350-ты дзень вайны. Украіна вярнула дзяцей, вывезеных у Расію

Расія працягвае абстрэльваць тэрыторыю Украіны. У яе відавочна заканчваюцца ракеты, але ўдары наносяцца — абы-куды. Уначы 8 снежня пацярпеў цэнтральны гарадскі парк у Харкаве.

Фота: Facebook Генштаба УСУ

Фота: Facebook Генштаба УСУ


У Сумскай вобласці за мінулыя суткі было зафіксавана 125 варожых прылётаў. Адзін з іх абярнуўся гібеллю жанчыны, паведамляе Сумская ваенная адміністрацыя. У выніку артабстрэлу вёскі Паўлаўка белапольскай абшчыны (20 прылётаў) і трапляння снарада ў прыватны жылы дом загінула мясцовая пажылая жанчына 1946 года нараджэння.

Усяго на працягу дня вораг здзейсніў абстрэлы Краснапольскай, Юнакоўскай, Белапольскай, Сярэдзіна-Будскай, Зноб-Наўгародскай, Шалыгінскай, Глухоўскай абшчын.

Расійцы ўвечары 7 лютага і ўначы 8 лютага атакавалі Харкаў. 7 лютага было зафіксавана траплянне ад 6 да 10 ракет С-300 у цэнтральнай частцы Харкава, па прамысловым аб'екце ў Кіеўскім раёне. Ноччу 8 лютага расійцы атакавалі Харкаў, пад абстрэламі апынуўся цэнтральны парк. Раніцай 8 лютага абстрэлы працягваліся, у горадзе паветраная трывога.

Як мяркуе вядучы аналітык, дырэктар па расійскіх даследаваннях Цэнтра ваенна-марскога аналізу ў Арлінгтоне (штат Вірджынія) Майкл Кофман, які сочыць за вайной, колькасць ракет, што выпускаюцца Расіяй падчас абстрэлаў (прыблізна раз у два тыдні), «пачынае зніжацца да той колькасці ракет, якія яны могуць вырабіць за месяц».

У ранішняй зводцы Генштаба УСУ адзначаецца, што за мінулыя суткі сілы абароны адбілі атакі ворага ў раёнах 22 населеных пунктаў у Данецкай і Луганскай абласцях.

Генштаб УСУ мяркуе, што расійскія войскі спрабуюць узяць пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці. «У раёнах Крамянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Вопытнага, Мар’інкі і Вугледара праціўнік нясе значныя страты. Асабліва ў жывой сіле», — гаворыцца ў зводцы. Па даных УСУ, за мінулыя суткі расійцы страцілі забітымі і параненымі каля 910 чалавек.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) — без змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак не выяўлена.

На думку спецыялістаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), расійскія войскі рыхтуюць наступ ва Украіне, для якога ім не хапае баявой моцы. Аналітыкі апублікавалі ацэнку Міністэрства абароны Вялікабрытаніі аб тым, што Масква спрабавала пачаць буйную наступальную аперацыю з пачатку студзеня 2023 года, але змагла ўзяць усяго некалькі сотняў метраў тэрыторыі за тыдзень.

Як гаворыцца ў справаздачы, такія павольныя тэмпы тлумачацца недахопам боепрыпасаў і манеўраных падраздзяленняў РФ, неабходных для паспяховага і хуткага наступу.

У той жа час спецыялісты паказалі, што Расія наўрад ці наросціць баявую моц, неабходную для істотнага ўплыву на зыход вайны, у той час як ваеннае камандаванне працягвае патрабаваць нерэалістычнага і маштабнага прасоўвання.

«Расійскае кіраўніцтва зноў плануе рашучы наступ на аснове памылковых здагадак адносна сваіх вайсковых магчымасцей і не мае баявой моцы, неабходнай для падтрымкі больш як адной буйной наступальнай аперацыі», — падкрэслілі ў Інстытуце вывучэння вайны.

Акрамя таго, эксперты назіралі, як Крэмль сігналізаваў аб падрыхтоўцы да наступу ў пачатку 2023 года, і прыйшлі да высновы, што час і прастора могуць перашкодзіць імклівым і шырокамаштабным прасоўванням Расіі, бо набліжаецца вясна, непрыдатная для манеўранай вайны.

Між тым, адзначаецца ў зводцы ISW, нават расійская нацыяналістычная інфармацыйная прастора працягвае выказваць занепакоенасць адносна няздольнасці Расіі правесці хуткую і шматпланавую вырашальную наступальную аперацыю ў пэўныя тэрміны.

128 дзяцей, прымусова вывезеных захопнікамі ў Расію, удалося вярнуць ва Украіну, паведаміла начальнік Дэпартамента абароны інтарэсаў дзяцей і процідзеяння гвалту Офіса генеральнага пракурора Украіны Юлія Усенка. «Украіна робіць усё магчымае, але, на жаль, гэтага недастаткова. Звыклыя інструменты дыпламатыі не дзейнічаюць, патрабаванні міжнароднага гуманітарнага права на агрэсара не дзейнічаюць, таму адзінага механізму не існуе, а тыпавыя правілы не працуюць. Наша задача — быць у пастаянным пошуку такіх шляхоў і быць у дыялогу з тымі, хто нас падтрымлівае», — сказала яна.

Паводле ВВС, «Карэспандэнт», РБК-Украіна, «Украінская праўда»