473-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Цяжкасці і страты першых баёў на поўдні нельга экстрапаляваць на ўвесь контрнаступ — ISW
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначыў, што цяпер украінская армія спрабуе ажыццявіць надзвычай складаную тактычную аперацыю — правесці лабавую атаку на падрыхтаваныя абарончыя пазіцыі пры адсутнасці перавагі ў паветры.
«Нядзіўна, што ўкраінскія сілы нясуць страты ў першапачатковых нападах на адны з найбольш падрыхтаваных расейскіх сіл ва Украіне», — падкрэсліваюць у ISW.
Аналітыкі папярэджваюць, што першапачатковыя атакі і выбраныя кадры з падбітай украінскай тэхнікай, якія актыўна публікуюцца расейцамі, «не з'яўляюцца рэпрэзентатыўнымі для ўсіх украінскіх аперацый».
******За мінулыя суткі расейскія акупанты нанеслі чарговы ракетна-авіяцыйны ўдар па Украіне, ужыўшы 8 ракет, у прыватнасці, 4 крылатыя ракеты наземнага базавання «Іскандэр», і 35 іранскіх ударных БПЛА тыпу «Shahed» па ваенных аб'ектах і аб'ектах крытычнай інфраструктуры, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны знішчаныя 2 крылатыя ракеты і 20 ударных БПЛА тыпу «Shahed».
Акрамя таго, вораг нанёс 92 авіяцыйныя ўдары і здзейсніў 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. На жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, разбураныя і пашкоджаныя прыватныя дамы.
Верагоднасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца вельмі высокай.
Праціўнік і ў далейшым засяроджвае асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей, працягваюцца цяжкія баі. За мінулыя суткі на паказаным участку фронту адбылося 35 баявых сутыкненняў.
*****З-за адсутнасці юрыдычнай нормы адносна канчатковых тэрмінаў праходжання ваеннай службы па мабілізацыі ў расійскай арміі, адсутнасці значных дасягненняў на поле бою і распаўсюджання панічных настрояў адносна будучых перспектыў, сярод расійскіх мабілізаваных пачасціліся выпадкі невыканання загадаў, сабатажу, нестатутных узаемаадносін, а таксама дэзерцірства, адзначае Генштаб УСУ. Для развязання гэтых праблем начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл РФ прыняў пастанову, згодна з якой камандзірам злучэнняў і вайсковых частак загадана выяўляць і камандзіраваць такіх асоб у штурмавыя роты для далейшага выкарыстання іх у так званых «мясных штурмах».
*****
Мінабароны РФ хоча забраць у Прыгожына «ПВК Вагнер»
Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу загадаў усім расейскім «добраахвотніцкім фармаванням» да 1 ліпеня 2023 года падпісаць кантракт з Мінабароны.
******
Кахоўскую ГЭС падарвалі для ўскладнення дэакупацыі Херсоншчыны і перакідання войскаў на іншыя напрамкі — Ганна Маляр
Як паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр, стала вядома, што праціўнік перамяшчае свае найбольш баяздольныя часткі з Херсонскага напрамку, у прыватнасці, падраздзялення марпехаў, ПДВ і 49 арміі.
Таму мэта падрыву Кахоўскай ГЭС, па яе словах, становіцца відавочнай. Так, улічваючы страты і абмежаванасць у рэзервах і разумеючы няздольнасць стрымаць украінскае контрнаступленне, праціўнік такім чынам вырашыў звузіць магчымую геаграфію актыўных дзеянняў УСУ.
Падарваўшы ГЭС, рускія планавалі не дапусціць наступу на Херсонскім кірунку і вызваліць рэзервы для перакідання на Запарожскі і Бахмуцкі. Акрамя таго, такім чынам расейцы спрабуюць адцягнуць частку сіл абароны Украіны на ліквідацыю тэхнагеннай катастрофы, тым самым спрабуючы звесці на нішто дэакупацыю левабярэжнай Херсоншчыны.
Новыя дыверсіі ў РФ
У Белгародскай вобласці ноччу адбылася чарговая дыверсія на чыгунцы, у выніку якой з рэек сышлі 15 грузавых вагонаў.
Губернатар Гладкоў сцвярджае, што цягнік быў пусты і ішоў да станцыі аднаго з прадпрыемстваў. У выніку сыходжання ніхто не пацярпеў, а прычыны надзвычайнага здарэння ўдакладняюцца.
А ў Калужскай вобласці РФ упалі невядомыя беспілотнікі. Папярэдне, адзін выявілі ў Медынскім раёне каля пасёлка Каляева, а другі — у Жукоўскім, каля вёскі Стралкоўка.
Сітуацыя на Херсоншчыне
Затопленая Херсоншчына, фота Paul Itkin
Як адзначыў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін, на правым беразе Херсоншчыны вада патроху адступае. Раніцай яе ўзровень складаў 4 метры 19 сантыметраў. За ноч ён знізіўся на 26 сантыметраў. На правабярэжжы падтопленымі застаюцца 32 населеныя пункты, эвакуяваныя 2716 чалавек.
У левабярэжжы сітуацыя больш складаная: хуткасць спаду вады паменшылася, а эвакуацыя грамадзянскіх правалена.
«Акупанты адбіраюць у людзей лодкі і аплываюць затопленыя дамы, забіраючы ацалелую маёмасць. Расійская тактыка тэрору і рабавання ў чарговы раз выявілася», — адзначыў кіраўнік Херсонскай АВА.
Акрамя таго, РФ не дала доступ прадстаўнікам ААН на акупаваныя тэрыторыі для дапамогі пацярпелым ад паводак.
Са слоў сталага прадстаўніка Украіны ў ААН Сяргея Кісліцы, ён і ягоныя калегі ў Нью-Ёрку заклікалі РФ даць такі доступ, аднак са слоў намесніка генеральнага сакратара арганізацыі ў гуманітарных пытаннях Марціна Грыфітса, ад расейскага амбасадара пры ААН не было станоўчай рэакцыі.
Пра херсонскія кавуны і памідоры можна забыць
Сёлетні ўраджай кавуноў на затопленых тэрыторыях практычна змыла, а катастрофа на Кахоўскай ГЭС знішчыла сістэму арашэння правага і асабліва левага берагоў вобласці. З-за тэрарыстычнага акту расейцаў 94% зямель Херсоншчыны засталіся без вады, а ў наступным годзе яны могуць ператварыцца ў пустыні.
«Весці сельскую гаспадарку ў тым выглядзе, як яна была да падрыву ГЭС, будзе немагчыма. На аднаўленне арашальнай сістэмы спатрэбяцца гады і велізарныя грошы», — лічыць кіраўнік грамадскай арганізацыі «Зялёны ліст» Балінскі.
*****
У Херсонскай вобласці забароняць купанне ў вадаёмах, а таксама лоўлю і продаж рыбы
Канцэнтрацыя шэрагу шкодных рэчываў у пробах вады ў дзясяткі разоў перавышае дапушчальную норму. У калодзежах і адкрытых вадаёмах на затопленых тэрыторыях могуць апынуцца хімікаты, а таксама ўзбуджальнікі інфекцыйных хвароб з могілак і звалак.
Экалагічная катастрофа
У Чорным моры зафіксавалі зніжэнне салёнасці вады амаль у 3 разы. Таксама выяўлена перавышэнне ўзроўню жалеза. Замеры праводзіліся ў Адэсе ў Новай Дафінаўцы, на пляжы Ланжэрон і на 16 ст. Вялікага Фантана.