Уладзімір Янчук: «Няма ўпэўненасці ў тым, якую пазіцыю зойме беларускае войска»

Прафесар псіхалогіі ў размове з Філінам абмяркоўвае сітуацыю вакол расійскага тэлеканала «Дождж» і разважае, як грамадства можа ўплываць на тое, каб беларуская армія не ўляпалася ў гэтую вайну.

janchuk__1_.jpg


— Журналіст «Дажджу» выказаў спачуванне сваім суграмадзянам, якія трапілі на вайну. Гэта цалкам чалавечная рэакцыя, эмоцыя. З іншага, многіх абурыла, што спачуванне было адрасавана тым, хто сышоў забіваць іншых людзей, фактычна, акупантам. Наколькі апраўданыя гэтыя прэтэнзіі? Сапраўды, ці дарэчна перажываць за нягоды тых, хто ўварваўся ў чужую краіну?

— Пытанне не вельмі простае. Для пачатку я вызначуся з уласнай пазіцыяй. Я не лічу правільным рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі тэлеканала ў Латвіі. З майго пункту гледжання, антыпуцінская накіраванасць гэтага канала была відавочнай. Там працавалі вельмі кваліфікаваныя вядучыя, канал прапаноўваў глыбокі аналіз таго, што адбываецца.

Гэта была адна з рэдкіх магчымасцяў для расійскага гледача пачуць дастаткова аб'ектыўную інфармацыю пра тыя працэсы, якія праходзяць за межамі расійскай мас-медыйнай прасторы.

У Латвіі адносіны да Расіі вельмі складаныя. Тут любая нагода ўспрымаецца вельмі абвострана ў сілу таго, што хочацца або не хочацца, але латышы адчуваюць пачуццё страху перад «рускім мядзведзем». Безумоўна, маючы на тое прычыны, звязаныя з перыядам савецкай акупацыі.

Калі казаць пра выказванне суперажывання, спагады ў адрас людзей, якія ваююць (падкрэслю — не акупантаў, а ваюючых), то я лічу, што ў дадзеным выпадку абсякаць сувязі і ставіць іх у пазіцыю поўнай ізаляцыі псіхалагічна няправільна. Бо калі замыкаецца капсула вакол гэтых людзей, гэта будзе толькі спрыяць большаму іх азлабенню. Толькі азлабенню і канчаткова — расчалавечванню.

А падтрыманне сувязі, кантактаў дапамагае захаванню хоць чагосьці чалавечага. У канфлікталогіі адным з вядучых прынцыпаў з'яўляецца прадастаўленне магчымасці апаненту «захавання твару».

У гэтым выпадку хаця б патэнцыйна прысутнічае магчымасць слухання альтэрнатыўнага меркавання, «адкрытых вушэй». У адваротным выпадку ўключаецца поўная глухата і імкненне біцца да канца.


І будзем сумленныя: многія з мабілізаваных апынуліся там не па ўласнай волі, а ў сілу таго, што яны, не жадаючы звязаных з адмовай складанасцяў, паслухмяна і пакорліва пагадзіліся на ўдзел у гэтай вайне.

Я лічу, што падтрымліваць іх трэба менавіта ў кантэксце захавання чалавечнасці хоць у нейкай форме. І кантакты павінны быць. Альбо гэтыя людзі страцяць сваю чалавечнасць канчаткова.

— У сувязі з гэтым скандалам да расійскага тэлеканалу прагучала і такая прэтэнзія: маўляў, рэдакцыя вінаваціць ва ўсім Пуціна, выступае супраць вайны, але не становіцца на бок ахвяры агрэсара — Украіны. Ці ёсць на самай справе ў гэтым праблема, у гэтай палавіністасці?

— Я лічу, што ў гэтым выпадку пазіцыя тэлеканала цалкам апраўданая. Адразу абмоўлюся: я цалкам на баку Украіны, і, як магу, падтрымліваю сваіх украінскіх калегаў. І раблю ўсё, што магу для гэтай падтрымкі.

Але тэлеканал «Дождж» працуе на расійскую аўдыторыю. І калі ён зойме пазіцыю выключна праўкраінскую, то ён пазбаўляе сябе магчымасці захоўваць адносіны з ёй і даводзіць інфармацыю да часткі насельніцтва, якая вагаецца, што, з майго пункту гледжання, складае пераважную большасць жыхароў Расіі.

Канал балансуе паміж гэтым і гэтым. Бо чыста праўкраінскіх каналаў мноства, а вось пляцовак, якія захоўваюць масток узаемаадносін паміж людзьмі, вольна ці міжволі вымушаных падпарадкоўвацца маскоўскаму рэжыму, проста неабходныя.

Паўтаруся — трэба захоўваць кантакты і магчымасць даносіць альтэрнатыўную інфармацыю. Як толькі ты займаеш адназначную праўкраінскую пазіцыю, ты адразу ж губляеш большую частку аўдыторыі, якая складаецца з гэтых самых людзей, што вагаюцца.

— Гэта значыць, вы лічыце, што тут гаворка не пра спробу ўседзець на двух крэслах, а пра выхад на больш шырокую аўдыторыю?

— Цалкам дакладна. Па маім глыбокім перакананні, з гэтай аўдыторыяй неабходна працаваць, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасці. Мы бачым, як мяняецца грамадскае меркаванне ў Расіі. Апошнія апытанні (нават праўладныя) паказваюць, як рэзка ўпала колькасць прыхільнікаў вайны. Як рэзка ўзрасла колькасць людзей, якія выступаюць за перамовы.

Гэтыя змены адбыліся ў тым ліку і пры ўдзеле «Дажджу», які меў досыць шматлікую аўдыторыю, губляць якую вельмі неразумна. Дзякуючы данясенню да людзей альтэрнатыўнай інфармацыі. І калі такіх каналаў не стане, людзі пачнуць масава капсулявацца. Тут дзейнічае агульны прынцып: нападаюць — абараняйся, адключай розум. А так усё ж розум захоўваецца.


— Маючы перад сабой прыклад расійцаў, канкрэтную гісторыю тэлеканала і ягонага супрацоўніка, які пашкадаваў змерзлых у акопах мабілізаваных, які ўрок мы можам атрымаць з гэтага досведу на выпадак, калі беларусаў усё ж адправяць на вайну?

— Захаванне кантактаў з беларускімі вайскоўцамі.

Падтрыманне адносін і давядзенне да іх сваёй антываеннай пазіцыі. Якраз гэты ўрок павінен быць адназначным. Праца з аўдыторыяй абавязковая з выкарыстаннем усіх магчымых формаў і каналаў.

Выкажу сваё меркаванне. Тут жа нават не ў прыняцці рашэння справа. Проста няма ўпэўненасці ў тым, якую пазіцыю зойме беларускае войска. Гэта і ёсць асноўны стрымальны фактар. Я не думаю, што ў Пуціна ў галаве нейкія гуманныя меркаванні на гэты конт. Няма ў яго ўпэўненасці ў наступствах такога падключэння.

І другі момант: пераможца павінен быць адзін. Хоць яго разлікі на перамогу з кожным днём становяцца ўсё больш прывіднымі. А вось гэтая няўпэўненасць з'яўляецца выразным гарантам таго, што беларускае войска ў гэтым працэсе ўдзельнічаць не будзе. Да таго ж, і матывацыі на ўдзел у акупацыйных ваенных дзеяннях суседняй краіны няма ніякай. Расійскія ура-партыёты хоць бы рухаюцца за вялікадзяржаўным міфам пра аднаўленне «вялікай імперыі». А чым будуць матываваныя беларусы?

Аднак выснова з гэтага ўрока павінна быць адназначная: з гэтай аўдыторыяй трэба мець зносіны. Адгароджвацца ад яе нельга. Заганяць у кут таксама нельга. На маю думку, цалкам відавочна: калі вы хочаце вырашаць нейкія сумесныя задачы, вы павінны захоўваць кантакты, каналы данясення інфармацыі, у тым ліку альтэрнатыўнай, да іншага боку.

Пераклад НЧ