699-ты дзень вайны. Раніцай РФ абстраляла Украіну ракетамі, чарговыя ахвяры

Раніцай 23 студзеня Расія здзейсніла чарговую ракетную атаку на ўкраінскія гарады.

Фота Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі

Фота Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі

Сёння, 23 студзеня, расійскія акупанты атакавалі Кіеў ракетамі. Наступствы закранулі некалькі раёнаў сталіцы. Як паведаміў мэр Віталь Клічко, у Святошынскім раёне загарэліся легкавыя аўто і будынак. Таксама была інфармацыя аб трапленні абломкаў на будынак дзіцячага садка.

У Пячэрскім раёне сталіцы адбылося трапленне ў нежылы будынак. Туды выехалі экстранныя службы.

«Паводле інфармацыі на дадзены момант, пяцёра пацярпелых па розных адрасах у Саломенскага раёне сталіцы», — напісаў Клічко.

Пазней з’явіліся паведамленні пра 7 пацярпелых, уключаючы 13-гадовага падлетка.

Праз нейкі час кіеўскія ўлады распавялі пра падзенне абломкаў ракеты на дах шматпавярховага жылога дома і на тэрыторыю дзіцячага садка. Да пажараў і разбурэнняў гэта не прывяло.

Яшчэ пазней, паводле ўдакладненых звестак, было паведамлена пра адну загінулую жанчыну ў выніку ранішняга расійскага абстрэлу.


Фота з фэйсбука Сяргея Болвінава

Фота з фэйсбука Сяргея Болвінава

Расійскія акупанты таксама нанеслі ўдар па Харкаве і вобласці, у прыгарадзе абласнога цэнтра ёсць чатыры «прылёты». Пазней стала вядома, што РФ ударыла па жылым шматпавярховым доме ў Кіеўскім раёне Харкава, і пад заваламі людзі. Потым стала вядома, што ў выніку ўдараў па горадзе ёсць ахвяры.

У выніку атакі ў прыватным сектары пашкоджаныя жылыя дамы, папярэдне вядома, што пацярпела жанчына, і ёсць аскепкавыя раненні ў дзяцей, напісаў у фэйсбуку кіраўнік Следчага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення Нацпаліцыі ў Харкаўскай вобласці Сяргей Болвінаў.

«У іншым раёне расійцы разбурылі санаторную школу для хворых дзяцей. Адна з ракет трапіла ў газаправод. На месцах працуюць усе службы. Таксама вораг абстраляў аздараўленчы лагер у Балаклее. Папярэдне — дзвюма ракетамі С-300», — адзначыў ён.


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

З прычыны масіраванай ракетнай атакі расійскіх захопнікаў па Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласці загінуў адзін чалавек. Пра гэта раніцай паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

«Яшчэ аднаму мужчыну медыкі зараз аказваюць усю неабходную дапамогу! Ён жывы», — заявіў кіраўнік АВА.


Фота УСУ

Фота УСУ

За мінулыя суткі, 22 студзеня, паміж Узброенымі сіламі Украіны і расійскай акупацыйнай арміяй адбылося 68 баявых сутыкненняў. Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы, на Купянскім кірунку сілы абароны адбілі чатыры атакі ў раёне населенага пункта Сінькоўка Харкаўскай вобласці.

На Ліманскім кірунку акупанты атакавалі каля Тэрнаў Данецкай вобласці і яшчэ здзейснілі пяць спробаў штурмаў паблізу Макееўкі, Белагораўкі, Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці. Поспеху не мелі. На Бахмуцкім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 7 нападаў непадалёк Багданаўкі, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці.

«На Аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы акупантам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 10 нападаў праціўніка ў раёнах Стэпавага, Аўдзееўкі і яшчэ сем нападаў каля Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці», — дадалі ў Генштабе.

На Мар'інскім кірунку вяліся баі непадалёк Георгіеўкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці. УСУ адбілі 21 атаку. На Запарожскім кірунку акупанты здзейснілі адну няўдалую спробу штурму ў раёне Рабоцінага.

«На Херсонскім напрамку сілы абароны па-ранейшаму працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма. Нягледзячы на значныя страты, вораг не пакідае спробаў выбіць нашы падраздзяленні з займаных пазіцый. За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў адзін беспаспяховы штурм пазіцый украінскіх войскаў», — распавялі ў ведамстве.


Фота reuters

Фота reuters

Расія выкарыстоўвае Раду Бяспекі ААН для прасоўвання ўласных інфармацыйных аперацый, каб пераканаць міжнародных партнёраў Украіны не аказваць ёй вайсковую дапамогу.

Як нагадаў Інстытут вывучэння вайны (ISW), 22 студзеня Расія склікала пасяджэнне Рады бяспекі ААН. Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў абвінаваціў краіны Захаду ў адмове ад перамоваў, сцвярджаючы, што Крэмль заўсёды быў гатовы да дыялогу.

Паводле слоў Лаўрова, РФ зацікаўлена выключна ў перамовах аб адхіленні дзеючага ўкраінскага ўрада ад улады. Такім чынам ён пацвердзіў, што Масква ўсё яшчэ афіцыйна імкнецца да змены ўлады ў Кіеве.

«Лаўроў працягваў адмаўляць незалежнасць і суверэнітэт Украіны, памылкова сцвярджаючы, што ўкраінскі народ не мае інтарэсаў у вайне супраць Расіі і што Захад падштурхнуў Украіну да працягу вайны. Кіраўнік МЗС Расіі параіў Захаду зразумець, што «формула міру» прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага — гэта шлях у нікуды. Ён таксама сцвярджаў, што чым хутчэй Захад рэалізуе гэта, тым лепш будзе і для Украіны, і для Захаду», — адзначаюць аналітыкі.

Таксама падчас пасяджэння прадстаўнік РФ сцвярджаў, што «калі Украіна перастане біцца, сотні тысяч украінскіх жыццяў будуць выратаваныя». У Інстытуце вывучэння вайны дадалі, што Лаўроў і раней агучваў падобныя меседжы, маючы на ўвазе, што расійцы могуць акупаваць больш тэрыторыі падчас вайны і што гэта яшчэ больш аслабіць перамоўную пазіцыю Украіны.

У той жа час расійскі міністр адмаўляў адказнасць Крамля за асцярогі, што РФ можа напасці на NATO ў будучыні, ігнаруючы апошнія трывожныя афіцыйныя заявы Масквы.

Лаўроў абвінавачваў украінскіх вайскоўцаў у правядзенні ўдараў па акупаванай Расіяй тэрыторыі, якія Крэмль выкарыстаў для падтрымкі сваіх апраўданняў вайны.

Кіраўнік МЗС спрабаваў пераконваць, нібыта «расійцы і ўкраінцы будуць жыць гэтак жа, як браты і добрыя суседзі» пасля таго, як Расія дасягне сваіх мэтаў, якія ISW ацэньвае як капітуляцыю Украіны і краін Захаду. Эксперты перакананыя, што РФ імкнецца пасеяць нестабільнасць і сфармаваць інфармацыйныя ўмовы для верагодных будучых агрэсіўных дзеянняў супраць членаў NATO і іншых постсавецкіх дзяржаў.

«Як мяркуецца, такім чынам Масква прасоўвае гэтыя крамлёўскія наратывы на сусветнай арэне, каб пераканаць міжнародных партнёраў спыніць прадастаўляць Украіне зброю», — адзначаецца ў справаздачы ISW.