392-і дзень вайны. Украіна атрымае моцную зброю, а ПВК «Вагнер» будзе сур’ёзна аслаблена

Расійцы працягваюць абстрэлы гарадоў Украіны — гэтым разам без асаблівага поспеху. І не могуць прасунуцца ў раёне Бахмута. Між тым Захад дае Украіне больш моцную зброю, а ў ЗША заклікаюць даць яшчэ мацнейшую.

Фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота: facebook.com/GeneralStaff.ua


Генштаб УСУ

Як паведамляе Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны, напрацягу 21 сакавіка сілы абароны Украіны адбілі 114 нападаў праціўніка на 5 напрамках — Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім. На іх Расія вядзе наступальныя дзеянні, на іншых — абараняецца, зазначылі ў Генштабе УСУ.

«Расійскі агрэсар не перастае ігнараваць законы і звычаі вайны, абстрэльвае населеныя пункты, а таксама аб'екты крытычнай інфраструктуры. За мінулыя суткі акупанты нанеслі 10 ракетных і 32 авіяцыйныя ўдары, а таксама здзейснілі 90 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці, па грамадзянскіх аб'ектах. Пагроза нанясення ўдараў застаецца па ўсёй тэрыторыі Украіны», — адзначаюць ва ўкраінскім Генштабе.

Гэтай ноччу Расія зноў спрабавала атакаваць гарады Украіны. Згодна Генштабу УСУ, падчас паветранай атакі ворага ўначы 22 сакавіка ўкраінскія абаронцы знішчылі 16 расійскіх беспілотнікаў з 21, а таксама дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59.

Прычым сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі ўсе варожыя цэлі вакол Кіева, паведаміла Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя.

«На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без значных змен, фарміраванне наступальных груповак праціўніка не выяўлена. Вышэйшае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь працягвае падтрымліваць узброеную агрэсію РФ, прадастаўляе сваю інфраструктуру для падрыхтоўкі падраздзяленняў праціўніка. Вораг захоўвае ваенную прысутнасць у прыгранічных раёнах», — піша Геншаб УСУ.

337424767_2517072415127773_7933231488821751195_n.jpg


Інстытут вывучэння вайны

Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) прадказваюць невясёлую будучыню ПВК «Вагнер». Па іх меркаванні, у бліжэйшыя тыдні ваенная кампанія можа страціць большую частку наймітаў з ліку завербаваных зняволеных — у іх заканчваюцца шасцімесячныя ваенныя кантракты.

У Інстытуце адзначылі, што, паводле ацэнак Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, тысячы асуджаных «вагнераўцаў», якія былі завербаваны восенню 2022 года, будуць памілаваны і вызвалены, бо ПВК, падобна, прытрымліваецца свайго абяцання вызваляць асуджаных пасля шасці месяцаў службы.

Мінабароны Вялікабрытаніі прагназуе, што адток асуджаных пагоршыць кадравы дэфіцыт «Вагнера», паколькі Крэмль заблакіраваў ПВК магчымасць у далейшым набіраць зняволеных. А 27 студзеня Пуцін здзейсніў прэвентыўнае памілаванне расійскіх асуджаных, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне.

«Крэмль, імаверна, наўмысна санкцыянаваў абнародаванне інфармацыі аб датэрміновым памілаванні, каб заахвоціць больш асуджаных «Вагнера» вызваліцца пасля заканчэння тэрміну іх кантрактаў і яшчэ больш аслабіць сілы ПВК Прыгожына», – рэзюмавалі эксперты ISW.

Таксама ў ISW зазначаюць, што Расія, падобна, стварае ўмовы для выкарыстання Савета Бяспекі ААН у якасці пляцоўкі для дэманстрацыі сілы напярэдадні ўступлення Расіі на пасаду старшыні СБ ААН у красавіку.

Пастаянны прадстаўнік Расіі ў ААН Васіль Нябензя заявіў у аўторак, што Масква плануе правесці нефармальнае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН у пачатку красавіка для абмеркавання «рэальнай сітуацыі з украінскімі дзецьмі, вывезенымі ў Расію». Паводле яго слоў, Расія планавала правесці пасяджэнне да выдачы Міжнародным крымінальным судом ордараў на арышт Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.

«Заява Нябензі, а таксама лютая рэакцыя на абвінавачанні Міжнароднага крымінальнага суда з боку расійскіх афіцыйных асоб гучаць у той момант, калі прызначаныя Крамлём чыноўнікі акупацыйных адміністрацый працягваюць садзейнічаць дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію», — пішуць эксперты.


Зброя

Намесніца міністра абароны Брытаніі Анабэль Голд заявіла, што Лондан перадасць Украіне снарады са збедненым уранам, прызначаныя для танкаў «Challenger 2», дадаўшы, што брытанская армія выкарыстоўвае гэты матэрыял у сваіх снарадах «на працягу дзесяцігоддзяў».

«Гэта стандартны кампанент, які не мае нічога агульнага з ядзернай зброяй або патэнцыялам», — заявілі ў Мінабароны Брытаніі.

У той жа час група амерыканскіх сенатараў-рэспубліканцаў накіравала прэзідэнту ЗША Джо Байдэну ліст з просьбай даць Украіне касетныя боепрыпасы.

«Мы звяртаемся да вас з заклікам неадкладна даць Узброеным сілам Украіны касетныя боепрыпасы, такія, як удасканаленыя звычайныя боепрыпасы падвойнага прызначэння (DPICM), — гаворыцца ў лісце. — Наступствы адмовы ў прадастаўленні DPICM і іншых сродкаў УСУ выяўляюцца сёння на полі бою ў Бахмуце і іншых месцах».

Рэспубліканцы лічаць, што прадастаўленне боепрыпасаў у спалучэнні з іншай ваеннай падтрымкай дапаможа ўкраінцам працягнуць выцясненне расійскіх войскаў з тэрыторыі краіны.

Прымяненне касетных боепрыпасаў забаронена ў многіх краінах свету, якія падпісалі адпаведную канвенцыю. Расія, Украіна і ЗША да яе не далучыліся.

У жніўні мінулага года ААН паведамляла пра сотні абстрэлаў касетнымі боепрыпасамі з боку расійскіх войскаў, а таксама некалькіх выпадках іх прымянення ўкраінскімі вайскоўцамі. «Выкарыстанне касетных боепрыпасаў падчас вайны ва Украіне — абуральнае грэбаванне да чалавечага жыцця і гуманітарных прынцыпаў», — адзначала арганізацыя.

Паводле РБК-Україна, ВВС, «Карэспандэнт», «Украінская праўда»