484-ты дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час
Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка заявіў у інтэрв'ю Financial Times, што транзіт расійскага газу праз тэрыторыю Украіны можа спыніцца да канца 2024 года, бо шанцы Кіева і Масквы дамовіцца, каб падоўжыць пяцігадовы кантракт на транзіт газу, які быў падпісаны ў 2019 годзе, невялікія.
Навіны вайны
Уначы расіяне атакавалі Украіну з паветра ракетамі Х-22, Х-47 “Кінжал” і ўдарнымі дронамі Shahed-136/131. Пра гэта паведаміла камандаванне Паветраных сіл Украіны. У прыватнасці, з бамбавікоў Ту-22М3 з акваторыі Азоўскага мора РФ здзейсніла пускі трох крылатых ракет Х-22, з МіГ-31К — трох аэрабалістычных ракет Х-47 “Кінжал”. Ракеты не дасягнулі сваіх цэляў у Днепрапятроўскай вобласці. Таксама зафіксаваныя пускі чатырох іранскіх дронаў — тры БПЛА знішчаныя супрацьпаветранай абаронай.
Уначы расіяне атакавалі Адэскую вобласць дронамі Shahed — тры ўдалося знішчыць, адзін трапіў у складское памяшканне. Пажар аператыўна ліквідаваны, людзі не пацярпелі, паведаміла АК “Південь”.
На акупаванай Расіяй частцы Херсонскай вобласці колькасць загінулых пасля падрыву Кахоўскай ГЭС павялічылася да 46 чалавек, паведамілі расійскія экстранныя службы.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Часавым Яры), яшчэ шасцёра атрымалі раненні.
У Херсонскай і Запарожскай абласцях — па трое параненых.
У Харкаўскай вобласці — адзін чалавек атрымаў раненні.
Уначы расіяне ўдарылі ракетамі па жылым сектары ў Крыварожскім раёне — пашкоджаныя дзесяць прыватных дамоў, газаправод, вадаправод, лініі электраперадач. Таксама расійскае войска тройчы абстраляла з цяжкай артылерыі Нікапаль. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак.
Сілы абароны Украіны працягваюць наступ на Мелітопальскім, Бярдзянскім і Ліманскім кірунках. Пра гэта паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў. У напрамку Раўнаполь-Старамаёрскае УСУ мелі частковы поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
На Ліманскім кірунку Сілы абароны Украіны вялі наступальныя дзеянні ў напрамку населеных пунктаў Белагораўка і Дзіброва, мелі частковы поспех, замацоўваліся на дасягнутых рубяжах. Таксама ўкраінскія войскі працягваюць стрымліваць наступ расіян на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках.
«Асабліва цяжкія баі ідуць на Ліманскім кірунку ў раёнах на паўночны захад ад Дзіброва, каля Серабранскага лясніцтва і на поўнач ад Рыгораўкі Данецкай вобласці», — адзначыў Кавалёў.
Генштаб Украіны агучыў страты РФ паводле стану на раніцу 22 чэрвеня: асабовага складу — каля 222 650 (+650) чалавек.
Войска РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках, ідуць цяжкія баі. За суткі адбылося больш за 40 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце пракаментаваў сітуацыю на фронце так: «Жорсткія баі. Поўдзень — знішчаем ворага. Данетчына — знішчаем ворага. Купянскі кірунак — што б там ні планавалі расійскія тэрарысты, знішчым ворага. На поўдні — ёсць наш рух наперад. На ўсходзе — трымаем абарону. І асабліва ўдзячны за кожны збіты расійскі верталёт... кожнае такое збіццё — важнае».
Прарасійскі кіраўнік акупаванай Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда заявіў, што УСУ нібыта нанеслі ўдар па мастах на адміністрацыйнай мяжы паміж Херсонскай вобласцю і Крымам паблізу Чангара, пашкоджанае дарожнае палатно, ахвяр няма.
Дарадца «кіраўніка» Крыма Алег Кручкоў паведаміў, што ў сувязі з пашкоджаннем Чангарскага моста транспартныя плыні пераарыентавалі на пункты пропуску Армянск і Перакоп. Уладзімір Сальда заявіў таксама, што ўдар па мосце нібыта «на ходзе спецаперацыі ніякім чынам не адаб'ецца», а ў Крым «ёсць іншыя сухапутныя шляхі», «даўжэйшыя па часе, але ёсць».
Ноччу ў раёне Бярдзянска прагрымеў гучны выбух, які быў чутны нават за 50 кіламетраў. Як паведаміў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка са спасылкай на мясцовых жыхароў, было траплянне ў месца канцэнтрацыі расіян на базе адпачынку “Траянда” ў Азоўскім Бярдзянскага раёна. Пасля выбуху пачаўся пажар, зарыва назіралі больш за гадзіну.
Замежныя партнёры Украіны
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Кіеў атрымаў 45 самалётаў савецкай вытворчасці, большасць з якіх — знішчальнікі МіГ-29 і штурмавікі Су-25, паведамляе CNN. Асноўнымі пастаўшчыкамі такіх самалётаў сталі Польшча, Паўночная Македонія і Славакія. Перавага савецкіх самалётаў у тым, што ўкраінскія пілоты ўжо знаёмыя з гэтай тэхнікай, аднак перададзеныя мадэлі саступаюць расійскім Су-35.
Амерыканскія дэпутаты абедзвюх партый і палат парламента накіравалі Байдэну ліст, у якім заклікаюць даць Украіне на саміце ў Вільні «канкрэтны і дасягальны» механізм уступлення ў NATO.
Камітэт замежных спраў Палаты прадстаўнікоў ЗША падтрымаў двухпартыйную рэзалюцыю з заклікам да адміністрацыі Байдэна неадкладна даць Украіне ракеты ATACMS. Кіраўнік камітэта рэспубліканец Майкл Макол заявіў, што ракеты АТАСМЅ крытычна важныя для поспеху контрнаступлення Украіны, паколькі маюць радыус дзеяння больш за 300 кіламетраў, што дазваляе УСУ наносіць удары па акупаваных тэрыторыях. Двухпартыйнае ўхваленне гэтага ў Камітэце дазваляе вынесці рэзалюцыю на галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў. Дакумент таксама павінен быць узгоднены ў Сенаце.
Дзяржавы, якія ўваходзяць у так званую “кааліцыю знішчальнікаў”, разглядаюць Румынію як магчымае месца навучання ўкраінскіх лётчыкаў на F-16, піша Politico са спасылкай на крыніцы. Верагодна, навучанне будзе весці Кампанія Lockheed Martin, якая вырабляе F-16.
Група Сусветнага банка абвясціла пра наданне дадатковай фінансавай падтрымкі Украіне на суму 1,75 млрд долараў. Фінансаванне складаецца з гарантаванай Вялікабрытаніяй пазыкі СБ на суму 500 млн долараў, гранта на суму 1,25 млрд долараў ад ЗША і гранта на суму 15 млн долараў ад урада Фінляндыі.