Латушка: Cтратэгія па Беларусі сёння ёсць толькі ў Расіі

«Свабодная, незалежная, еўрапейская і дэмакратычная Беларусь — гэта гарантыя таго, што Расія больш не зможа ажыццявіць агрэсію не толькі супраць Украіны, але і ў дачыненні да ЕС», — сказаў кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў часе панэльнай дыскусіі «Змярканне еўрапейскіх аўтарытарызмаў або гістарычная паўза?» на эканамічным форуме ў Карпачы (Польшча).

ploshchad_nezavisimosti_20200822_shuk_tutby_phsl_2096_aaeb273462d00ff23b77d08392424f09c90308f3_logo.jpg.webp

Латушка адзначыў, што свабодная і дэмакратычная Беларусь з'яўляецца гарантыяй бяспекі Еўропы, але сёння стратэгія па Беларусі ёсць толькі ў Расіі.

Як лічыць Латушка, пасля распаду СССР беларусаў і ўкраінцаў запісалі ў народы, якія знаходзяцца пад больш вялікім уплывам Масквы і Крамля, чым палякі і чэхі. «Таму і стаўленне да фарміраванай аўтарытарнай сістэмы было такое ж памяркоўнае», — адзначыў ён.

«Але калі ў цэнтры Еўропы існуе дыктатура, складана сабе ўявіць, што ў самой Еўропе не будзе спакусы ў некаторых палітыкаў стаць больш аўтарытарнымі. Па сутнасці Беларусь стала дзвярыма паміж заходняй дэмакратычнай і ўсходняй аўтарытарнай цывілізацыямі.

Толькі абуджэнне беларускага грамадства ў 2020 годзе ў пэўнай ступені зрушыла сітуацыю з месца, і замест супрацоўніцтва з рэжымам і заплюшчвання вачэй на дыктатуру мы пачулі з боку Захаду «глыбокую заклапочанасць» гвалтам і рэпрэсіямі.

Сённяшнія падзеі — гэта вынік таго, што некаторым нацыям чамусьці не дазваляюць скарыстацца іх правам на самавызначэнне паўнавартасна. Таму што нават сёння сталіцы Заходняй Еўропы дагэтуль думаюць імперскімі катэгорыямі або як мінімум катэгорыямі Realpolitik», — заявіў Латушка.

Глядзіце таксама

Ён падкрэсліў, што толькі дэмакратычная Беларусь з'яўляецца гарантам бяспекі Еўропы.

«Бо свабодная, незалежная, еўрапейская і дэмакратычная Беларусь — гэта гарантыя таго, што Расія больш не зможа ажыццявіць агрэсію не толькі супраць Украіны, але і ў дачыненні да ЕС, дзе першым фарпостам ужо з'яўляюцца Польшча, Літва і Латвія. Тады і ў самой Еўропе будзе менш магчымасці для аўтарытарнай Рэканкісты, бо аўтарытарызм вельмі прывабны для многіх палітыкаў. Калі ў дачыненні да Беларусі з'явіцца выразная і ясная стратэгія, аўтарытарызму ў Еўропе будзе вельмі складана, але, на жаль, я павінен канстатаваць, што стратэгія па Беларусі сёння ёсць толькі ў Расіі. Гэтая стратэгія — інкарпараваць Беларусь, уключыць Беларусь у склад Расіі», — мяркуе Латушка.

На думку Латушкі, стратэгія Еўропы па Беларусі павінна была быць выпрацавана «яшчэ ўчора». «Сёння мы назіраем, як на вачах усёй Еўропы, з яе маўклівай згоды, знікае краіна пад назвай Беларусь», — заявіў Латушка.

Паводле Reform.by