419-ы дзень вайны. Пуцін касплэіць Зяленскага, Бахмут не здаецца

У Бахмуце Данецкай вобласці трываюць цяжкія баі. Гэты горад, ужо амаль разбураны акупантамі, застаецца самым гарачым месцам вайны, якую развязала Расія на тэрыторыі Украіны.

Фота: unian.net

Фота: unian.net

Найміты ПВК «Вагнер» за апошнія суткі дамагліся некаторых поспехаў у Бахмуце, прасунуўшыся на поўнач ад трасы Т0504 Канстанцінаўка — Часовы Яр — Бахмут уздоўж галоўнай чыгункі ў горадзе.

Пра гэта гаворыцца ў свежай зводцы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Там адзначылі, што, па некаторых даных, штурмавыя атрады, якія, верагодна, адносяцца да сіл Вагнера, захапілі два кварталы на паўночным захадзе і ў цэнтры Бахмута. Аднак, як адзначылі аналітыкі, што гэта за кварталы, пакуль не ўстаноўлена.

У справаздачы адзначаецца, што цяпер ідуць баі за кантроль над чыгункай у цэнтры Бахмута. А кадравыя расійскія вайскоўцы вядуць пазіцыйныя баі на поўнач ад горада.

Кіраўнік вагнераўцаў Яўген Прыгожын паспрабаваў апраўдаць павольнае прасоўванне сваіх наймітаў у межах Бахмута, верагодна, у спробе націснуць на Мінабароны РФ з мэтай актывізаваць пастаўкі артылерыйскіх снарадаў. Ён заявіў, што «патрабуецца не менш за 6000 снарадаў на працягу неўстаноўленага перыяду часу, каб прасоўвацца больш чым на 100-200 м у дзень», гаворыцца ў зводцы ISW. Акрамя таго, Прыгожын заявіў, што сілы ПВК панясуць меншыя страты, калі атрымаюць больш снарадаў.

Нягледзячы на заявы акупантаў украінскія вайскоўцы працягваюць утрымліваць частку Бахмута. На днях у ISW паведамілі, што з мэтай захопу горада кадравыя вайскоўцы РФ нават пайшлі на супрацоўніцтва з вагнераўцамі, з якімі раней канфліктавалі.

Фота: УСУ

Фота: УСУ

Украінскія вайскоўцы за мінулыя суткі адбілі больш за 70 нападаў расійцаў. Пра гэта гаворыцца ў чарговай зводцы Генеральнага штаба УСУ.

Адзначаецца, што на Запарожскім і Херсонскім напрамках акупанты абараняюцца, а на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім спрабуюць весці наступ. 

«На працягу сутак на названых участках фронту адбіта больш за 70 нападаў праціўніка. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба УСУ.

Пад абстрэламі акупантаў апынуліся населеныя пункты Сасноўка, Папоўка і Іскрыскаўшчына Сумскай вобласці, а таксама Акоп, Байрак, Ваўчанск, Ахрымаўка і Несцерна ў Харкаўскай вобласці.

На Купянскім кірунку расійцы паспрабавалі весці наступ паблізу Сінькоўкі, але беспаспяхова. Варожым абстрэлам падвергліся Таполі, Краснае Першае, Навамлінск, Двурэчная і Заходняе Харкаўскай вобласці.

Кірыл Буданаў. Фота: unian.net

Кірыл Буданаў. Фота: unian.net

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў запэўніў, што ўкраінскі план вызвалення акупаванага Крыма паступова рэалізуецца. У інтэрв'ю NV Буданаў у чарговы раз пацвердзіў свой прагноз адносна таго, што УСУ зойдуць у Крым вясной гэтага года. Паводле яго слоў, да канца вясны 2023-га яшчэ дастаткова шмат часу. Зрэшты, канкрэтыкі ён пазбег.

«У мяне яшчэ ёсць прамежак часу... У нас усё ідзе па графіку. Давайце паглядзім, як будуць развівацца падзеі ў бліжэйшы час», — сказаў Буданаў, адзначыўшы, што іншых прагнозаў па вызваленні Крыма ў яго няма.

Як адзначае unian.net, Кірыл Буданаў не раскідваецца прагнозамі адносна вайны, але часам агучвае рэзанансныя рэчы. Большасць яго прагнозаў спраўджвалася. Напрыклад, 29 кастрычніка ён спрагназаваў, што аперацыя па дэакупацыі Херсона працягнецца да канца лістапада.

1 кастрычніка Буданаў казаў, што ўзімку вайна сціхне, а вясной Украіна вызваліць свае тэрыторыі. А ў пачатку лістапада заявіў, што надыходзіць вырашальны перыяд вайны. У снежні начальнік ГУР МА таксама заявіў, што Украіна верне часова акупаваны Крым камбінаваным шляхам — ваеннай сілай і дыпламатыяй.

У разведцы тлумачылі, што гэтыя прагнозы грунтуюцца на разведданых, аналізе абстаноўкі на полі бою і міжнароднай сітуацыі.

Уладзімір Пуцін нібыта на тэрыторыі Украіны. Скрыншот з расійскіх паблікаў

Уладзімір Пуцін нібыта на тэрыторыі Украіны. Скрыншот з расійскіх паблікаў

Тым часам Уладзімір Пуцін зноў паспрабаваў касплэіць Уладзіміра Зяленскага. Раней, калі прэзідэнт Украіны рэгулярна наведваў перадавую, расійскі дыктатар адседжваўся ў бункеры. Цяпер Пуцін зрэдку прыязджае ў зону баявых дзеянняў. Прынамсі, пра гэта паведамляе расійская прапаганда.

Цяпер паведамляецца пра візіт Пуціна на Херсоншчыну і Луганшчыну. У Луганскай вобласці яго  сустракаў генерал-палкоўнік Лапін.

Сцвярджаецца, што на Херсонскім кірунку Пуцін наведаў штаб групоўкі войскаў «Днепр», дзе заслухаў даклады камандуючага ПДВ генерал-палкоўніка Цяплінскага і камандуючага групоўкай генерал-палкоўніка Макарэвіча, а таксама папрасіў вайскоўцаў выказаць меркаванне аб становішчы на Херсонскім і Запарожскім кірунках і абмяняцца інфармацыяй.

Пасля штаба «Днепр» на Херсонскім кірунку Пуцін нібыта высунуўся ў так званую «ЛНР», у штаб Нацыянальнай гвардыі «Усход».

Напярэдадні Пуцін сустракаўся з міністрам абароны Сяргеем Шайгу, заявіўшы аб «выразных прыярытэтах прымянення Узброеных сіл на ўкраінскім кірунку».

Паводле ўкраінскіх медыя.