«Пад суд трапяць некалькі сотняў высокапастаўленых асобаў». Юрыст НАК пра тое, якім будзе беларускі Нюрнберг

Адказны ў пытаннях юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве юрыст Міхаіл Кірылюк распавёў «Радыё Свабода» пра аналаг Нюрнберскага працэсу для беларускага рэжыму, пра тое, хто трапіць на лаву падсудных, наколькі важныя цяпер справы аб злачынствах супраць чалавечнасці паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Чым беларускі трыбунал будзе адрознівацца ад нюрнберскага
— Нюрнберг часта згадваюць у сувязі з беларускімі абставінамі, але ўсё ж Нюрнберскі працэс, трыбуналы па былой Югаславіі ці Руандзе — гэта трыбуналы пасля вайны, пасля ваенных злачынстваў і пасля генацыдаў. На сёння ў Беларусі вайны дэ-факта няма, хоць многія называюць тую ступень прававога дэфолту грамадзянскай вайной супраць свайго народу. У нас крыху іншыя абставіны.


Чаму важны зварот беларусаў у Федэральную пракуратуру Германіі
— Мы былі ў кантакце з праўнікамі, якія рыхтавалі справы, з якімі звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Германіі, заявіўшы аб учыненні Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці. Гэта быў вялікі памер матэрыялаў. Цяпер слова за нямецкім генеральным пракурорам.
Як можа працаваць універсальная юрысдыкцыя
— Калісьці большасць краінаў свету падпісалі Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Згодна з канвенцыяй злачынствы супраць чалавечнасці, такія як катаванні, настолькі небяспечныя не толькі для асобных людзей, але і для міжнароднай бяспекі, што адмятаецца прынцып тэрытарыяльнасці. У нармальнай сітуацыі кожная краіна расследуе злачынствы на сваёй тэрыторыі, і гэта звычайны прынцып. А калі справа тычыцца катаванняў, гэты прынцып не працуе, і любая краіна мае права заводзіць справы, выклікаць на допыты, збіраць доказы. І не мае значэння, ці былі закранутыя нямецкія ці беларускія грамадзяне. Гэта мае значэнне для бяспекі ўсіх краінаў, таму кожная краіна мае права рабіць такія захады.
Чаму гэта тычыцца непасрэдна Беларусі
— Беларусь гэтую канвенцыю ратыфікавала. У свеце ёсць не так шмат краінаў, якія не падпісалі і не ратыфікавалі гэтую канвенцыю, Калі заглянуць у старонку Вікіпедыі, там амаль уся мапа свету зялёная (гэтым колерам адзначаныя краіны, які ратыфікавалі канвенцыю). Калі справа будзе даведзеная да фіналу, то тыя людзі, імёны якіх будуць у прысудах, змогуць усё астатняе жыццё хавацца ў краінах кшталту Самалі.
Чаму менавіта Лукашэнку абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасці
— Цяжка даказаць сувязь паміж загадамі, якія аддаваў, на думку нямецкіх праўнікаў, Аляксандр Лукашэнка, і тымі злачынствамі, што рабілі беларускія сілавікі. Сувязь не відавочная, няма відэазапісу, дзе Аляксандр Лукашэнка аддае на камеру такія загады ці прызнаецца ў чымсьці. Але калі глядзець з юрыдычнага пункту гледжання, то ўся структура пабудаваная такім чынам, што немагчыма такія рэчы рабіць без ведама і згоды найвышэйшай асобы. Ёсць прававая канструкцыя — прэзідэнт кіруе Саветам міністраў, ён наймае, звальняе, яны перад ім адказныя, МУС яму цалкам падпарадкоўваецца. Ён таксама з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым. З юрыдычнага пункту гледжання немагчыма тут адмовіцца...
Чаму варта звяртацца з заявамі пра катаванні ў беларускія інстанцыі
— Гэта яшчэ адна ўмова, калі прымяняецца гэтая канвенцыя — калі людзі звярнуліся ў Следчы камітэт, пракуратуру, іншыя адказныя інстанцыі і не атрымалі там прававой абароны. Мы ведаем, што там адмовяць з нейкіх выдуманых прычын, але той факт, што ты прадставіў усе доказы катавання — фатаздымкі, медычныя сведчанні, паказанні сведак, а Следчы камітэт і пракуратура адмовіліся разглядаць гэтую справу ці зацягнулі яе на пэўны час, — усё гэта з'яўляецца доказам для юстыцыі «краіны здаровага чалавека», каб распачынаць такія справы.
Якім мае быць міжнародны трыбунал над рэжымам Аляксандра Лукашэнкі
— Уяўленне пра суд пад рэжымам залежыць ад таго, у якім пункце мы прыйдзем да гэтай новай Беларусі і ў якім стане будзе сістэма юстыцыі на той час. Ёсць думка дакладчыка АБСЕ, што ў Беларусі сістэма юстыцыі настолькі разбураная, што ёсць падставы для адкрыцця міжнароднага трыбуналу. Немагчыма сіламі беларускай юстыцыі выносіць прысуды ў адносінах да гэтых высокапастаўленых сілавікоў. І дакладчык АБСЕ прапануе стварыць міжнародны трыбунал.
Міжнародны трыбунал пад эгідай ААН ці разгляд у Міжнародным крымінальным судзе
— Потым былі заявы, што гэты міжнародны трыбунал будзе зроблены пад эгідай ААН. Таксама гэта можа адбыцца ў Міжнародным крымінальным судзе, калі Беларусь прыме на сабе юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду, бо Беларусь не падпісала дагэтуль Рымскі статут, і таму гэтыя справы там не разглядаюцца. І гэта можа зрабіць новае кіраўніцтва Беларусі.
Колькі людзей могуць судзіць
— Усе міжнародныя трыбуналы — справа не танная і не хуткая, калі паглядзець на гістарычныя прыклады. Там будуць праводзіцца працэсы па некалькіх дзясятках, мабыць, некалькіх сотнях высокапастаўленых асобаў. Увогуле ў гэтых злачынствах бралі ўдзел тысячы людзей. І тут беларусам самім прыйдзецца вырашаць гэтую сітуацыю з судовымі працэсамі. Самім прыйдзецца фармаваць новы парламент, новую судовую сістэму, актыўна ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці, каб не дапусціць гэтага зноў і разабрацца з той сітуацыяй, што ёсць цяпер.
Якія ёсць іншыя варыянты міжнароднага суда
— Беларусам самім трэба пагадзіцца на тое, каб юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда пачала распаўсюджвацца на Беларусь. Гэта адзін варыянт, другі варыянт — суд пад эгідай ААН. Трэці варыянт — прамежкавы, які існуе цяпер, гэта ўніверсальная юрысдыкцыя. Калі ёсць доказы па канкрэтных асобах, якіх можна ідэнтыфікаваць па нейкіх прыкметах і якія ўдзельнічалі ў катаваннях, то ў дачыненні да іх ужо зараз трэба пачынаць крымінальны пераслед у краінах, якія згодныя гэта рабіць, каб фіксаваць факт злачынства, і гэта дае магчымасць адправіць чалавека ў міжнародны вышук.
Хто будзе на лаве падсудных, акрамя кіраўнікоў сілавога блоку і найвышэйшага кіраўніцтва?
— 30 тысяч чалавек былі адвольна затрыманыя. Гэта прызнаюць усе магчымыя міжнародныя арганізацыі, ААН, АБСЕ, Камітэт па правах чалавека ды іншыя... І, як усе яны адзначаюць, вынесеныя прысуды не мелі на мэце абарону грамадства, а рабіліся дзеля палітычнага пераследу. Вынясенне прысуду з палітычнай мэтай, каб забараніць чалавеку выказваць свае думкі, — гэта службовае злачынства і паводле дзейнага Крымінальнага кодэксу. Калі чалавек у форме збівае кагосьці (начальнік турмы ці наглядчык), гэта злачынства. Усе гэтыя справы павінны быць расследаваныя.