Актыўная фаза расійска-ўкраінскай вайны можа скончыцца ў 2025 годзе

Актыўная фаза расійска-ўкраінскай вайны можа скончыцца ў 2025 годзе. Такое меркаванне падчас «Украінскага сняданку» ў Давосе выказала першая віцэ-прэм'ер Украіны Юлія Свірыдзенка. Але, падобна, так не лічыць Пуцін: усе ўдзельнікі гэтага мерапрыемства хочуць прымусіць яго пайсці на мірныя перамовы. А вайна ва Украіне ідзе ўжо 1065-ты дзень.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

На фронце за мінулыя суткі зафіксавана 115 баявых сутыкненняў. Самыя шматлікія атакі расійцы праводзілі на Пакроўскім, Ліманскім, Тарэцкім і Купянскім кірунках, паведамляе ў зводцы 23 студзеня Генштаб УСУ.

Больш за палову наступальных дзеянняў расійцаў — 62 — было здзейснена на Пакроўскім кірунку. На Ліманскім кірунку войска РФ штурмавала 11 разоў, на Тарэцкім кірунку расійская армія здзейсніла 14 атак ля Тарэцка. На Купянскім кірунку за суткі войскі РФ атакавалі 7 разоў.

У Курскай вобласці Расіі УСУ за суткі адбілі 9 атак. Расіяне нанеслі 21 авіяўдар па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 34 кіраваных авіябомбы.

* * *

Аналітычны праект DeepState паведамляе пра тое, што расійцы акупавалі Новавасільёўку Данецкай вобласці, а таксама прасунуліся ў Вялікая Навасёлкі, Новаандрэеўцы, каля Часавага Яру. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

* * *

Паўночная Карэя мае намер разгарнуць новы вайсковы кантынгент у Расіі да сярэдзіны сакавіка 2025 года, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW). Новае разгортванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў захавае цяперашнія тэмпы пяхотных атак у Курскай вобласці, аднак новыя групоўкі салдат КНДР будуць несці не меншыя страты.

Пры гэтым аналітыкі ISW пацвярджаюць ранейшы прагноз, што пры цяперашніх тэмпах страт увесь ужо разгорнуты ў Расіі паўночнакарэйскі кантынгент можа быць забіты ці паранены ў баі прыкладна да сярэдзіны красавіка 2025 года. 

Як вядома, паўночнакарэйскія войскі прынамсі месяц вучыліся на ўсходзе Расіі перад разгортваннем у Курскай вобласці для далейшых вучэнняў у блізкім тыле ў лістападзе 2024 года і далучэннем да баявых дзеянняў у пачатку снежня 2024-га. Гэты графік прыблізна адпавядае магчымасці таго, што новы кантынгент паўночнакарэйскіх войскаў можа прайсці падрыхтоўку і замяніць групоўку ў Курскай вобласці да сярэдзіны красавіка 2025 года, — калі выказаць здагадку, што наступная партыя паўночнакарэйскіх войскаў будзе навучацца столькі ж часу, колькі і іх папярэднікі.

«Гэтыя новыя паўночнакарэйскія сілы наўрад ці змогуць істотна палепшыць расійскія аперацыі і, імаверна, сутыкнуцца з такімі ж высокімі стратамі і ўскладненнямі пры ўзаемадзеянні з расійскімі войскамі, як і цяперашні паўночнакарэйскі кантынгент, пры ўмове, што расійскае камандаванне працягне выкарыстоўваць паўночнакарэйскія войскі гэтак жа, як гэта рабіла дагэтуль», — гаворыцца ў паведамленні ISW.

* * *

У ноч на чацвер расійскія войскі атакавалі Украіну 4 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23 і 92 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і дронамі розных тыпаў, Паведамілі паветраныя сілы УСУ.

Па стане на 9:30 пацверджана збіццё 57 ударных БпЛА, яшчэ 27 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў (звычайна гэта адбываецца пад дзеяннем РЭБ).

Ракетны ўдар прыйшоўся на Запарожжа, у выніку ёсць загінулы і параненыя. У горадзе разбураныя і пашкоджаныя прадпрыемствы, установы, шматкватэрныя і прыватныя дамы.

* * *

474450145_961929749453437_7381100401453006069_n.jpg

* * *

На думку аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны (ISW) улады Расіі праводзяць інфармацыйную аперацыю датычна ўласнага насельніцтва, каб стварыць ілжывае ўражанне, што расійская эканоміка працуе добра, хоць шматлікія паказчыкі, у тым ліку і выдаткі на вайну супраць Украіны, сведчаць пра адваротнае.

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін падчас нарады ў эканамічных пытаннях 22 студзеня заявіў, што 2024 быў «моцным годам» для расійскай эканомікі. Нібыта Расія мае «кіраваны дэфіцыт бюджэту» ў 1,7 адсотка і дасягнула 26-адсоткавага павелічэння даходаў, не звязаных з нафтагазавым сектарам, а таксама абвясціў аб 9,5-адсоткавым павышэнні страхавых і вайсковых пенсій для пераадолення росту расійскай інфляцыі.

Мінфін РФ паведаміў, што даходы расійскага бюджэту ў снежні 2024 года дасягнулі рэкорднага ўзроўню ў больш за 4 трыльёны рублёў (блізу 40 мільярдаў долараў) — на 28 адсоткаў больш, чым у снежні 2023 года, і гэта самы высокі ўзровень, зафіксаваны з 2011 года.

Аднак, адзначаюць аналітыкі, гэтыя даныя не ўлічваюць непрымальны ўзровень расійскіх выдаткаў на абарону, нястрымную інфляцыю, растучы дэфіцыт і эрозію расійскага Нацыянальнага фонду дабрабыту.

Расійская эканоміка мае праблемы з недахопам працоўнай сілы, больш шырокімі дэмаграфічнымі праблемамі, памяншэннем зберажэнняў і растучай залежнасцю ад дапамогі, сутыкаецца з ростам працэнтных ставак, завышанымі заробкамі і пагаршэннем вытворчых магутнасцяў.

«Гэтыя эканамічныя рэаліі сведчаць, што намаганні Крамля па дэманстрацыі эканамічнай моцы ў значнай ступені з'яўляюцца інфармацыйнай аперацыяй, накіраванай на тое, каб супакоіць унутраную аўдыторыю і прадэманстраваць расійскую моц за мяжой, пры гэтым хаваючы сапраўдныя цяжкасці, з якімі сутыкнулася расійская эканоміка, асабліва вялікія ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны», — пішуць эксперты.

* * *

Актыўная фаза расійска-ўкраінскай вайны можа скончыцца ў 2025 годзе, мяркуе першая віцэ-прэм'ер Украіны Юлія Свірыдзенка. Пра гэта яна сказала падчас «Украінскага сняданку» ў Давосе. «Але, вядома, мы павінны весці перамовы аб гарантыях бяспекі і іх практычным укараненні», — дадала яна.

Як адзначыла Свірыдзенка, гарантыі бяспекі павінны быць складнікам будучай дамоўленасці, і «NATO тут лепшае рашэнне».

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас «Украінскага сняданку» заявіў, што Захад павінен так націснуць на Пуціна, каб той «маліў» аб мірных перамовах. «Калі мы задамо пытанне, якім чынам стымуляваць Пуціна, каб ён сеў за стол перамоваў аб міры, то адказ павінен быць такім. Мы павінны такія захады ўжыць, каб прымусіць Пуціна, каб ён маліў міру і маліў мірных перамоваў», — заявіў Дуда і адзначыў, што ён не жадае ўпрошваць Пуціна далучыцца да перамоўнага працэсу.

Сакратар NATO Марк Рутэ падчас «Украінскага сняданку» таксама адзначыў, што «Уладзімір Пуцін не мае права вета і голасу што да таго, хто будзе ўступаць у NATO у будучыні. Толькі калі ён сам захоча ўступіць у NATO, але я не думаю, што ён гэтага хоча», - заявіў генеральны сакратар.

Генеральны сакратар NATO адзначыў важнасць непаўторнасці сцэнару, як з Мінскімі пагадненнямі і заклікаў Захад прывесці Украіну да лепшай пазіцыі перад магчымымі перамовамі з Расеяй.

Нагадаем, што неўступленне Украіны ў NATO — гэта адно з патрабаванняў Уладзіміра Пуціна, якое паслужыла падставай для ўварвання ва Украіну.

* * *

Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыўс заявіў, што Расія можа напасці на краіны NATO у 2029-2030 гадах. 

«Ваенныя эксперты ўважліва сочаць за сітуацыяй у Расіі. Там актыўна развіваецца абаронная прамысловасць, вытворчасць танкаў і самалётаў значна павялічваецца, а колькасць узброеных сіл расце. Да 2026 года расійскае войска, імаверна, дасягне колькасці 1,5 млн жаўнераў», — адзначыў Пісторыўс. Паводле яго слоў, ёсць меркаванне, што да 2029-2030 гадоў Уладзімір Пуцін можа рэарганізаваць свае ўзброеныя сілы, каб стварыць умовы для магчымага нападу на краіны NATO.

«Да гэтага моманту мы павінны забяспечыць надзейную абарону. Гэта патрабуе часу і фінансавых рэсурсаў, але мы рашуча рухаемся да мэты», — падкрэсліў міністр.