Калі ў дыктатара няма палітычнай будучыні, ён пачынае займацца гістарычным мінулым
Заява нямецкіх адвакатаў у федэральную пракуратуру Германіі зачапіла і абурыла Аляксандра Лукашэнку. Рэакцыя не прымусіла сябе чакаць, піша гісторык з Дзюсельдорфу Аляксандр Фрыдман на «Радыё Свабода».
![Фота Дзмітрыя Дзмітрыева Фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/dom_urada_3_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Па сутнасці абвінавачанняў Лукашэнка чакана не выказаўся. Тым не менш ён выдатна разумее, якія жахлівыя падзеі адбываліся апошнім часам і працягваюць адбывацца ў Беларусі. Ведае ён і тое, што яму, магчыма, прыйдзецца несці за іх адказнасць. З гэтай непрыемнай думкай Лукашэнка будзе жыць усё сваё астатняе жыццё — і на пасадзе прэзідэнта, і пасля. Як жылі з гэтай думкай яго «сябры» Кадафі, Мілошавіч, Чавес, Хусэйн і Мугабэ, пра якіх Лукашэнка разважае ўсё часцей і чый лёс цяжка назваць зайздросным.
Заява адвакатаў выклікала ў Лукашэнкі чарговы прыступ германафобіі, і ён абрынуўся на нямецкіх «спадкаемцаў фашызму». Нічога дзіўнага тут няма. Гэта старыя савецкія прапагандысцкія штампы, якія палітрук Лукашэнка вывучыў яшчэ ў часы вайсковай службы, распаўсюджваў у якасці адказнага сакратара Шклоўскай арганізацыі таварыства «Веды», а сёння паўтарае ў якасці кіраўніка Беларусі.
З тых жа брэжнеўскіх часоў паходзіць і канцэпцыя «Вялікай Айчыннай вайны», якую сённяшняя беларуская дзяржаўная прапаганда тэрмінова імкнецца адаптаваць да новых палітычных рэалій і выкарыстаць у барацьбе з дэмакратычным пратэставым рухам.
Ці можа гэта атрымацца? Упэўнены, што не. І рэч тут нават не ў нафталінавай неасавецкасці гэтай канцэпцыі. Рэч у самім Лукашэнку, антырэйтынг якога зашкальвае, якога большасць беларусаў ужо не ўспрымае, марыць пра яго сыход і адкідае ўсё, што паходзіць ад рэжыму.
У Лукашэнкі няма палітычнай будучыні, сучаснае становішча не выклікае аптымізму, а погляд скіраваны ў мінулае. І гэта, напэўна, галоўнае, што трэба ведаць пра сённяшнюю прамову Аляксандра Лукашэнкі.