Чалавецтву патрэбны новы Нюрнберг

Урмас Рэйнсалу, кіраўнік МЗС Эстоніі, заявіў, што юрыдычную адказнасць за вайну і злачынствы, якія зладзіла расійскае войска на тэрыторыі Украіны, павінна панесці вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва РФ, у тым ліку Уладзімір Пуцін.

Працэс у Нюрнбергу

Працэс у Нюрнбергу

Урмас Рэйнсалу падчас наведвання Украіны сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім і кіраўніцтвам краіны, піша «Еўрапейская праўда». Была дасягнутая дамоўленасць, што Эстонія дапаможа Украіне дасягнуць міжнароднага пагаднення аб тым, што палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Расіі павінна панесці не толькі ваенную, але і юрыдычную адказнасць.

Кіраўнік МЗС Эстоніі сказаў: «Гэта азначае цеснае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, дасягненне міжнародных пагадненняў. Некаторыя праекты дамоваў Украіна падрыхтавала. Мы гэта падтрымаем».

Рэйнсалу адзначыў, што пытанне палягае ў тым, ці атрымаецца даставіць у суд вышэйшых кіраўнікоў Расіі, напрыклад, Пуціна: «Але ясна, што дыпламатычная недатыкальнасць кіраўніка дзяржавы не распаўсюджваецца на асобаў, на якія праводзяць генацыд. Чалавецтву патрэбны новы Нюрнберг».

Рэйнсалу падкрэсліў, што іншым краінам варта зразумець, што хутка вярнуцца да нармальных адносінаў з Расіяй і Пуціным не атрымаецца, бо гаворка не ідзе пра звычайную сітуацыю, у якой адносіны могуць нармалізавацца.

«Гэта генацыд, і зносіны на звыклым высокім узроўні з палітыкамі, якія праводзяць генацыд, не можа быць новай нармальнасцю. Таму патрэбная канцэпцыя юрыдычнай адказнасці, яна павінна вызначаць правілы нашых стасункаў або іх адсутнасць з Расіяй», — заявіў Рэйнсалу.


Нагадаем, як пісаў НЧ, больш за 40 краін у чэрвені падтрымалі скаргу Украіны аб генацыдзе ў Міжнародны суд: «Расія павінна адказваць за свае дзеянні. У сувязі з гэтым мы лічым, што парушэнне Расіяй міжнароднага права цягне за сабой міжнародную адказнасць краіны, а шкода, панесеная Украінай з прычыны парушэнняў Расіяй міжнароднага права, павінна быць неадкладна пакрытая, у адпаведнасці з прынцыпам дзяржаўнай адказнасці з боку Расіі цалкам».