Чачня: нязломны народ і прадажныя здраднікі нацыі. Як чачэнцы абвясцілі незалежнасць у 1991 годзе
6 верасня 1991 года, карыстаючыся момантам палітычных хваляванняў у Маскве, Джахар Дудаеў і яго прыхільнікі ўварваліся на сесію Вярхоўнага Савета Чачэна-Інгушскай АССР і фактычна разагналі яе. Пасля гэтага была абвешчана незалежнасць Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Дудаеў стаў яе першым прэзідэнтам.

Прэзідэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Джахар Дудаеў
Напрыканцы 2022 году Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла пастанову аб прызнаньні самаабвешчанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя «часова акупаванай Расеяй» і асудзіла генацыд чачэнскага народу. За пастанову прагаласавалі 287 дэпутатаў з 351, а 64 дэпутаты ўстрымаліся. Дэ-факта, тлумачаць дэпутаты, гэта азначае першы крок да прызнаньня Ўкраінай суверэнітэту Чачні.
Прэм'ер-міністар самаабвешчанай Ічкерыі ў выгнаньні Ахмед Закаеў ужо назваў гэтую падзею гістарычнай для чачэнцаў і для ўсіх «прыгнечаных Крамлём народаў».
Яшчэ 13 сакавіка 1992 году зрынуты падчас дзяржаўнага перавароту прэзідэнт Грузіі Зьвіяд Гамсахурдзія выдаў загад ад прызнаньні дзяржаўнай незалежнасьці Чачэнскай Рэспублікі.

Апроч гэтага
незалежнасьць Ічкерыі прызнаваў Ісламскі эмірат Афганістан.
Ці была сапраўды незалежнасьць у Чачні?
6 верасьня спаўняецца 32 гады падзеі, якая паклала пачатак найноўшай чачэнскай гісторыі. Гэтая дата ў Чачні зараз адзначаецца як «Дзень грамадзянскай згоды, яднаньня і прымірэньня», як было заснавана Ахматам Кадыравым, бацькам цяперашняга кіраўніка рэгіёну. Раней яго шырока сьвяткавалі ў рэспубліцы як «Дзень незалежнасьці».
Адным з тых, хто скідаў савецкую ўладу ў Ічкерыі, быў Зэлімхан Яндарбіеў, які арганізаваў і ўзначаліў у траўні 1990 году Вайнахскую дэмакратычную партыю (забіты ў выніку выбуху аўтамабіля 13 лютага 2004 году ў Катары).
Глядзіце таксама

У адной са сваіх
кнігаў Яндарбіеў апісаў гэтыя падзеі так:
«Вярхоўны Савет Чачэна-Інгушскай АССР не хацеў здавацца. У ноч з 3 на 4 верасьня была зробленая спроба ўвесьці ў рэспубліцы Надзвычайнае становішча. А некаторыя дэпутаты былі камандзіраваныя ў Маскву, каб выпрасіць войскі для здушэньня паўстанцаў. Ім нават была абяцаная дапамога з боку Ельцына і іншых кіраўнікоў Расеі.
Гэта толькі падліло алею ў агонь. Плошчу Свабоды ўжо немагчыма было ўтрымаць. 6 верасьня 1991 году чарговай хваляй разьюшанай народнай стыхіі вымыла з Дому, дзе сядзелі дэпутаты, аскепкі савецкай улады. Гэты дзень стаў Днём незалежнасьці Чачні».

У часы Ічкерыі ў Дзень незалежнасьці рэспублікі ў цэнтры Грознага праходзілі масавыя дэманстрацыі, ваенныя парады і народныя гуляньні. Шматлікія жыхары Чачні, якія лічылі, што атрымалі магчымасьць жыць самастойна ад паўночнага суседа, ішлі на сьвяткаваньне, як некалі выходзілі адзначаць 1 траўня і іншыя даты за савецкім часам.
Глядзіце таксама

Адным з актыўных удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў быў бацька цяперашняга кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Ахмат Кадыраў. Таму не выпадкова, што калі ён заняў пасаду кіраўніка ўжо прарасейскай адміністрацыі і вырашаў задачы прыцягненьня на свой бок жыхароў мяцежнай рэспублікі, якая перажыла дзьве вайны, зьвярнуўся менавіта да гэтай даты.
4 верасьня 2002 году ён падпісаў пастанову аб абвяшчэньні 6 верасьня Днём рэспублікі, або «Днём грамадзянскай згоды, яднаньня і прымірэньня», такім чынам скасаваўшы сэпаратысцкае сьвята.
Чаму можна дэ-факта лічыць Ічкерыю ў 1990-х незалежнай?
Чачня з кастрычніка 1991 па жнівень 1999 году не падпарадкоўвалася федэральным уладам. Апошнія толькі намінальна лічылі Чачэнскую Рэспубліку ў складзе Расеі і трывалі фактычны стан справаў.
Дваццаць гадоў таму расейская журналістка Юлія Калініна заявіла:
«Калі б на 1990-91-я гады Чачня лічылася шаснаццатай савецкай сацыялістычнай рэспублікай, праблем бы не было — яна аддзялілася б гэтак жа мякка, як Узбэкістан ці Ўкраіна. Так, расейцам адтуль напэўна прыйшлося б зьяжджаць. Але ж яны і з Казахстану беглі тысячамі, і яшчэ шмат адкуль. Але затое не было б у нас зараз ні «Норд-Осту», ні Беслану, ні чаканьня тэрактаў, якое стала ўжо звыклым».
Глядзіце таксама

27 лістапада 1991 году прэзідэнт Чачні Джахар Дудаеў выдаў загад аб нацыяналізацыі ўзбраеньня і тэхнікі вайсковых часьцей УС СССР, раскватараваных на тэрыторыі Ічкерыі. У чэрвені 1992 году міністар абароны Расеі Павел Грачоў распарадзіўся перадаць чачэнцам палову ўсёй наяўнай у Чачні зброі і боепрыпасаў.
Паводле яго словаў, гэта быў вымушаны крок, бо значная частка «перадаванай» зброі ўжо была захопленая, а астатнюю вывезьці не было ніякай магчымасьці з-за адсутнасьці жаўнераў і эшалонаў.
7 ліпеня 1992 году апошні расейскі жаўнер пакінуў тэрыторыю Чачні.

Джахар Дудаеў спыніў пералічэньні ў Маскву і забараніў уезд у Ічкерыю супрацоўнікам спецслужбаў Расеі.
У сьнежні 1994 году Расея разьвязала першую чачэнскую вайну. Яе войскі пайшлі ў наступ на тэрыторыі Ічкерыі. Але па выніках вайны, якая скончылася фактычна перамогай Чачні, расейскія войскі цалкам былі выведзеныя за межы Ічкерыі.
Глядзіце таксама

21 красавіка 1996 году быў забіты прэзідэнт Чачні Джахар Дудаеў. Ужо праз 5 дзён пасьля тэракту, які арганізавала Расея, у Менску падчас традыцыйнага Чарнобыльскага Шляху Зянон Пазьняк заклікаў прысутных аб хвіліне памяці ў гонар забітага Джахара Дудаева.
31 жніўня 1996 году ў дагестанскім горадзе Хасаў-Юрт, у прысутнасьці назіральнікаў з АБСЭ, былі
падпісаныя так званыя «Хасаўюртаўскія пагадненьні» аб спыненьні агню
і баявых дзеяньняў у Грозным і на астатняй тэрыторыі Ічкерыі. Узаемаадносіны
паміж Расеяй і Чачнёй меркавалася вызначыць на працягу пяці гадоў (да 31 сьнежня
2001 году).
З расейскага боку дакумэнт падпісаў сакратар Рады Бясьпекі РФ Аляксандар Лебедзь, з чачэнскага боку — кіраўнік генштабу Чачні Аслан Масхадаў.
12 траўня 1997 году ў Маскве прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын і прэзідэнт Чачні Аслан Масхадаў падпісалі «Дамову аб міры і прынцыпах узаемаадносінаў паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Чачэнскай Рэспублікай Ічкерыя», якая юрыдычна замацоўвала, што адносіны паміж бакамі будуюцца «на аснове і прынцыпах міжнароднага права».

Ельцын і Масхадаў
Гэтая дамова
дэ-факта стала прызнаньнем з боку Расеі дзяржаўнага сувэрэнітэту Чачні.
Але расейцы не чакалі 2001 году, калі мусіла адбыцца канчатковае дакумэнтальнае разьмежаваньне. Ужо ў 1999 годзе Масква анулявала мірную дамову пасьля таго, як чачэнскія сілы на чале з Шамілем Басаевым уварваліся ў суседнюю расейскую рэспубліку Дагестан.
Расейскія войскі зноў пачалі вайну. Яны занялі ўсю яе тэрыторыю ў наступным годзе. У 2003 годзе Расея прыняла новую Канстытуцыю Чачні, паводле якой Чачэнская Рэспубліка зьяўляецца адным з суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі.

Прэзідэнт Аслан Масхадаў быў забіты расейскім спэцназам у 2005 годзе, калі заклікаў Маскву да перамоваў аб спыненьні Другой чачэнскай вайны. Усё больш радыкалізаваны чачэнскі сэпаратысцкі рух ператварыўся ў міжэтнічную панісламскую сетку. У 2007 годзе яго першапачатковая мэта незалежнай і сьвецкай Чачні была афіцыйна адкінутая на карысьць адзінай ісламскай дзяржавы, якая ахоплівае большую частку расейскага Паўночнага Каўказу.
Што сёньня?
Ва ўсім сьвеце чачэнцы зьбіраюцца разам, каб адзначыць гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці. У сваю чаргу прарасейскі рэжым Кадырава спрабуе, зноў такі, ва ўсім сьвеце правесьці тэрарыстычныя акты, каб ліквідаваць актыўных барадзьбітоў за Ічкерыю. Кадыраўцы забіваюць як чачэнскіх журналістаў і блёгераў, так і палітычных актывістаў.

У студзені 2021
году быў зьнішчаны апошні вядомы палявы камандзір эпохі чачэнскіх войнаў —
Аслан Буцюкаеў. Разам зь ім загінулі яшчэ 5 паўстанцаў.
Існуе думка, што сёньняшняя Чачня можа вызваліцца з-пад расейскай акупацыі за некалькі дзён. У іх сфармаванае фактычна ўласнае войска, і пры наяўнасьці неабходных фактараў, такіх, як дэстабілізацыя ў Крамлі і адхіленьне Кадырава ад улады (любым чынам), можна справакаваць нацыянальнае абуджэньне і канчатковае вырашэньне пытаньня незалежнасьці.
Глядзіце таксама

Вуліцы і плошчы імя першага прэзідэнта Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя Джахара Дудаева зьявіліся ў Варшаве, Вільні, Кіеве, Рызе, у розных гарадах Турэччыны і Босьніі. Выглядае на тое, што памяць пра барадзьбіта за незалежнасьць ад Расейскай імпэрыі будзе і ў Беларусі, пасьля яе вызваленьня.