Вайна, што разбурыла вобраз Расіі як краіны мірнай дэмакратыі

Першая чачэнская вайна стала вынікам фобій урада Расіі, што атрыманне Чачнёй незалежнасці выкліча эфект даміно ў астатніх рэспубліках. Аднак чачэнцы былі гатовы бараніць незалежнасць. Вайна скончылася паразай Расіі.

czaczenski_baec.jpg


30 лістапада 1994 года тагачасны прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын падпісаў сакрэтны ўказ «Аб мерах па ўстанаўленні канстытуцыйнага права і забеспячэнні захавання законаў на тэрыторыі Чачэнскай Рэспублікі». Праз 12 дзён 11 снежня у бунтуючую рэспубліку былі накіраваны ад 20 да 40 тысячаў федэральных войскаў, танкавыя і авіяцыйныя часткі. Пачалася Першая чачэнская вайна.

Перадумовы вайны. Горскі дух супраць імперскага мыслення

У канцы 80-х гадоў у Чачэнскай Рэспубліцы на хвалі агульнасавецкага руху за дэмакратызацыю пачаўся мясцовы рух за нацыянальнае адраджэнне. У 1990 годзе быў створаны Агульнанацыянальны кангрэс чачэнскага народа (АКЧН), які ставіў за мэту выхад Чачні са складу СССР і стварэнне незалежнай чачэнскай дзяржавы. Яго ўзначаліў былы генерал савецкіх Ваенна-паветраных сіл Джахар Дудаеў.
8 чэрвеня 1991 года ён абвясціў аб стварэнні Чачэнскай Рэспублікі. Пасля развалу Савецкага Саюза Чачня, якая фармальна заставалася ў складзе Расійскай Федэрацыі, фактычна атрымала незалежнасць. 2 сакавіка 1992 года Парламент Чачні прыняў Канстытуцыю рэспублікі, паводле якой Чачня абвяшчалася «суверэннай дэмакратычнай прававой дзяржавай, створанай у выніку самавызначэння чачэнскага народа».

Чачэнец моліцца на фоне пажару

Чачэнец моліцца на фоне пажару

У Маскве незалежнасць Чачні разглядалася як дэстабілізуючы элемент для нацыянальнай бяспекі Расіі, перш за ўсё таму, што ў Крамлі баяліся эфекту даміно, калі іншыя рэспублікі рушаць услед за прыкладам Чачні, і гэтая тэндэнцыя набярэ моц. Масква баялася, што калі гэта адбудзецца, расейская дзяржава абрынецца. У Крамлі разглядалі нацыянальную і дзяржаўную бяспеку Расіі з пункту гледжання яе вялізнай тэрыторыі, якая карпатліва назапашвалася Масквой стагоддзямі, у асноўным шляхам гвалтоўных заваёў. Хоць Ельцын і заяўляў аб праве аўтаномных рэспублік браць суверэнітэту «столькі, колькі здолееце праглынуць», на самай справе ён абсалютна не збіраўся нікому яго даваць.
Таксама ў вяртанні Чачні пад уладу Масквы былі зацікаўлены набіралыя моц расійскія алігархі. Яны хацелі вярнуць каштоўныя нафтавыя рэсурсы рэспублікі, якія раптоўна выпалі з іх лапаў. Ну і плюс Крамлю, як часта гэта здараецца ў Расіі ў неспрыяльныя для яе перыяды гісторыі, патрэбна была маленькая пераможная вайна — каб падняць аўтарытэт Ельцына, які пасля падзей восені 1993 года знаходзіўся, як кажуць, «ніжэй плінтуса».

Чачэнскія байцы ў Грозным

Чачэнскія байцы ў Грозным

Зусім іншыя погляды былі сярод нохчы (саманазва чачэнцаў — рэд.). Чачэнскі народ разглядаў сваю барацьбу як працяг змагання за незалежнасць ад шматвяковага расійскага кіравання. Далейшыя падзеі паказалі, што расійскія дзяржаўныя кіраўнікі моцна недаацанілі як глыбіню чачэнскай этнічнай ідэнтычнасці, так і волю народа да сапраўднай незалежнасці. Міністр па справах нацыянальнасцяў РФ Мікалай Ягораў заявіў, што 70% чачэнцаў падтрымаюць Расію, астатнія паставяцца да яе нейтральна. Глыбока савецкія людзі, яны, здаецца, сапраўды верылі ў міф пра братэрства народаў былой імперыі. Але савецкае грамадзянства, раней прымусовае, не азначала аўтаматычнай згоды на атрыманне грамадзянства расійскага. І чачэнцы хутка далі Маскве гэта зразумець.

Пачатак вайны. Іхтамнеты 90-х

26 лістапада, за пятнаццаць дзён да асноўнага ўварвання, у Чачню хлынулі дзясяткі танкаў і бронетранспарцёраў. Пачаўся штурм сталіцы рэспублікі — Грознага. Расійскай прапагандай гэта было прадстаўлена як унутраны канфлікт паміж прэзідэнтам Дудаевым і апазіцыйнымі яму палявымі камандзірамі. Атака ўпісвалася ў афіцыйную расійскую версію аб тым, што Масква была проста вонкавым назіральнікам у лакальным канфлікце. Але гэтая гісторыя хутка развалілася, калі верныя Дудаеву часткі спынілі наступ, захапілі экіпажы гэтых танкаў, вывялі з іх рускіх салдат і выставілі іх напаказ перад расійскімі і замежнымі журналістамі.

Расійскі салдат

Расійскі салдат

Так, Андрэй Русакоў, вайсковы капітан сярод прыкладна 20 захопленых расійцаў, распавёў, як ён падпісаў сакрэтны кантракт, па якім ФСК (цяпер гэта ФСБ) прапаноўвала яму некалькі тысяч долараў за ўдзел у фальшывым нападзе чачэнскай апазіцыі.
Выкрыццё правалу гэбэшнай акцыі выклікала вялікую злосць з боку расійскіх вайскоўцаў. Міністр абароны Павел Грачоў заявіў тады па тэлебачанні, што ўзброеныя сілы Расіі маглі ўзяць Чачню пад кантроль з дапамогай «аднаго парашутна-дэсантнага палка за пару гадзін».
Але хавацца больш не было сэнсу, і 11 снежня расійская армія ўступіла на тэрыторыю Чачні. Супраць рэгулярнага войска выступілі ўсяго некалькі тысячаў мясцовых апалчэнцаў. Але фармальная рэгулярнасць і колькасная перавага не адыгралі тут вырашальнай ролі. Складзеная ў асноўным з юнакоў 18-20 гадоў, расійская армія выявілася практычна не здольнай да вайны нават супраць нерэгулярных баявых фармаванняў чачэнцаў.

Чачэнскі падлетак

Чачэнскі падлетак

Завязваюцца маштабныя сутыкненні паміж расійскімі войскамі і чачэнскімі баевікамі. Некалі палітычна раздробненыя чачэнцы цяпер збольшага аб'ядноўваюцца вакол Дудаева як увасаблення супраціву Расіі. Супраціў быў настолькі ўпартым, што расійскія войскі здолелі падысці да Грознага толькі 26 снежня, што дало абаронцам дастаткова часу для падрыхтоўкі да абароны.
Расійскія ўзброеныя сілы распачалі атаку на чачэнскую сталіцу па трох кірунках. Расійскае вайсковае кіраўніцтва жадала дасягнуць хуткіх стратэгічных вынікаў шляхам раптоўнага нападу на меркаваны цэнтр улады ў надзеі на тое, што чачэнскае кіраўніцтва будзе адразу захоплена ці здасца ў палон. Але хоць расійскія вайскоўцы, відаць, планавалі поўнае акружэнне чачэнскай сталіцы, дрэнная, як заўжды, каардынацыя не дазволіла ім гэтага зрабіць. Адвечна руская вайсковая бязладнасць праявіла сябе ў чарговы раз. Байцы чачэнскага супраціву маглі без вялікіх перашкод уваходзіць і выходзіць з горада з прыпасамі і падмацаваннямі.

Штурм Грознага

31 снежня, калі ў Маскве пілі шампанскае, пачаўся штурм Грознага. Рускія войскі ўвайшлі ў горад і сустрэлі ўпартае супраціўленне з добра падрыхтаваных пазіцый. Чачэнцы ўчынялі засады на расійскія бранятанкавыя злучэнні, прычыніўшы такім чынам ім вельмі цяжкія страты: большасць бронетранспарцёраў была знішчана, прычым звычайнымі супрацьтанкавымі гранатамі. Страты рускіх былі настолькі вялікія, што перасягнулі суадносіны страт бранятэхнікі падчас бітвы за Берлін у Другой сусветнай вайне.
Пасля няўдалай атакі на Грозны расійскія войскі бязлітасна абстрэльвалі яго з паветра. Пасля некалькіх тыдняў баёў горад Грозны ўяўляў жахлівую карціну: мора развалін, сярод якіх былі раскіданыя целы тысяч рускіх і чачэнскіх салдат, аб'едзеныя дзікімі сабакамі і коткамі; бясконцыя рады згарэлай бронетэхнікі на вуліцах.
Бамбардзіроўка і артылерыйскі абстрэл ішлі кругласутачна, не спыняючыся. Горад пачаў нагадваць Сталінград зімы 1942-1943 гадоў.

Целы загінулых мірных жыхароў

Целы загінулых мірных жыхароў

18 студзеня вярхоўнае камандаванне Чачні прыняло рашэнне пакінуць Прэзідэнцкі палац, улічваючы, што ён ператварыўся ў руіны, якія не мелі вялікага значэння для руху супраціўлення. На наступны дзень расійскія войскі захапілі будынак, пакінуты чачэнцамі без абароны, што паклала канец першаму этапу чачэнскай вайны.

Грозны 22 чэрвеня 1995

Грозны 22 чэрвеня 1995

Стратэгічна захоп Грознага не садзейнічаў дасягненню палітычнай мэты ўтрымання Чачні ў складзе Расіі. Чачэнскае кіраўніцтва выехала са сталіцы, пакінуўшы рускім войскам разбураны горад і вялікую колькасць забітых і параненых. Больш за тое, захоп прадэманстраваў абсалютную непадрыхтаванасць і слабую баяздольнасць расійскай арміі, бо па планах вайсковага камандавання РФ ад пачатку наземных аперацый да ўзяцця Грознага павінна было прайсці максімум два тыдні. Замест гэтага прайшло два месяцы. Аднак захоп сталіцы стаў пераходным этапам ад звычайнага ўварвання да пачатку аперацый «па забеспячэнні стабільнасці» ў шырокай чачэнскай сельскай мясцовасці. Вайна перайшла ў доўгую фазу.

Стабільнасць па-руску

Гэтыя «аперацыі па стабілізацыі» амаль адразу сутыкнуліся з моцным супрацівам сярод мясцовага вясковага насельніцтва. Відавочная адсутнасць падрыхтоўкі расійскіх салдат да вядзення падобных аперацый вырашалася самым простым спосабам. Расійскія вайскоўцы нанасілі хаатычныя паветраныя і артылерыйскія ўдары па сёлах, дзе маглі знаходзіцца чачэнскія байцы, а пасля ўваходу на іх тэрыторыю часта ўчынялі расправу над мірнымі жыхарамі за «падтрымку баевікоў». Гэтыя дзеянні адштурхнулі нават тых чачэнцаў, што спачатку спрыяльна ці нейтральна ставіліся да расійцаў.

Чачэнская жанчына з параненым дзіцём

Чачэнская жанчына з параненым дзіцём

У снежні 1995 года каля 3000 чачэнцаў выйшлі на вуліцы Грознага, каб адзначыць гадавіну расійскага ўварвання. У тым жа месяцы ў рэспубліцы прайшлі выбары прэзідэнта, на якіх з вынікам у 90% галасоў перамог пракрамлёўскі палітык Доку Заўгаеў. Пра яго папулярнасць у рэспубліцы сведчыў той факт, што падчас яе наведвання ягонай рэзідэнцыяй з’яўляўся ўмацаваны комплекс ў аэрапорце Грознага.
12 красавіка расійскімі спецслужбамі быў забіты прэзідэнт ЧРІ Джахар Дудаеў. Але гэта не зламала яго паслядоўнікаў. Летам 1996 года чачэнскае камандаванне прыняло рашэнне аб наступе на Грозны. Чачэнцы пачалі адначасовыя атакі на ўсе расійскія пазіцыі ўнутры і за межамі Грознага, а таксама на сельскія раёны. Расійскія вайскоўцы не былі гатовыя да буйнамаштабных добра падрыхтаваных атак і былі вымушаны пакінуць горад. Адначасова без бою пад кантроль Ічкерыі перайшоў другі па значнасці горад рэспублікі Гудэрмес. Нават у Крамлі зразумелі, што працягваць вайну далей немагчыма.

Хасавюрт. Канец вайны

Паколькі ваеннае становішча Расіі стала безнадзейным, расійскае кіраўніцтва было вымушана пайсці на мірныя перамовы. 31 жніўня 1996 года ў дагестанскім горадзе Хасавюрт было падпісана мірнае пагадненне. Яго падпісалі паўпрад Ельцына ў рэгіёне Аляксандр Лебядзь і начальнік штаба чачэнскіх узброеных сіл Аслан Масхадаў. Было вырашана стварыць камісію з двума сустаршынямі (адзін рускі і адзін чачэнец), якія будуць збірацца раз на тыдзень у Грозным; камісіі было даручана сачыць за вывадам расійскіх войскаў і прадухіляць гвалт і злачыннасць у рэгіёне. У яе задачы таксама ўваходзіла фінансаванне жыллёвага будаўніцтва, аднаўленне работы прадпрыемстваў, кампенсацыя ахвярам вайны, забеспячэнне рэгіёна палівам і правізіяй на зіму.
У 1997 годзе апошнія расійскія вайсковыя часткі пакінулі Чачню. Нягледзячы на мірную дамову, паводле якой Чачня дэ-факта стала незалежнай дзяржавай, афіцыйна яна заставалася часткай Расіі. Вайна, у якой агулам загінула каля 20 000 чалавек, нарэшце, скончылася, але яна назаўжды разбурыла постсавецкі вобраз Расіі як краіны мірнай дэмакратыі.