Пад Масквой гарыць супермаркет «Мега Хімкі». Не выключаюць падпал
У падмаскоўным гандлёвым цэнтры «Мега Хімкі» сёння раніцай адбыўся моцны пажар — ён закрануў 18 тысяч квадратных метраў. Загінуў адзін чалавек.

У ГЦ «Мега Хімкі» на Ленінградскай шашы ў Маскоўскай вобласці адбыўся пажар. Паводле папярэдняй інфармацыі, першапачатковае ўзгаранне здарылася ў гіпермаркеце OBI.
Пажару прысвоілі чацвёрты ўзровень складанасці з пяці. Плошчу пажару ацанілі ў 18 тысяч квадратных метраў. Пазней з’явілася паведамленне, што пажар здолелі лакалізаваць на 7 тысячах квадратных метраў.
Паводле звестак экстранных службаў, у гіпермаркеце OBI выбухалі банкі з фарбай і аэразолі. Сам будынак крамы цалкам выгараў і абрынуўся, засталіся толькі канструкцыі каркасу.
У якасці асноўнай версіі пажару спачатку разглядаўся падпал — пра гэта паведамляе РІА Новости са спасылкай на экстранныя службы. ТАСС жа прычынай узгарання называе кароткае замыканне. Пазней у якасці асноўных версій прычын пажару названыя няспраўнасць абсталявання і парушэнні падчас работ.

Шкода ад пажару ў Хімках — з улікам прыпаркаваных аўто — можа скласці 20-30 мільярдаў расійскіх рублёў, паведамілі ва Усерасійскім Саюзе страхоўшчыкаў.