Камітэт Сената ЗША: Дзеянні Расіі супраць Украіны — гэта генацыд

Камітэт Сената ЗША па міжнародных адносінах прыняў рэзалюцыю, у якой дзеянні Расіі супраць Украіны называюцца генацыдам украінскага народа.

Буча. Фота www.eurotopics.net

Буча. Фота www.eurotopics.net

Дакумент быў прапанаваны сенатарамі як з дэмакратычнай, так і рэспубліканскай партыі і заклікае ўрад ЗША накласці на датычных да вядзення вайны расіян санкцыі ў рамках Акту Магніцкага, паведамляе ВВС.

Аўтарамі рэзалюцыі сярод іншых сталі дэмакраты Бэн Кардзін (ён узначальвае амерыканскую Хельсінскую камісію) і Рычард Блюменталь, а таксама сенатары-рэспубліканцы Джым Рыш і Ліндсі Грэм.

«Сваімі дзеяннямі Пуцін вельмі ясна прадэманстраваў, што яго мэта – спыніць існаванне ўкраінскага народа. Я асабіста бачыў сведчанні яго жорсткасці ў Ірпені і [іншых раёнах] Кіеўскай вобласці» — заявіў Джым Рыш.

Што сказана ў рэзалюцыі:

▪ Яна асуджае Расію за генацыд супраць украінскага народа.

▪ Заклікае ЗША, НАТА і еўрапейскіх саюзнікаў падтрымаць урад Украіны, каб перадухіліць далейшыя акты генацыду ўкраінскага народа з боку Расіі.

▪ Падтрымлівае трыбуналы і міжнародныя крымінальныя расследаванні, каб прыцягнуць да адказнасці расійскае палітычнае кіраўніцтва і вайскоўцаў, вінаватых у развязванні агрэсіўнай вайны, у ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці і генацыдзе.

▪ Заклікае прэзідэнта ЗША выкарыстоўваць акт Магніцкага [прыняты для вядзення санкцый супраць датычных да пераследу юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага] у дачыненні да вінаватых і датычных да генацыду ва Украіне, які ажыццяўляецца РФ.

Раней у сувязі з вайной супраць Украіны парламенты некалькіх краін свету абвясцілі Расію спонсарам тэрарызму, такую ж рэзалюцыю ўхваліў і Еўрапейскі парламент. Міжнародны крымінальны суд (МКС) таксама вядзе супраць Расіі расследаванне меркаваных ваенных злачынстваў.

Расійскія ўлады неаднаразова адмаўлялі, што войска РФ вінаватае ў якіх-небудзь злачынствах падчас вайны; у Маскве таксама называюць «фэйкамі» звесткі аб масавых забойствах мірных жыхароў ва ўкраінскіх гарадах, хоць такія забойствы пацвярджаюцца мноствам дакладных сведчанняў.



Сёння таксама стала вядома, што Нідэрланды і Канада далучыліся да іску Украіны ў судзе ААН пра генацыд з боку РФ. Яны падалі ў Міжнародны суд ААН сумесную заяву аб уступленні ў справу, якая тычыцца абвінавачванні ў генацыдзе згодна Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго (Украіна супраць Расійскай Федэрацыі). Пра гэта гаворыцца ў заяве суда, паведамляе «Еўрапейская праўда».

«У адпаведнасці з артыкулам 63 Статута, у тых выпадках, калі ўзнікае пытанне аб тлумачэнні канвенцыі, удзельнікамі якой з'яўляюцца іншыя дзяржавы, акрамя тых, якіх тычыцца справа, кожная з гэтых дзяржаў мае права ўступіць у разбіральніцтва. У гэтым выпадку тлумачэнне, дадзенае рашэннем суда, будзе аднолькава абавязковым для іх», — гаворыцца ў заяве.

У сваёй сумеснай дэкларацыі Канада і Нідэрланды заяўляюць, што, «улічваючы іх агульную зацікаўленасць у дасягненні высокіх мэтаў канвенцыі, а таксама іх наступную зацікаўленасць у ёй, Канада і Нідэрланды вырашылі ўмяшацца ў гэтую справу, каб выкласці сваё тлумачэнне адпаведных палажэнняў Канвенцыі перад судом».

Нагадаем, галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан, разглядаючы пакаранне РФ за злачынства агрэсіі супраць Украіны, лічыць мэтазгодным факусавацца для гэтага на ўжо існых інстытутах, а не на стварэнні новага спецтрыбуналу.

Украіна не з'яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута — Міжнароднага пагаднення, на аснове якога быў заснаваны і дзейнічае Міжнародны крымінальны суд. Аднак Украіна дала Міжнароднаму крымінальнаму суду права расследаваць злачынствы на сваёй тэрыторыі.