Амерыканскую баскетбалістку Брытні Грайнер абмянялі на расійскага «гандляра смерцю» Віктара Бута

У аэрапорце Абу-Дабі адбыўся абмен амерыканкі Брытні Грайнер, асуджанай у РФ, на расійца Віктара Бута, які адбываў пакаранне ў ЗША.

qaew7ecwbncafmmtbenuiq.webp

Неўзабаве Бут павінен прыбыць у Расію, а Грайнер — у ЗША. Перад працэдурай абмену абодвух памілавалі, паведаміла расійскі амбудсмен Таццяна Маскалькова. Такім чынам, яны не будуць адбываць рэшту пакарання ў сваіх родных краінах.

Абмен адбыўся пры пасрэдніцтве ААЭ і Саудаўскай Аравіі. Расія доўга вяла перамовы з ЗША для вызвалення Бута, але Вашынгтон адмаўляўся ўключаць расійца ў схему абмену, заявілі ў МЗС РФ. У сваю чаргу Маскалькова паведаміла, што галоўную ролю ў перамовах адыгралі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, МЗС і «вядомыя спецслужбы» Расіі.

Высокапастаўлены прадстаўнік Белага дома сказаў CNN, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн быў «асабіста залучаны» ў сітуацыю і знаходзіўся ў пастаянным кантакце з камандай, якая арганізоўвала абмен.

Брытні Грайнер — адна з лепшых сучасных баскетбалістак. У ЗША яна выступала за «Фенікс Меркуры», у Расіі — за УГМК (Екацярынбург), шматразовага пераможцу чэмпіянату краіны. У лютым Грайнер затрымалі ў аэрапорце Шарамеццева. У яе багажы выявілі гашышны алей для вейпа. У жніўні суд асудзіў яе да дзевяці гадоў калоніі. З улікам часу ў СІЗА ёй трэба было адбыць у калоніі на год менш. У лістападзе адвакаты Грайнер паведамілі, што яе перавялі з СІЗА ў калонію.

Бізнесмена Віктара Бута ў ЗША называюць «гандляром смерцю» і «збройным баронам». Яго гісторыя лягла ў аснову аднайменнага фільма з Нікаласам Кейджам.

Віктар Бут, былы вайсковы перакладчык савецкай арміі, стаў прадпрымальнікам у 1990-я. Да гандлю зброяй ён займаўся міжнародным гандлем кветкамі, мэбляй і замарожанымі куранятамі. Паводле даных СМІ, Бут пастаўляў узбраенне і ваенны рыштунак у Афганістан (як урадавым войскам, так і талібам), паўстанцам у Анголу і краіны Заходняй Афрыкі. Яго таксама падазравалі ў дачыненні да паставак зброі, у тым ліку хімічнай, «Аль-Кайдзе».

У 2008 годзе Бута затрымалі ў Бангкоку па запыце амерыканскага боку, які абвінавачваў яго ў незаконных пастаўках зброі Рэвалюцыйным узброеным сілам Калумбіі (РУСК). Гэтую групоўку ЗША лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй. Здзелка, што лягла ў аснову абвінавачання, стала вынікам аперацыі амерыканскіх спецслужбаў, якія на перамовах з Бутам выдалі сябе за прадстаўнікоў РУСК.

Расіяніна экстрадавалі ў ЗША і ў 2012 годзе асудзілі да 25 гадоў турэмнага зняволення. Яго прызналі вінаватым паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку ў змове з мэтай прадастаўлення дапамогі тэрарыстычнай арганізацыі, адмыванні грошай і махлярстве.

Бут сваю віну адмаўляе. Масква называла справу Бута палітычнай. У сваю чаргу, былая суддзя Федэральнага акруговага суда Манхэтэна Шыра Шэйндлін праз некалькі гадоў пасля суда над Бутам палічыла прысуд расійцу празмерным. У розны час гаварылася аб магчымым абмене Бута на ўкраінскіх грамадзян Надзею Саўчанку і Алега Сянцова.

Яшчэ адзін асуджаны ў РФ амерыканец Пол Уілан не быў уключаны ў здзелку па абмене. У чэрвені 2020 года Масгарсуд прысудзіў яму 16 гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў шпіянажы (Уілан не прызнаў віну). План абмену Уілана і Грайнер на Бута ў Белым доме абмяркоўвалі з пачатку 2022 года, паведамляў тэлеканал «CNN». Ягоны адвакат Уладзімір Жарабянкоў распавёў «Інтэрфаксу», што той застаецца ў калоніі, але пытанне аб ягоным абмене працягваюць абмяркоўваць на ўзроўні спецслужбаў.

Байдэн, выступаючы са зваротам да нацыі пасля абмену Бута на Грайнер, заявіў, што ў ЗША не забыліся пра Уілана і не выбіралі, якога амерыканца вярнуць дадому. «Расія ставіцца да справы Пола інакш, чым да справы Брытні», — адзначыў ён, дадаўшы, што ЗША працягнуць працу над вызваленнем Уілана.

Крыніца «CNN» у Белым доме адзначыла, што гэта была адзіная здзелка, якую ЗША маглі заключыць прама цяпер. Расійскі бок даў зразумець, што гатовы весці перамовы толькі па абмене Грайнер, хоць ЗША неаднаразова прапаноўвалі ўключыць у абмен Уілана, паведаміў яшчэ адзін амерыканскі чыноўнік. «Гэта быў выбар: атрымаць Брытні ці нікога», — дадаў ён.

Сям'я Уілана засмучаная тым, што ён не вернецца дадому ў рамках здзелкі. Пры гэтым яна пахваліла адміністрацыю Байдэна за вызваленне Грайнер. ЗША папярэдзілі блізкіх Уілана, што таго не ўключаць у абмен, распавёў брат асуджанага амерыканца Дэвід Уілан. Ён не ведае, ці вядома брату аб абмене, які адбыўся, але мяркуе, што той убачыць паведамленні СМІ аб гэтым.

«Я нават не магу ўявіць, што будзе адчуваць Пол, калі даведаецца пра гэта. Ён так стараўся перажыць гэтыя чатыры гады несправядлівасці. Ён зноў пачаў спадзявацца, калі стала вядома, што ўрад ЗША прадпрымае спробы яго вызваліць... І што цяпер? Як працягваць выжываць дзень за днём, ведаючы, што вашаму ўраду двойчы не ўдалося вызваліць вас з замежнай турмы?» — сказаў Дэвід Уілан. Ён асцерагаецца, што брат не вытрымае яшчэ 12 гадоў у расійскай калоніі.

Цяперашні абмен вязнямі стаў другім з пачатку вайны ва Украіне, у якой ЗША сталі галоўным саюзнікам Кіева. У красавіку расіяніна Канстанціна Ярашэнку, асуджанага ў ЗША да 20 гадоў турмы, абмянялі на амерыканскага студэнта Трэвара Рыда, якога ў РФ асудзілі на дзевяць гадоў калоніі.

Паводле «Медузы».