Кроўны вораг Кадырава — блогер Тумсо Абдурахманаў жывы і знаходзіцца пад абаронай

Раней з'явіліся паведамленні аб забойстве Абдурахманава. Было апублікавана відэа з нібыта мёртвым блогерам.

tumso.jpg

Чачэнскі апазіцыйны блогер Тумсо Абдурахманаў жывы і знаходзіцца пад абаронай паліцыі Швецыі. Аб гэтым заявілі рэдакцыі «Каўказ.Рэаліі» ў прэс-службе ўрада непрызнанай Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя за мяжой.

Не пазней за 1 снежня ў телеграме з'явіліся паведамленні аб забойстве Абдурахманава. Было апублікавана відэа з нібыта мёртвым блогерам, але ў каментарах некалькі карыстальнікаў адзначылі, што на відэа іншы чалавек.

2 снежня прэс-сакратар асамблеі чачэнцаў Еўропы Шаміль Албакаў заявіў выданню «Каўказскі вузел», што годнай даверу інфармацыі аб гібелі Абдурахманава не паступала. «Па нашай інфармацыі, гэта няпраўда. Кажуць пра забойства маладога хлопца ў Швецыі, які жыў па суседстве з Тумсо. Але і гэта не пацверджана», — сказаў Албакаў.

Прадстаўнікі «Вайфонда» таксама сказалі «Каўказскаму вузлу», што не схільныя давяраць паведамленням аб гібелі Абдурахманава. Пры гэтым у арганізацыі заявілі, што блогер ужо нейкі час не выходзіць на сувязь. Таксама больш недаступны яго брат Махмад Абдурахманаў.


Апошняе відэа на Ютуб-канале Абдурахманава, у якога 475 тысяч падпісчыкаў, з'явілася 7 лістапада. У ім блогер распавёў пра пачатак працы палітычнай партыі «Голас Чачні». Як піша «Каўказскі вузел», звычайна Абдурахманаў публікуе свае ролікі прыкладна раз на тыдзень. Такіх працяглых перапынкаў на яго канале ў гэтым годзе яшчэ не было.

Тумсо Абдурахманаў вядомы сваёй крытыкай улад Чачні. У 2015 годзе ён пакінуў Расію пасля канфлікту са сваякамі Рамзана Кадырава. Блогер атрымаў статус палітычнага ўцекача ў Швецыі. У Чачні Абдурахманава абвінавачваюць у сувязях з «Ісламскай дзяржавай».

У 2019 годзе спікер парламента Чачні Магамед Даудаў абвясціў Абдурахманаву кроўную помсту. Аднак пазней улады рэспублікі гэта адмаўлялі.

У 2020 годзе ў кватэру Абдурахманава ў Швецыі пракраўся мужчына і ўдарыў яго малатком па галаве. Блогер здолеў адабраць малаток і выклікаць паліцыю. У 2021 годзе нападнік Руслан Мамаеў атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі (пазней тэрмін быў павялічаны на два гады). Яго памагатай Эльвіры Шапіяевай, якая паспрыяла ягонаму пранікненню ў кватэру, далі восем гадоў.

Бок абвінавачання звязаў замах на Абдурахманава з яго крытыкай улад Чачні і абвяшчэннем кроўнай помсты з боку Даудава. У судзе было заяўлена, што сустрэчы для падрыхтоўкі замаху праходзілі ў тым ліку ў Грозным, а за забойства Мамаеву нібыта паабяцалі 60 тысяч еўра. Пры гэтым замоўцы злачынства ў судзе не былі названыя.