748-мы дзень вайны. Расійскія ДРГ, якія ваююць на баку УСУ, зайшлі на тэрыторыю РФ, ідуць баі

Легіён «Свабода Расіі», Рускі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён зайшлі ў Курскую і Белгарадскую вобласці РФ у межах сумеснай аперацыі. Ідуць баі.

Скрыншот unian.net

Скрыншот unian.net

Як паведаміў расійскі апазіцыянер Ілля Панамароў, памежны населены пункт Лазавая Рудка ў Белгародскай вобласці цалкам пад кантролем «вызваленчых сіл». У Тэткіна Курскай вобласці идзе стралковы бой. Пры гэтым афіцыйнай інфармацыі няма.

У небе над Курскам працавала супрацьпаветраная абарона. Пазней стала вядома пра збіццё ўкраінскага дрона. Таксама тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў Белгарадскай вобласці заўважаныя ўкраінскія танкі.


Між тым губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што беспілотнік скінуў на Белгарадскі раён чатыры выбуховыя прылады.

Акрамя таго, у ноч на 12 сакавіка ў расійскім горадзе Арол адбыўся сур'ёзны пажар на нафтабазе. Губернатар Арлоўскай вобласці Андрэй Клічкоў заявіў, што ў горадзе «адбылося падзенне» беспілотнага лятальнага апарата. А раніцай 12 сакавіка стала вядома, што дроны атакавалі нафтабазу ў Ніжагародскай вобласці. Як распавялі мясцовыя, на нафтабазе гарыць устаноўка па перагонцы нафты — так званая атмасферна-вакуумная трубчастка, якая з'яўляецца адной з ключавых для такіх прадпрыемстваў.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў у каментары «24 Каналу» пракаментаваў заход ДРГ на тэрыторыю РФ: «Легіён «Свабода Расіі», РДК і Сібірскі батальён на тэрыторыі РФ дзейнічаюць як самастойныя падраздзяленні, паколькі складаюцца з грамадзян РФ. Яны, урэшце, знаходзяцца ў сябе дома», — адзначыў Юсаў.

Ён пацвердзіў, што імаверна, цяпер адбываецца супольная аперацыя гэтых падраздзяленняў на тэрыторыі РФ.


Фота unian.net

Фота unian.net

На працягу сутак на фронце адбылося 72 баявыя сутыкненні. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Там адзначылі, што ў цэлым акупанты нанеслі восем ракетных і 114 авіяцыйных удараў, здзейснілі 107 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах.

У прыватнасці, на Купянскім кірунку РФ наступальных дзеянняў не вяла. А на Ліманскім кірунку УСУ адбіта 15 нападаў праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, Рыгораўка і Церны Данецкай вобласці.

На Бахмуцкім напрамку адбіта шэсць нападаў у раёнах населеных пунктаў Клешчыеўка, Андрэеўка, Ступачкі і на ўсход ад Часовага Яра Данецкай вобласці.

На Аўдзееўскім напрамку адбіта 16 нападаў у раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Арлоўка, Тоненькае, Першамайскае і Невельскае Данецкай вобласці.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Наваміхайлаўкі і Пабеды Данецкай вобласці, дзе расійцы пры падтрымцы авіяцыі 21 раз спрабавалі прарваць абарону УСУ.

На Арэхаўскім кірунку расійцы сем разоў атакавалі ўкраінскія пазіцыі ў раёнах Рабоціна, Старамаёрскага і на паўночны захад ад Вербавай Запарожскай вобласці.

На Херсонскім кірунку акупанты не адмаўляюцца ад намеру выбіць падраздзяленні УСУ з плацдармаў на левабярэжжы Дняпра. Там на працягу сутак адбылася адна спроба штурму пазіцый УСУ.

Фота wikimedia.org

Фота wikimedia.org

Расійскі абаронна-прамысловы комплекс (АПК) сутыкнецца з недахопам працоўнай сілы, скарачэннем запасаў, у тым ліку і праз санкцыі. З-за гэтага яго здольнасці стануць няўстойлівымі ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектывах.

Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Аналітыкі адзначылі, што расійскае вайсковае камандаванне мае намер стварыць «стратэгічны рэзерв» для наступальных аперацый вясной-летам, але не плануе абсталёўваць іх неабходнай колькасцю ўзбраення і тэхнікі праз узніклыя вытворчыя абмежаванні абаронна-прамысловага комплексу.

Паводле некаторых звестак, камандаванне расійцаў узброіць да канца года толькі 27-ю мотастралковую дывізію, якую цяпер фарміруюць на базе існай 21-й мотастралковай брыгады Цэнтральнай вайсковай акругі. Яна будзе ўзброеная на 87% і расійскае вайсковае камандаванне гэтак жа ўзброіць і іншыя новыя злучэнні і часткі.

Акрамя таго, як гаворыцца ў справаздачы, некалькі заходніх і ўкраінскіх чыноўнікаў і аналітыкаў адзначылі, што лічбы вытворчасці танкаў, пра якія паведамляе РФ, у асноўным адлюстроўваюць адноўленыя і мадэрнізаваныя танкі, узятыя са сховішчаў, а не новую вытворчасць.

Аналітыкі падкрэслілі, што расійскі АПК можа спраўляцца з цяперашнім тэмпам акупацыйных аперацый ва Украіне, але не зможа цалкам забяспечыць патэнцыйную наступальную аперацыю аператыўнага або стратэгічнага ўзроўню з выкарыстаннем ключавога рэзерву жывой сілы.

Даныя аб тым, што расійскія вайскоўцы ствараюць новыя недааснашчаныя часткі і злучэнні, супадаюць з ацэнкай ISW, што Расія аддае перавагу колькасці жывой сілы і тэхнікі якасці войскаў.

Паводле ацэнак ISW, выкарыстанне расійскім ваенным камандаваннем бягучых змяненняў для ўвядзення зноў створаных і недаўкамплектаваных фарміраванняў у баявыя дзеянні ва Украіне, верагодна, абмяжуе эфектыўнасць гэтых падраздзяленняў на полі бою, але гэтага будзе дастаткова для падтрымання бягучага тэмпу аперацый.

Пры гэтым у інстытуце падкрэслілі, што рост вытворчасці расійскага АПК не будзе ўстойлівым у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектывах, паколькі краіна і ў далейшым будзе пакутаваць ад недахопу працоўнай сілы, скарачэння запасаў узбраення і тэхнікі і няздольнасці цалкам кампенсаваць ваенныя тавары і тавары падвойнага прызначэння, якія яна больш не можа купляць праз санкцыі.


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

Кітай аказвае Расіі эканамічную і дапамогу ў забеспячэнні бяспекі ва ўмовах вайны супраць Украіны. У дакладзе амерыканскіх спецслужбаў паказана, што Амерыка сутыкаецца з «усё больш крохкім сусветным парадкам», напружаным з-за канкурэнцыі вялікіх дзяржаў, транснацыянальных выклікаў і рэгіянальных канфліктаў.

«Амбіцыйны, але трывожны Кітай, канфрантацыйная Расія, некаторыя рэгіянальныя дзяржавы, такія як Іран, і больш здольныя недзяржаўныя суб'екты кідаюць выклік даўно ўсталяваным правілам міжнароднай сістэмы, а таксама вяршэнству ЗША ў ёй», — гаворыцца ў дакладзе ЦРУ, піша Sky News.

Кітай аказвае дапамогу Расіі, падтрымліваючы яе прамысловасць. «Гандаль паміж Кітаем і Расіяй расце з пачатку вайны ва Украіне, а (кітайскі) экспарт тавараў з патэнцыйным вайсковым прызначэннем вырас больш чым у тры разы з 2022 года», — дадаецца ў дакладзе.

У сваёй частцы дакладу Аўрыл Хэйнс, дырэктар Нацыянальнай выведкі, таксама заклікала Кангрэс ухваліць павелічэнне вайсковай дапамогі Кіеву. Паводле яе слоў, «цяжка ўявіць, як Украіна» зможа ўтрымаць тэрыторыю, адваяваную ў маскоўскіх войскаў, без далейшай дапамогі з боку Вашынгтона.


Фота Getty Images

Фота Getty Images

Украінскія вайскоўцы спынілі наступ арміі Расіі на ўсходзе Украіны, заявіў у інтэрв'ю французскаму тэлеканалу BFM TV прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

Тэлеканал нагадаў, што 19 лютага ў сваім звароце Зяленскі казаў, што УСУ знаходзяцца ў «вельмі цяжкай сітуацыі» на некалькіх частках фронту. У інтэрв'ю BFM TV ён ацаніў сітуацыю на поле бою больш пазітыўна.

«Сітуацыя нашмат лепшая, чым была цягам апошніх трох месяцаў. У нас былі цяжкасці праз недахоп артылерыйскіх боепрыпасаў, паветранай блакады, расійскай дальнабойнай зброі і высокай шчыльнасці расійскіх дронаў», — прыводзіць цытаты Зяленскага канал.

Пры гэтым прэзідэнт Украіны адзначыў, што сітуацыя можа змяніцца праз «месяц ці тыдзень», калі УСУ не атрымаюць дастатковай падтрымкі. Каментуючы захоп Аўдзееўкі, Зяленскі сказаў, што расійскія войскі не захапілі горад, а цалкам разбурылі яго.

Прэзідэнт Украіны выключыў любое перамір'е, адказваючы на словы папы Рымскага Францыска, які заклікаў набрацца смеласці падняць белы сцяг і весці перамовы. «Для Пуціна перапынак — гэта кісларод. Гэта не перамовы, гэта спосаб аднаўлення баяздольнасці свайго войска і навучанне навабранцаў», — заявіў Зяленскі, дадаўшы, што Расія скарыстаецца перамір'ем, каб вырабляць больш боепрыпасаў.

Каментуючы заяву прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які ў канцы лютага не выключыў магчымасці адпраўкі заходніх войскаў ва Украіну, Зяленскі сказаў, што пакуль Украіна трымаецца, французскае войска можа заставацца ў Францыі.

«Але калі Пуцін пойдзе вайной на тую ці іншую краіну НАТО, тады краіны блока будуць вызначаць, як і ў якой колькасці адпраўляць ці не адпраўляць сваіх воінаў, свае войскі, баявыя брыгады і батальёны», — адзначыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, Украіна не мае патрэбы ў замежных войсках, але вітала б адпраўку інструктараў і тэхнічнага персаналу з краін, якія прадастаўляюць Кіеву ваенную дапамогу.