357-мы дзень вайны. Ва Украіне — цяжкія пазіцыйныя баі
Войскі РФ спрабуюць узяць пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці. Асноўныя намаганні расійскай арміі сканцэнтраваны на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках.
У ранішняй зводцы Генштаба УСУ адзначаецца, што за мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах больш як 20 населеных пунктаў. На Купянскім і Ліманскім кірунках пад абстрэлы трапілі больш за 20 населеных пунктаў, на Бахмуцкім — больш за 25, на Аўдзееўскім і Шахцёрскім — 30, на Запарожскім — больш за 20. На Херсонскім кірунку ад варожага артылерыйскага агню пацярпелі Херсон і раёны, больш за 30 населеных пунктаў.
Усяго за суткі 14 лютага праціўнік нанёс два ракетныя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры ў Данецкай вобласці і тры авіяцыйныя ўдары. Акрамя таго, зафіксавана 68 варожых абстрэлаў з РСЗА, у прыватнасці, па грамадзянскіх аб'ектах Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
«Высокай застаецца пагроза далейшых расійскіх авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны», — падкрэслілі ў Генштабе.
У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW) заўважылі, што некаторыя асобы на Захадзе выказваюць занепакоенасць адносна рашучасці Украіны ўтрымліваць Бахмут. У прыватнасці, газета «Washington Post» паведаміла, што амерыканскія спецыялісты па абаронным планаванні лічаць, што ўкраінскія сілы не здольныя адначасова абараняць Бахмут і пачаць вясновае контрнаступленне, а таму заклікалі Украіну аддаць прыярытэт вясноваму контрнаступленню, а не абароне Бахмута.
У ISW з такім аналізам не згодныя і працягваюць лічыць, што рашэнне Украіны абараняць Бахмут з'яўляецца стратэгічна абгрунтаваным.
«Абарона Бахмута змусіла Крэмль задзейнічаць значную частку ПВК «Вагнер» і значныя рэсурсы паветрана-дэсантных сіл для падтрымкі знясільвальнага наступу. Украінская абарона Бахмута аслабіла значныя расійскія сілы і, імаверна, створыць спрыяльныя ўмовы для будучага ўкраінскага контрнаступлення», — пішуць эксперты Інстытута.
Калі б расійскія войскі ўзялі Бахмут без значнага супраціву з боку Украіны, яны маглі б разлічваць на пашырэнне аперацый такім чынам, каб прымусіць Украіну будаваць паспешлівыя абарончыя пазіцыі на менш спрыяльнай мясцовасці. «Такім чынам, абарона Бахмута і стварэнне Украінай умоў для контрнаступлення з'яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі, а не ўзаемавыключальнымі мерамі, улічваючы, што расійскія войскі працягнулі б свой наступ за межамі Бахмута, калі б Украіна здала горад раней», — лічаць у ISW.
Паводле звестак Генштаба УСУ, у вёсцы Чырвоны Золак Сімферопальскага раёна, якая знаходзіцца ў Крыме, мясцовы крэматорый кругласутачна спальвае загінулых акупантаў. Такім чынам расійцы спрабуюць схаваць свае страты.
«Каля мясцовага крэматорыя назіраецца пастаянная чарга з ваенных аўтамабіляў колькасцю да 10 адзінак. Гэтымі грузавікамі акупанты прывозяць загінулых расійскіх вайскоўцаў і наймітаў», — пішуць у Генштабе УСУ і адзначаюць, што праз гэта крэматорый не аказвае паслуг для цывільных.
Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыюс у інтэрв'ю «ARD» дапусціў, што Германія абмяркуе пастаўкі знішчальнікаў Украіне — але праз тры-чатыры месяцы.
Пра тое, што пастаўка заходніх самалётаў Украіне пакуль не абмяркоўваецца, казаў да Пісторыюса і канцлер Германіі Олаф Шольц, але раней заходнія палітыкі не называлі тэрмінаў, калі могуць пачаць весці пра гэта паўнавартасныя перамовы.
Паводле ВВС, РБК-Украіна, «Карэспандэнт», «Украінская праўда»