378-мы дзень вайны. Прыгожын аддае належнае ўкраінскім абаронцам

На пачатку чарговага — 378-га — дня вайны ва Украіне сабралі апошнія звесткі з франтоў: не толькі ваенных, але і палітычных.

Фота: СЛОВО І ДІЛО

Фота: СЛОВО І ДІЛО


Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы 8 сакавіка вельмі сцісла паведамляе пра абстаноўку на фронце. Паводле яго, украінскія вайскоўцы за мінулыя суткі адбілі больш за 100 нападаў Расіі на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках, а таксама ў раёнах Арэхава-Васільеўкі, Дубава-Васільеўкі, Бахмута, Каменкі, Аўдзееўкі і Мар'інкі Данецкай вобласці.

Заснавальнік наёмніцкай групы «Вагнер» Яўген Прыгожын заявіў, што ўзброеныя сілы Украіны працягваюць люта абараняць Бахмут, за горад кругласутачна ідуць найцяжэйшыя баі.

Раней ваенныя эксперты выказвалі здагадкі, што асноўныя ўкраінскія часткі рыхтуюць арганізаваны адыход з Бахмута на новыя рубяжы абароны або ўжо ажыццяўляюць яго, а замест іх у горад уводзяцца мабільныя атрады сіл спецыяльных аперацый, якія змогуць прыкрыць адвядзенне асноўных частак і на працягу яшчэ нейкага часу не дазволяць суперніку ўзяць горад пад поўны кантроль.

Па сцвярджэнні Прыгожына, цяпер у Бахмуце знаходзяцца ад 10 да 20 тысяч байцоў УСУ.

«І ўдзень, і ўначы ідуць найцяжэйшыя баі, але ўкраінцы нікуды не збягаюць», — прыводзіць ТАСС словы Прыгожына, распаўсюджаныя ягонай прэс-службай.

Напярэдадні па выніках пасяджэння Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага Украіны, прысвечанага ў тым ліку абстаноўцы ў Бахмуце, было прынята рашэнне на карысць працягу абароннай аперацыі і далейшага ўзмацнення пазіцый УСУ ў горадзе.

Са слоў Прыгожына, расійскія сілы ў Бахмуце адчуваюць на сабе напоўніцу «злосць Зяленскага», а боепрыпасы і ўзбраенне ва УСУ не сканчаюцца.

Паводле ацэнак аналітыкаў NATO, страты расійскіх войскаў і наймітаў, якія штурмуюць Бахмут, складаюць 5 да 1 у дачыненні да ўкраінскіх; са слоў іншых вайсковых экспертаў, розніца ў суадносінах можа быць яшчэ вышэйшай.

Яшчэ ў пятніцу Прыгожын заяўляў, што яго падраздзяленні практычна захапілі Бахмут, у панядзелак ён таксама казаў, што «мы працягваем біць украінскія сілы пад Бахмутам».

На думку экспертаў з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), бахмуцкая бітва можа сур'ёзна падарваць лепшыя сілы наёмніцкай групоўкі, і яе заснавальнік Яўген Прыгожын, відаць, асцерагаецца, што Мінабароны Расіі вядзе бітву за Бахмут да апошняга байца «Вагнера».

Графіка: Генштаб УСУ

Графіка: Генштаб УСУ


Той жа Інстытут вывучэння вайны ў чарговым бюлетэні ацэньвае перспектывы ўзяцця расійцамі Бахмута і пярэчыць прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, які ў аўторак сказаў, што «пасля Бахмута дарога на іншыя гарады Украіны на Данецкам кірунку будзе адкрытая».

Паводле ацэнкі ISW, расійскія войскі проста не маюць магчымасці развіць тактычны поспех у выглядзе захопу Бахмута да аператыўнага ўзроўню, і неўзабаве пасля гіпатэтычнага ўзяцця горада іх наступ дасягне кульмінацыі (гэта значыць, сілы для працягу наступу скончацца).

Эксперты падкрэсліваюць, што ад Бахмута ў розных напрамках адыходзяць дзве дарогі — Т0504 на Канстанцінаўку на захад, і Е40 на Славянск і Краматорск на паўночны захад. Наступы ў абодвух напрамках не будуць адзін аднаго ўзаемна падтрымліваць, і расійскаму камандаванню давядзецца абіраць нейкі адзін асноўны напрамак, каб мець хоць нейкі шанец на поспех. Акрамя таго, украінскія сілы пабудавалі магутныя ўмацаванні ўздоўж абедзвюх дарог, па шматлікіх маршрутах, што вядуць глыбока ў тыл.

А ў расійскіх войскаў ужо не хапае бронетэхнікі, і «штурмавыя атрады» ў Бахмуце цяпер дзейнічаюць па спрошчанай тактыцы і, хутчэй за ўсё, не маюць навыкаў манеўранага бою.

У той жа час ISW у зводцы згадаў і Беларусь. Інстытут змяняе структуру паведамленняў пра нашу краіну, бо напад Расіі ці Беларусі на паўночную Украіну ў пачатку 2023 года надзвычай малаверагодны. Таму паведамленні ISW больш не будуць уключаць контріндыкатары для такога наступу.

Канешне, ISW працягне штодня паведамляць аб назіранай расійскай і беларускай вайсковай актыўнасці ў Беларусі, але гэта не з'яўляецца паказчыкам таго, што расійскія і беларускія сілы рыхтуюцца да немінучага нападу на Украіну з Беларусі. ISW зменіць ацэнку, калі будуць якія-небудзь недвухсэнсоўныя прыкметы таго, што Расія ці Беларусь рыхтуюцца напасці на поўнач Украіны.

Каардынатар Савета Бяспекі Белага дома Джон Кірбі падчас прэс-брыфінгу таксама адзначыў, што ў Злучаных Штатаў няма даных, якія маглі б пацвердзіць гатоўнасць беларускіх войскаў прыняць непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне.

«Мы не бачылі ніякіх прыкмет таго, што беларускія войскі або беларускі ўрад плануюць больш адчувальна падтрымліваць Расію ў плане задзейнічання ўласных сіл у вайне ва Украіне», — адзначыў чыноўнік. Аднак Кірбі адзначыў, што беларускі рэжым Лукашэнкі ўжо аказваў прамую падтрымку расійскай агрэсіі.

«Расійцы працягваюць выкарыстоўваць Беларусь як плацдарм і як месца, адкуль яны могуць і працягваюць наносіць удары па Украіне», — дадаў прадстаўнік Белага дома.

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак паведаміў пра чарговы абмен палоннымі. З расійскага палону вярнуліся 126 мужчын і 4 жанчыны. Гэта воіны УСУ, Нацгвардыі, пагранічнікі. Сярод іх — 97 абаронцаў Марыупаля, 71 з якіх — з «Азоўсталі», зазначыў Ярмак.

Акрамя таго, са слоў Ермака, сярод абмяняных — 35 байцоў, якія трапілі ў палон на Данецкім кірунку, у тым ліку ў Саледары і пад Бахмутам. Большасць абмененых параненыя і знясіленыя.

Паводле звестак Мінабароны РФ, Расія ў выніку гэтага абмену вярнула 90 сваіх вайскоўцаў.

Паводле «Карэспандэнт»; ВВС; «Украінская праўда»; РБК-Украіна