Блінкен: ЗША «адаптуюць і карэктуюць» сваю пазіцыю адносна удараў амерыканскай зброяй па Расіі

Польшча, Францыя і Германія далучыліся да заклікаў дазволіць Украіне выкарыстоўваць заходнюю зброю па ваенных мэтах у Расіі. ЗША таксама мяняе стаўленне да выкарыстання заходняй зброі на тэрыторыі Расіі 

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Малдовы 29 мая 2024 г. Фота: Elena Covalenco/AFP

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Малдовы 29 мая 2024 г. Фота: Elena Covalenco/AFP

Польшча, Францыя і Германія  згодныя дазволіць Украіне выкарыстоўваць заходнюю зброю ў на тэрыторыі РФ

Расце колькасць заходніх палітыкаў, чыноўнікаў і экспертаў, якія адкрыта заклікаюць даць Украіне магчымасць наносіць удары з заходняй зброі па аб'ектах на тэрыторыі Расіі, піша www.holosameryky.com.

Пасля адпаведных заяваў генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнбэрга і вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы Жазэпа Барэля 29 траўня намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык заявіў у эфіры Radio Zet, што зброя, якую Польшча перадае Украіне, не мае абмежаванняў на выкарыстанне.

«Украіна мае права абараняцца, і яна мае права абараняцца так, як лічыць патрэбным. Я лічу, што заходнія краіны таксама павінны адмяніць гэтыя абмежаванні», — сказаў Томчык, словы якога цытуе Newsweek.

Заявы прадстаўніка Мінабароны Польшчы прагучалі пасля таго, як 28 траўня лідары Францыі і Германіі выступілі за абмежаваны дазвол Украіне «нейтралізаваць» ваенныя аб'екты на тэрыторыі Расіі з дапамогай заходняй зброі. Тым самым гэта ўзмацніла ціск на Вашынгтон, найбуйнейшага пастаўшчыка зброі ва Украіну, які да гэтага часу не згаджаўся на такі дазвол, паведамляюць міжнародныя СМІ.

«Украінскую зямлю атакуюць з баз у Расіі. Дык як мы растлумачым украінцам, што нам трэба абараняць гэтыя гарады і ўвогуле ўсё, што мы зараз бачым вакол Харкава, калі мы скажам ім, што вам забаронена біць па пункту, з якога запускаюцца ракеты?» — заявіў прэзідэнт Францыі. Пра гэта Макрон заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з канцлерам ФРГ Олафам Шольцам у нямецкім Мезебергу падчас афіцыйнага візіту французскага лідара ў Германію.

«Мы лічым, што мы павінны дазволіць ім нейтралізаваць ваенныя аб'екты, з якіх запускаюцца ракеты, ваенныя аб'екты, з якіх атакуюць Украіну, але мы не павінны дазволіць ім паражаць іншыя мэты ў Расіі, грамадзянскія або іншыя ваенныя аб'екты ў Расіі», — сказаў Макрон.

«Мы падтрымліваем Украіну і не хочам эскалацыі, гэта не змянілася», — таксама заявіў прэзідэнт Францыі.

Канцлер Шольц сказаў, што згодны з Макронам, і што пакуль Украіна паважае ўмовы пастаўшчыкоў зброі, у тым ліку ЗША, і міжнароднае права, яна можа абараняцца.

«У Украіны ёсць усе магчымасці, згодна з міжнародным правам, для таго, што яна робіць. Пра гэта трэба сказаць прама», — сказаў Шольц.

«Мне дзіўна, калі некаторыя сцвярджаюць, што яе нельга дазволіць абараняць сябе і прыняць для гэтага адпаведныя меры», — дадаў ён.

Глядзіце таксама

Пытанне выкарыстання заходняй зброі для паразы аб'ектаў на тэрыторыі Расіі падзяліла партнёраў Украіны. Так, Германія, у адрозненне ад Францыі і Вялікабрытаніі, баючыся эскалацыі вайны, пакуль адмаўляецца даць Кіеву нямецкія ракеты вялікай далёкасці Taurus, якія, як адзначае Reuters, патэнцыйна могуць даляцець да Масквы.

За некалькі дзён да супольных заяваў з Макронам канцлер Германіі выступіў супраць магчымага дазволу ўкраінскім вайскоўцам выкарыстоўваць нямецкую зброю для нанясення ўдараў па цэлях у Расіі.

«У нас ёсць дакладныя правілы, узгодненыя з Украінай адносна паставак зброі, якія мы рэалізавалі да гэтага часу. І яны працуюць. Прынамсі, гэта мая тэорыя», — заявіў Шольц на мерапрыемстве ў Берліне з нагоды 75-годдзя нямецкай канстытуцыі, або Асноўнага закона, цытуе Deutsche Welle.

Стаўленне да выкарыстання заходняй зброі на тэрыторыі Расіі паступова мяняецца і ў ЗША. Як адзначае ў сваім артыкуле аналітык The Washington Post Дэвід Ігнаціус, каб узмацніць падтрымку Украіны на фоне пагаршэння сітуацыі на ўсходнім фронце, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн цяпер разглядае «дзве новыя жорсткія контрмеры: пакараць Кітай за пастаўкі ключавых тэхналогій Маскве і зняцце абмежаванняў на выкарыстанне Украінай амерыканскай зброі малой далёкасці для нападаў унутры Расіі».

Глядзіце таксама

Блінкен: ЗША могуць «адаптаваць і скарэктаваць» сваю пазіцыю

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен не выключыў, што Злучаныя Штаты могуць «адаптаваць і скарэктаваць» сваю пазіцыю адносна дазволу Украіне наносіць удары з амерыканскай зброі па аб'ектах у Расіі.

Падчас свайго візіту ў Малдову 29 красавіка Блінкен, як піша Голас Амерыкі адзначыў, што пазіцыя ЗША будзе залежаць ад умоў на полі бою. Пры гэтым дзяржсакратар ЗША паўтарыў агучаную ім раней фразу аб тым, што ў цяперашні час ЗША «не робяць магчымым і не садзейнічаюць» нападам на Расію.

«Яшчэ адна вызначальная рыса нашай падтрымкі Украіны ўжо больш за два гады — гэта адаптацыя ў залежнасці ад таго, як змяніліся ўмовы, як змянілася поле бою, як змяніліся дзеянні Расіі з пункту гледжання таго, як яна вядзе сваю агрэсію, эскалацыю. Мы адаптаваліся ды прыстасаваліся, і я ўпэўнены, што мы працягнем гэта рабіць», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

На ўдакладняючае пытанне журналіста, ці азначаюць словы Блінкена, што ЗША могуць падтрымліваць атакі Украіны на тэрыторыю Расіі, ён адказаў: «адаптавацца і прыстасоўвацца — значыць менавіта гэта».

Блінкен дадаў, што Расія ў Харкаўскай вобласці «скарысталася тым, што прэзідэнцкі запыт аб дадатковым фінансаванні быў адкладзены ў Кангрэсе». Але цяпер, калі Узброеныя сілы Украіны пачалі атрымліваць зброю з нядаўна зацверджаных пакетаў дапамогі, «мы бачым рэальны эфект па стабілізацыі фронту», падкрэсліў амерыканскі дыпламат.

Дзяржсакратар ЗША таксама паведаміў, што неўзабаве на саміце NATO, які пройдзе 9-11 ліпеня, «вы ўбачыце вельмі моцныя вынікі для Украіны ў плане яе далейшай інтэграцыі ў NATO».

Глядзіце таксама

Мая Санду: »Падтрымка Украіны азначае таксама падтрымку Малдовы»

У сваю чаргу прэзідэнт Малдовы Мая Санду падзякавала ЗША за падтрымку Украіны. «Украіна абараняе мір тут, у Малдове», — дадала яна.

«Нашы суседзі і сябры ва Украіне кожны дзень плацяць неверагодна высокую цану за простае жаданне быць свабоднымі. Іх мужная барацьба — гэта насамрэч барацьба за нашу ўласную свабоду, супраць нашых страхаў. Вялікі дзякуй за падтрымку Украіны. Праз гэты супраціў, Украіна абараняе мір тут, у Малдове. А падтрымка Украіны азначае таксама падтрымку Рэспублікі Малдова», — сказала Санду.

З іншага боку, яна дадала, што суседзям Малдовы — Украіне і Еўрасаюзу «патрэбна моцная і дэмакратычная Малдова, якая будзе надзейным партнёрам, спрыяць бяспецы, а не шэрай зонай».

Нагадаем, каля 1500 расійскіх вайскоўцаў дыслакаваныя ў Прыднястроўі, сепаратысцкім рэгіёне Малдовы, які мяжуе з Украінай. Назіральнікі кажуць, што афіцыйныя асобы ЗША ўважліва сочаць за любымі прыкметамі таго, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць анексаваць гэту тэрыторыю. Расія афіцыйна заяўляе, што дамагаецца асаблівага статусу Прыднястроўя ў складзе Малдовы.

Дзяржсакратар ЗША, калі каментаваў унёсак Малдовы ў дапамогу Украіне, адзначыў, што гэтая краіна адыграла надзвычай важную ролю ў першыя тыдні вайны, калі 2,5-мільённая краіна прыняла каля мільёна ўкраінскіх бежанцаў.

Блінкен назваў Малдову «маленькай краінай з вялікім сэрцам», якая з пачатку вайны прыняла больш за мільён украінскіх бежанцаў, забяспечыўшы ім прытулак, працу, доступ да аховы здароўя і адукацыі.

Малдова таксама дапамагала Украіне з транспарціроўкай украінскага збожжа і тавараў, спрыяла падрыхтоўцы ўкраінскіх сапёраў і памежнікаў, дадаў Блінкен.