Дзмітрый Калдун выступіць у Данецку ў дзень выбараў у ДНР

Пра гэта піша Радыё Свабода са спасылкай на Данецкае агенства навінаў

aif.ru

aif.ru

Канцэрт беларускага спевака Дзмітрыя Калдуна і расійскай спявачкі Юліі Міхальчык адбудзецца 11 лістапада на цэнтральнай плошчы Данецку. Пра гэта паведамілі ў Фондзе «Адзіны Данбас» Данецкаму агенству навінаў. «Канцэрт папулярных выканаўцаў Дзмітрыя Калдуна і Юліі Міхальчык пры садзеянні Расійскага цэнтра адбудзецца 11 лістапада ў Данецку на плошчы Леніна», — гаворыцца ў паведамленні. Удакладняецца, што пачатак канцэрту, а 20:00, уваход вольны.
Дзмітрый Калдун прадстаўляў Беларусь на конкурсе Еўравізія 2007 году з песняй «Work Your Magic», заняўшы шостае месца.
Еўрасаюз лічыць намечаныя на нядзелю 11 лістапада выбары на не падкантрольных Украіне тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей незаконнымі і нелегітымнымі і не прызнае іх вынікаў. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай у суботу заяве кіраўніцы знешнепалітычнага ведамства ЕС Фэдэрыкі Магерыні.
У заяве падкрэсліваецца, што, згодна з Мінскімі пагадненнямі, любыя выбары на тэрыторыі, якую кантралююць падтрыманыя Расіяй сепаратысты, павінны быць праведзеныя ў рамках заканадаўства Ўкраіны і па стандартах АБСЭ. У краінаў Захаду адзіная пазіцыя адносна галасавання на Данбасе. Амбасада ЗША ў Кіеве назвала выбары «фарсам» і заклікала жыхароў Данбасу не ўдзельнічаць у галасаванні.