Хацелі міру, атрымалі войны. 32 гады таму Беларусь, Украіна і Казахстан перадалі Расіі ядзерную зброю

Сёння — гадавіна Лісабонскага пратаколу. Дакумента, які падпісалі з найлепшых меркаванняў, але атрымалі найгоршыя наступствы.

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Амаль два з паловай года ва Украіне ідзе страшная вайна, і ўвесь гэты час палітыкі і эксперты ў гэтай краіне падкрэсліваюць: нападу з боку Крамля не было б, калі б у свой час Кіеў не адмовіўся ад ядзернай зброі.

Гэта адбылося 23 траўня 1992 года, калі ў Лісабоне было падпісанае адпаведнае пагадненне. Акрамя Украіны, ад стратэгічнага ядзернага арсеналу тады добраахвотна адмовіліся таксама Беларусь і Казахстан. Узбраенні былі перавезеныя ў Расію, якая была ў ліку падпісантаў дакументу.

З вялікім задавальненнем пратакол ухвалілі і ЗША — галоўны суб’ект той дамовы. Паводле яе ўмоў, Вашынгтон прафінансаваў Кіеву, Мінску і Алма-Аце праект пазбаўлення ад узбраенняў, а фактычна — выплаціў тром краінам шчодрую кампенсацыю за бяз’ядзерны статус.

Хацелі як лепш

Імкненне ЗША пазбавіць ядзерных боегаловак тры маладыя незалежныя дзяржавы ў цэлым падзяляла міжнародная супольнасць, і рацыя тут навідавоку. Свет ведаў, наколькі страшная гэтая зброя, і баяўся дапусціць яе распаўзання па краінах-кантынентах. Што з ёй захочуць рабіць гэтыя загадкавыя беларусы, украінцы і казахі, сказаць цяжка, таму лепей аддаць усё Маскве — і дамаўляцца аб невыкарыстанні толькі з ёй.

Лагічна? Цалкам, калі згадаць, што тагачасная РФ была больш-менш дэмакратычнай, абсалютна неваяўнічай, а яе прэзідэнт Барыс Ельцын ахвотна камунікаваў з Захадам.

Увогуле прастора былога СССР тады ўяўляла сабой самую небяспечную частку свету. У 1990 годзе першы і апошні прэзідэнт той краіны Міхаіл Гарбачоў атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, але яго намаганняў для «разрадкі напружанасці» магло і не хапіць. Так, ён вывеў войскі з Афганістана, нармалізаваў адносіны з краінамі Захаду, скончыўшы Халодную вайну, фактычна дэнансаваў Варшаўскі дагавор, вынікам чаго стала дэмакратызацыя краін Усходняй Еўропы… І так, ён асабліва не ўпарціўся, калі ў самім Савецкім Саюзе распачаліся цэнтрабежныя працэсы і вялікая краіна пачала трашчаць па швах.

СССР распаўся амаль бяскроўна, і ў гэтым сапраўды вялікая заслуга Гарбачова. Ён не быў па прыродзе сваёй душагубам і бачыў, што «краіна Саветаў» аджыла сваё, таму не кінуўся зацята «ратаваць» яе крывавымі войнамі супраць «мяцежных правінцый». Але нават пры гэтым кроў лілася — на Каўказе, у Балтыі, у Прыднястроўі, у Цэнтральнай Азіі.

Канешне, гледзячы на ўсе тыя межэтнічныя канфлікты, на Захадзе хваляваліся. Баяліся іх разрастання, з жахам думалі, што чыясьці дурная рука яшчэ і да чырвонай кнопкі дацягнецца. Таму імкненне лакалізаваць усе тыя кнопкі ў межах адной юрысдыкцыі было лёгка зразумець.

Атрымалася як найгорш

Прымаючы тыя рашэнні, Захад не ўлічыў аднаго — што Расія можа вярнуцца да ваяўнічай дыктатуры імперскага кшталту. Фактычна ўзнавіцца як СССР 2.0 ды яшчэ з велізарнай крыўдай на сусвет і рэвізіянісцкімі настроямі.

90-я гады ў РФ прынята лічыць «ліхімі», але ў сэнсе міжнароднай бяспекі гэта былі добрыя часы. Нягледзячы нават на вайну ў Чачні, якая была крывавай, але мела ўсё ж выключна лакальны характар. Паказальна, дарэчы: калі войскі Джахара Дудаева давалі моцны адпор «федэралам», у Маскве і думкі не ўзнікала, каб прыгразіць «сепаратыстам» тактычнай ядзернай боегалоўкай. З гледзішча тагачаснага Крамля тое было існым вар’яцтвам, таму ў выніку першая чачэнскай кампаній і скончылася ў цэлым выгадным для Грознага Хасавюртаўскім пагадненнем.

Але потым Ельцын «стаміўся і сышоў». І прызначыў сваім пераемнікам Пуціна. Той хоць і прынёс ва ўладу свой кадэбісцкі бэкграўнд, але не ўспрымаўся нейкім людажэрам. Невысокі несамавіты чалавечак без аніякай харызмы — звычайны такі тэхнакрат. Вядомы ў вузкіх колах піцерскі казнакрад з сувязямі ў крымінальным свеце — але ў каго ў «бандыцкім Пецярбургу» такіх сувязяў не было?

Захад ні на хвіліну не сумеўся. Пачаў сябраваць з новым расійскім прэзідэнтам, актывізаваў гандаль. Прэзідэнт ЗША Джордж Буш-малодшы пасля сустрэчы з Пуціным у 2001 годзе заявіў, што паглядзеў яму ў вочы і ўбачыў душу. Час паказаў, што галоўнага ў тых галоўных чэкісцкіх вачах ён не разгледзеў.

Што было далей, добра вядома. Спачатку істотна выраслі цэны на энерганосьбіты, дзякуючы чаму Расія пачала добра зарабляць. Накарміўшы насельніцтва. Новы гаспадар Крамля зацікавіўся геапалітыкай і раптам убачыў, што яго «вялікая» краіна стаіць на каленях. І вырашыў «падняцца з каленяў».

Потым была Мюнхенская прамова, напад на Грузію і акупацыя яе часткі… І нарэшце Украіна, з якой расійскі імперыялізм ваюе ўжо дзесяць гадоў.

Да 2022-га, зрэшты, Лісабонскі пратакол ляжаў сабе недзе, нікому не патрэбны. Але калі Маскве не ўдалося скарыць украінцаў «за тры дні», крамлёўскія авантурысты ўспомнілі пра ядзерную зброю і пачалі пагражаць ёй усяму свету. І цяпер слушна лічыцца, што ніколі з часоў Карыбскага крызісу гэта свет не стаяў так блізка да ядзернай вайны.

Што было б без Лісабона?

Вядома, заднім розумам лёгка быць моцным, але пэўна ў дэмакратычным свеце зараз рэфлексуюць з нагоды лісабонскіх угодаў 32-гадовай даўніны.

Што было б без іх? А вось не было б усіх гэтых расійскіх войнаў, расійскіх імперыялістычных пантоў і «ўставання з каленяў».

Ядзерная зброя нівелюе многія перавагі — ва ўзбраеннях, колькасці кантынгентаў, выдатках на абарону. Ты можаш тачыць зубы на суседа, але калі ў яго ёсць харошы «арсенальчык», то наўрад табе захочацца аджаць у яго крыху тэрыторый. Бо адказ будзе такі, што пашкадуеш.

Глядзіце таксама

Паказальны факт: на ядзерную дзяржаву ніхто і ніколі адкрыта не нападаў. Нават калі гэтая дзяржава завецца КНДР і ўяўляе сабой самую змрочную ў свеце дыктатуру. Тут хіба сам Пхеньян час ад часу пагражае «шмальнуць» у тых жа паўднёвых суседзяў, але за гэтым сочыць Кітай, якому бачыць ядзерны грыб ля сваіх межаў зусім не хочацца.

Яшчэ факт: паміж Індыяй і Пакістанам існуе стары тэрытарыяльны канфлікт з лакалізацыяй у спрэчным рэгіёне Кашмір. З 1947 года да 1971-га паміж краінамі здарыліся ажно тры вайны. Але больш суседзі не ваююць. У Індыі ядзерная зброя з’явілася ў 1974 годзе, у Пакістана — у 1998-м. Так, памежныя сутычкі, вядома, бываюць, але нябачныя чырвоныя лініі бакі не пераходзяць.

І галоўнае: на ядзерныя дзяржавы не нападаюць менавіта з мэтай іх знішчэння. Бо ў адказ дакладна будзе залп з усіх гармат, і, як кажуць, увесь свет у пацяруху.

То і высновы тут навідавоку. Расія ніколі б не пайшла ваяваць з Украінай, каб не Лісабонскі пратакол. З Масквы б не ўбачылі ў суседа ні «бандэраўцаў», ні «нацыстаў» — убачылі б адпаведныя боепрыпасы і супакоіліся б.

Можна сказаць і больш: каб не тое партугальскае пагадненне, то, цалкам магчыма, Пуцін з паплечнікамі ўвогуле б не пачалі расчэсваць у насельніцтва праз прапаганду старыя імперскія комплексы. І не было б ні вядомай расійскай «велічы», ні захопніцкіх думак, ні шавіністычнага стаўлення да суседзяў. Хутчэй за ўсё, не было б і нападу на Грузію, бо баланс сіл у рэгіёне выглядаў бы інакш.

Час паказаў, што не было напружанасці і з боку тых краін, якіх у 1992-м ядзернага статусу пазбавілі. Казахстан хай краіна і недэмакратычная, але ў знешняй палітыцы ўзважаная. Украіна раней была занятая ўнутранымі праблемамі, а цяпер хоча ў ЕС. Беларусь… Вядома, што Лукашэнка ад самага першага дня сваёй улады хацеў бы мець «чырвоную кнопку», але далей пантоў ён бы не пайшоў, бо ведае наступствы. І зрэшты, што б ён зрабіў з краінай, акрамя таго, што навараціў і так, без боегаловак? Дый ужо і прыдбаў «ядзерку» ў Расіі, чым не стамляецца казыраць.

Як бачым, з гэтага боку перасцярогі была дарэмнымі. А рызыкі з боку РФ тады, на пачатку 90-х, заходнія краіны проста не ўбачылі.

Глядзіце таксама

Дарэчы, у Кіеве ратыфікаваць Лісабонскі пратакол удалося не адразу — у Вярхоўнай радзе гучалі галасы супраць і якраз у кантэксце ваенных рызык. У выніку дакумент усё ж зацвердзілі — у абмен на гарантыі бяспекі з боку Вашынгтона і Масквы. Што сталася з тымі гарантыямі, бачна па руінах Бахмута, Аўдзееўкі, Марыупаля, Ваўчанска і шмат якіх іншых украінскіх гарадоў.