Спяваў і быў забіты

Слова — гэта зброя. Слова паэта і музыкі — тым больш. У любога народа ў крытычныя для яго моманты заўсёды быў адзін ці шмат песняроў, якія гераічнымі радкамі натхнялі тысячы сваіх суродзічаў на подзвігі. І замацоўвалі гэтае натхненне ўласнай крывёю.

getimage1.png

Імам Алімсултанаў нарадзіўся ў 1957 гаду ў Кіргізіі, дзе пасля гвалтоўнай сталінскай высылкі знаходзілася яго сям'я. Калі ім далі дазвол вярнуцца на радзіму, Імаму быў усяго адзін год.

Біяграфія яго да пачатку актыўнай творчасці не ўтрымлівае надта значных дэталяў. Скончыў школу, вучыўся ў Растове на інжынера-меліяратара. Праўда, як гэта часта бывае, схільнасць да музыкі дала аб сябе ведаць ужо ў раннім узросце. Як узгадвае жонка старэйшага брата спевака, ужо ў шостым класе ён «...любіў музыку і ўвесь час вазіўся з гітарай». Грошай на нармальны інструмент у сям'і, вядома, не было. Але — «галыцьба на выдумкі хітрая» — Імам раздабыў недзе дзве зламаныя гітары, усю ноч збіраў і разбіраў іх, а зранку ўжо пеў на самаствораным гібрыдзе нейкія песні.

Самастойна Імам пачаў займацца з сярэдзіны 1980-х, але на прафесійны шлях змог стаць даволі позна.У 1988-м годзе ён, на свой страх і рызыку, прыйшоў у Чачэнскую дзяржаўную філармонію. Узгадвае Муса Гешаеў — творчы настаўнік і аўтар песняў Імама:

«Размаўляў па-чачэнску, але з акцэнтам, уласцівым для чачэнцаў-акінцаў [...] Артысты пасмейваліся, ніхто не хацеў слухаць яго спевы. Усе разумелі: калі ён размаўляе з такім акцэнтам, то з ім прыйдзецца шмат вазіцца, а філармонія — гэта не кансерваторыя і не музыкальнае вучылішча, тут патрэбныя прафесіяналы. Але юнак быў настойлівы. Ведаючы свае недахопы, ён чырванеў і ад хвалявання трошкі заікаўся. Я запрасіў яго ў вольную залю, дзе нікога не было, і, каб супакоіць і скіраваць да сябе, пачаў распытваць, хто ён і адкуль. Малады чалавек сказаў, што скончыў растоўскі інстытут меліярацыі і воднай гаспадаркі. Там навучыўся граць на гітары і пачаў пець. Сям'я ягоная пражывала ў Хасавюрце, бацька быў інвалідам без рук, але энергічным горцам. Мы паразмаўлялі яшчэ трошкі, потым прайшлі ў сад і я сказаў: «Зараз пой усё што хочаш». Ён узяў гітару і запеў аб сваім аднасяльчаніне, Герое Савецкага саюза Ханпаше Нурадзілаве. Потым іншыя песні. Па праўдзе кажучы, творы, якія ён выконваў, калі іх можна так назваць, былі слабыя. [...] Вядома, ён стараўся пераканаць мяне, што таленавіты. Ягоныя спевы больш былі падобныя на рэчытатыў. Юнак спрабаваў скрыць свае недахопы гучным голасам і эмацыйным выкананнем.Перада мной быў абсалютна «сыры матэрыял». Але ён не быў заштампаваны. І самае каштоўнае — ягоны голас.

Людзі, якія адпачывалі ў садзе і былі выпадковымі гледачамі, мімаволі заслухаліся».

Імам пачаў працаваць. Усяго год яму спатрэбіўся каб, па словах, непараўнальна змяніцца. І ўжо ў 1989-м чачэнскае тэлебачанне здымае пра маладога спевака фільм, які зрабіў у маленькай рэспубліцы эфект выбуху бомбы. Чаго вартая была толькі адна пранізлівая песня аб дэпартацыі чачэнаў і інгушаў:
...Нас всех приказом выгнали с презреньемС родной вайнахской обжитой земли.И, как животных, в скотские вагоныГрузили в тот военный трудный год.За что наказаны в то время были горцы,В чем провинился перед Родиной народ?Все ужасы судьбы мы испытали,Косил нас голод смертною волной,Мы Сталина в молитвах проклинали,Но он молитв не слышал ни одной.

На наступны дзень пасля паказу фільма ў філармонію пасыпаліся званкі з падзякамі і пахваламі, больш за тое, як узгадвае ўсё той жа Муса Гешаеў, незнаёмы мужчына, якому бацька загадаў расшукаць аўтараў фільма, прывёз у філармонію барана і скрыню каньяку — і, насуперак усім адмовам, уручыў яе Гешаеву.

Аднак тое быў 1989 год, і чэкісты нікуды не падзеліся... Услед за прыхільнікамі і ўдзячнымі гледачамі Імама захацелі пабачыць супрацоўнікі КДБ. Яго не было ў філармоніі, і яны зрабілі строгую «вымову» самому Гешаеву, абвінаваціўшы яго ў тым, што песні ягонага гадаванца падрываюць стабільнасць у рэспубліцы.

Але ён працягнуў вучыцца, на гэты раз у Маскве. З неахвотай ён пакінуў родны Грозны, і пасля таго, як паказаў сваю праграму, журы эстраднай майстэрні прыняла яго на двухгадовыя курсы. Падчас навучання ён атрымліваў самыя лепшыя эпітэты ад тых, хто яго навучаў.

«У ім ёсць нешта, што адрознівае яго ад іншых спевакоў. У яго свой, непадобны на іншых голас», — казала настаўніца Імама па вакалу, дадаючы, праўда, што «ён не можа развітацца са старым багажом і занадта любіць «героіка-патрыятычныя спевы».

Аднак праз сем месяцаў пасля пачатку курсаў Імам пакідае Маскву і прыблізна напрыканцы 1990-напачатку 1991 вяртаецца ў Грозны. Дакладныя прычыны, чаму спявак завязаў з прафесійным навучаннем, якое яму вельмі падабалася, невядомыя. Хутчэй за ўсё тут сышліся два чыннікі: беднасць яго сям'і («Жонка плакала, размаўляючы з ім па тэлефоне», — узгадвае Гешаеў), і антычачэнскія, шавіністычныя настроі, якія пачалі квітнець у расійскай сталіцы. Магчыма, што і сам Імам не раз у гэтыя часы сутыкнуўся з нянавісцю і ксенафобіяй з боку тых, хто прывык лічыць «іншародцаў» прычынай усіх бед.

Па вяртанні Імам пачаў гастрольную дзейнасць і выступіў ледзь не ў кожным чачэнскім сяле. Асабліва яго палюбілі ў Хасавюртаўскім раёне. Заробкі падраслі — Імам апрануўся, купіў аўтамабіль і дом, неўзабаве змог пакінуць філармонію.

Калі ў Чачні прыйшоў да ўлады Джахар Дудаеў, Імам пачаў часта выступаць на шматтысячных мітынгах на плошчы Свабоды. Яго захапіла рэвалюцыйная плыня. «Спявак-трыбун, ён трапіў у сваю стыхію», — піша Муса Гешаеў. У той жа час з'явіліся і першыя касетныя альбомы Алімсултанава.

Рамантыка ўзброенага канфлікту, відаць, даўно пачала цягнуць Імама. І яшчэ да пачатку першай чачэнскай, напрыканцы 1991-га, ён быў у Абхазіі разам з Шамілём Басаевым, які ўзначальваў «Абхазскі батальён». Знаходзіўся ён там у якасці ваяра ці спевака — невядома.


Калі Расія напала на незалежную Ічкерыю, канцэртная дзейнасць Алімсултанава ўвогуле атрымала адценне гераізму. Ён выступаў перад раненымі, перад тымі, хто з-за няспынных артабстрэлаў і бамбёжак не мог выбрацца з падвалаў. Выступаў нават каля блакпастоў і месцаў дыслакацыі акупацыйных войскаў з лірычнымі, «задушэўнымі» песнямі, а пасля яшчэ звяртаўся з прамовамі да расейцаў, у якіх папракаў іх за тое, што яны па чыімсьці загадзе прыйшлі забіваць чачэнцаў.

Пасля аднаго такога выступу нехта з салдатаў крыкнуў: «Ён падасланы! Агітатар! Кулю яму ў лоб!». У Імама аднялі гітару, запхалі ў БТР і адвезлі ў фільтрацыйны лагер у Ханкалу, дзе цэлую ноч са спявака здзекваліся і збівалі. Вызваленне, па словах Гешаева, адбылося дзякуючы ўльтыматуму чачэнцаў.

Нельга не прыгадаць унікальную і па-свойму прароцкую песню «УНА-УНСО», прысвечаную братэрству народаў, якія змагаюцца супраць расейскага каланіялізму:
Украина, спасибо тебеВ этой неравной борьбеЗа слово, за братство в ЧечнеВ этой жестокой войне...
Это было тогда в том 30-м
Свела нас судьба и тогдаГолод, разруха кругомУкраинцев Чечня приняла

Не простае супадзенне і тое, што Украіна стала краінай, якая прыняла Імама назаўжды. 10 лістапада 1996 года, пасля выступу ў Адэсе, у кватэру, дзе спыніўся спявак, зайшлі двое забойцаў, якія расстралялі спачатку ягонага сябра, які адчыніў дзверы, а пасля самога Імама. Трэцяму спадарожніку атрымалася выжыць, бо ён знаходзіўся ў ваннай.
Калі верыць чачэнскім форумам, у забойстве Алімсултанава спецслужбамі Расіі былі зайдзенічаны трое этнічных чачэнцаў, адзін з якіх у хуткім часе быў «ліквідаваны».
Як узгадваюць відавочцы, што прыбылі на месца здарэння, у залітай вадой і кроўю кватэры (ад стрэлаў былі прабітыя батарэі ацяплення) побач з забітым бардам плаваў маленькі сцяжок Ічкерыі — таксама прабіты кулямі...
Слова — гэта зброя. Гэтая прапісная ісціна праступае яшчэ больш яскрава ў эпоху гібрыдных войнаў і высокатэхналагічных інфармацыйных кампаній. Павал Шарамет, Алег Бебенін, «амаль забіты» Аркадзь Бабчанка... Імам Алімсултанаў цалкам можа стаяць у гэтым шэрагу людзей ад якіх імперыя звярыным чуццём адчувае небяспеку і таму знішчыла іх насуперак усім правілам маралі і вядзення вайны. Аднак забіўшы Імама, наёмныя кілеры і ўсе спецслужбы Расіі так і не здолелі анічога зрабіць з ягонай зброяй — песнямі, ужо даўно шматкроць растыражаванымі на фізічных і віртуальных носьбітах, у памяці тысяч людзей.
І ў тым, што гэтыя песні перажывуць імперыю, сумнявацца не прыходзіцца.
У матэрыяле скарыстаныя дадзеныя кнігі Мусы Гешаева «Знакамітыя чачэнцы»