«Лукашэнка і яго абслуга, самі таго не жадаючы, паставілі пытанне пра Беларусь без Лукашэнкі»

Антыканстытуцыйны дэкрэт Лукашэнкі аб наданні паўнамоцтваў Радзе бяспекі нарэшце з’явіўся. Аднак, яму спадарожнічае шэраг дзівосаў і наступстваў.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo_1.jpg


Для Лукашэнкі важна тое, што дэкрэт падпісаны 9 траўня, на Дзень Перамогі. Што павінна дадаць дадатковы сімвалізм гэтаму дакументу. І яго змест зусім не адпавядае яго назве: «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Якое дачыненне, напрыклад, да суверэнітэту мае механізм пераймання ўлады пасля сыходу Лукашэнкі — незразумела, піша Валерый Карбалевіч на Радыё Свабода.

Пра змест дэкрэту было ўжо многа напісана. Думаю, шмат палітычных суб’ектаў захочуць пачуць заключэнне Канстытуцыйнага суду наконт яго адпаведнасці Канстытуцыі.

Але тут цікавыя яго наступствы. Не толькі наўпроставыя палітычныя і прававыя, але і грамадскія, яго ўплыў на грамадскую свядомасць. Ва ўсёй гэтай гісторыі для ўладаў ёсць яшчэ адна праблема, якую, здаецца, яны не ўсведамляюць. Глядзіце, што бачыць абывацель на афіцыйным інфармацыйным экране. Канстытуцыйная рэформа, пасля якой незразумела, якая будзе новая канструкцыя ўлады і месца ў ёй Лукашэнкі. Змова супраць Лукашэнкі, пра якую дзяржаўныя медыі апавядаюць некалькі тыдняў. Вось дэкрэт на выпадак, калі раптам з Лукашэнкам нешта здарыцца.

Невыпадкова ў ранейшыя часы кіраўнікі хавалі ад народу спробы змоваў, каб не выстаўляць сваю слабасць, ўразлівасць на ўсеагульны агляд і не надаваць дадатковай вагі сваім ворагам.

Але, жадаючы напалохаць народ, максімальна дыскрэдытаваць апазіцыю, улады ў рэальнасці спрацавалі на дэсакралізацыю Лукашэнкі. Дэкрэт № 2 — гэта палітычнае завяшчанне Лукашэнкі. Калі тут, на гэтай тэрыторыі пішуць завяшчанне? Гэта там, у Амерыцы, усе людзі, незалежна ад узросту, пішуць падобнага роду дакументы ў маладым ўзросце. А тут завяшчанне пішуць у момант адчування сыходу ў іншы, лепшы свет. У нашым выпадку, гаворка пра палітычны сыход.

Памятаеце выснову вядомага расійскага палітыка Вячаслава Валодзіна: «Ёсць Пуцін — ёсць Расія, няма Пуціна — няма Расіі». 27 гадоў дзяржаўныя медыі даводзілі беларускаму грамадству падобную выснову, замяніўшы прозвішча Пуціна на Лукашэнку.

І вось цяпер сам Лукашэнка і яго абслуга, магчыма, самі таго не жадаючы, паставілі пытанне пра Беларусь без Лукашэнкі. Дэкрэт № 2 — гэта наканаванасць, адчуванне асуджанасці лёсу, адсутнасці перспектывы. Гэта працяг таго сюжэту мінулага году пра з’яўленне Лукашэнкі на экране з аўтаматам і ў бронекамізэльцы. То бок гэтым дэкрэтам ён сам адкрывае грамадству гарызонт у постлукашэнкаўскую эпоху.

Падпісваючы згаданы дэкрэт, Лукашэнка ставіць на парадак дня грамадскіх абмеркаванняў пытанне пра тое, што будзе пасля Лукашэнкі, міжволі правакуючы штучны крызіс яго легітымнасці. У падсвядомасць беларускага грамадства закладваецца думка, што аказваецца, і без Лукашэнкі Беларусь можа жыць. Гэта пераварот ва ўяўленнях яго прыхільнікаў.