«Дэманстрацыйны ядзерны выбух»: Прапагандыст заклікаў Крэмль запалохаць Захад

Уладам Расіі неабходна рэзка ўзмацніць сваю «палітыку стрымлівання-застрашвання» і правесці «дэманстрацыйны ядзерны выбух» для таго, каб спыніць далейшае ўцягванне Захаду ў вайну ва Украіне. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле палітолага Дзмітрыя Суслава, апублікаваным у часопісе «Профіль».

Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Як піша аўтар у матэрыяле, названым «Час падумаць пра дэманстрацыйны ядзерны выбух», сітуацыя ва Украіне ідзе да таго, што ЗША і іх саюзнікі найбліжэйшым часам могуць дазволіць Кіеву атакаваць Расію з дапамогай заходняй зброі. Такое рашэнне выведзе канфлікт на новы ўзровень і будзе азначаць прамое ўступленне ЗША і НАТА ў вайну супраць Расіі, лічыць Суслаў:

«Страх Захаду перад эскалацыяй, які быў адносна вялікі ў пачатку СВО, паступова памяншаўся. Такім чынам, на Захадзе сфармавалася меркаванне: выдаткі ад паразы Кіева значна большыя, чым рызыкі прамога вайсковага сутыкнення з Расіяй у выніку дазволу выкарыстоўваць заходнія ўзбраенні для ўдараў углыб яе «старой» тэрыторыі. Усё гучней галасы тых, хто сцвярджае, што і гэтым разам Масква не будзе наносіць вайсковую шкоду непасрэдна краінам Захаду.

Гэтая логіка непазбежна вядзе да трэцяй сусветнай вайны. І калі прама цяпер не спыніць далейшае ўцягванне Захаду ў канфлікт на Украіне, то паўнавартасная, «гарачая» вайна Расіі і НАТА стане няўхільнай. Прычым, у сілу перавагі ЗША і НАТА ў галіне звычайных узбраенняў, гэтая вайна абавязкова пяройдзе на ядзерны ўзровень».

Глядзіце таксама

Паводле слоў Суслава, Масква павінна папярэдзіць краіны Захаду аб тым, што пакідае за сабой права наносіць удары па любых іх аб'ектах, а пры няядзерным удары Вашынгтона або НАТА па расійскай тэрыторыі павінна выкарыстоўваць ядзерную зброю.

«Для пацверджання сур'ёзнасці намераў Расіі і пераканання нашых апанентаў у гатоўнасці Масквы пайсці на эскалацыю варта падумаць аб правядзенні дэманстрацыйнага (гэта значыць не баявога) ядзернага выбуху. Палітыка-псіхалагічны эфект ад ядзернага грыба, які ў прамым эфіры пакажуць усе тэлеканалы свету, спадзяюся, верне заходнім палітыкам тое адзінае, што прадухіляла войны паміж вялікімі дзяржавамі пасля 1945 года і што яны цяпер па большай частцы страцілі, — страх перад ядзернай вайной», — гаворыцца ў заключэнні артыкула Суслава.

Глядзіце таксама

Нагадаем, Дзмітрый Суслаў з 2006 года працуе ў Вышэйшай школе эканомікі (ВШЭ), ён — старшы выкладчык факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі. Займае пасаду намесніка дырэктара Цэнтра комплексных еўрапейскіх і міжнародных даследаванняў ВШЭ, які ўзначальвае палітолаг Сяргей Караганаў, які раней заклікаў Крэмль нанесці прэвентыўны ядзерны ўдар па Польшчы.

Суслаў пазначаны таксама намеснікам дырэктара экспертнага няўрадавага Савета па знешняй і абароннай палітыцы (СВОП па-руску).

Глядзіце таксама

Таксама працуе адным з вядучых прапагандысцкага ток-шоу «Вялікая гульня» на Першым канале.

У чэрвені 2023 года палітолаг Сяргей Караганаў, разам з якім Дзмітрый Суслаў працуе ў ВШЭ і СВОП, апублікаваў у часопісе «Профіль» артыкул пад назвай «Цяжкае, але неабходнае рашэнне». Сярод іншага там гаварылася, што Расія для перамогі ва Украіне павінна нанесці «прэвентыўны ядзерны ўдар» па Еўропе, каб «зламаць волю Захаду».

На думку Караганава, гэта не прывяло б да глабальнай ядзернай вайны, бо ЗША не заступіліся б за саюзнікаў. Неўзабаве іншыя чальцы апублікавалі заяву, у якой выступілі супраць «прэвентыўнага ядзернага ўдару» з боку Расіі.

Глядзіце таксама

Паводле meduza.ioprofile.ru