заклікаў прысутных актыўна распавядаць свету пра юных украінцаў і злачынствы Расіі супраць іх, прымаць меры для прадухілення новых злачынстваў.

На вайне ва Украіне загінуў грамадзянін Замбіі, асуджаны ў Расіі да 9,5 гадоў пазбаўлення волі. У МЗС краіны запатрабавалі тлумачэнняў.

Як адзначылі ў Міністэрстве замежных спраў Замбіі, 23-гадовы студэнт Лемехані Натан Ньірэнда вучыўся ў Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце, дзе вывучаў праектаванне ядзерных установак. У красавіку 2020 года ён быў асуджаны да 9,5 гадоў пазбаўлення волі ў Расіі.

«У сувязі з гэтым вельмі сумным развіццём падзей урад Замбіі патрабуе ад расійскай улады тэрмінова даць інфармацыю пра абставіны, пры якіх замбійскі грамадзянін, які адбываў турэмны тэрмін у Маскве, мог быць завербаваны на вайну ва Украіне і пасля гэтага загінуў», — падкрэсліў кіраўнік МЗС Замбіі Стэнлі Какубо.

У МЗС адзначылі, што замбіец загінуў на вайне 22 верасня 2022 года. Аднак дыпламатаў праінфармавалі аб смерці мужчыны толькі 9 лістапада.

Расійская Федэрацыя пасля адступлення з часткі Херсонскай вобласці, верагодна, паўторна ўвядзе войскі ў Данецкую вобласць. З-за гэтага ваенныя аперацыі на захадзе рэгіёна, вакол Бахмута і Данецка могуць стаць больш інтэнсіўнымі, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«Расійскія сілы, верагодна, даб'юцца поспехаў у гэтых раёнах у бліжэйшыя дні і тыдні, але наўрад ці гэтыя поспехі будуць значнымі ў аператыўным плане», — адзначаецца ў матэрыяле.

Крыніцы: Украінскія медыя.