«Чым больш у Еўропе будзе супакойваючых размоў, тым даражэй у ёй будзе расійскі газ»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», які радуе нас дасціпнымі іранічнымі каментарамі па сітуацыі ў Беларусі, цяпер разважае наконт агульнай еўрапейскай стратэгіі ў дачыненні да Расіі. І прыходзіць да высновы, што прынцыповая пазіцыя — лепш, чым не прынцыповая.

88430dfbebb40f337fcd24130f23b117.jpg


Учора глабальны харчовы крызіс, пра які так шмат кажуць, атрымаў абцяжарванне ў выглядзе лакальнага газавага. Ну як лакальнага? Еўрапейскага прыкладна маштабу. «Газпром» скараціў штодзённыя пастаўкі газу ў Еўропу па «Паўночным патоку», з-за чаго цана газу адразу вырасла. І вось мне падаецца, што гэта той класічны выпадак, калі ў выбары паміж танным газам і ганьбай, ты абіраеш танны газ і атрымліваеш ганьбу. А газ, што характэрна, усе роўна даражэе.

І расійскія ўлады тлумачаць скарачэнне, вядома, выключна тэхнічнымі прычынамі. Яны кажуць, што Siemens сышоў з расійскага рынку, а без Siemens рамантаваць «Паўночны паток» стала няма каму. Ну расійскія ўлады і Сусветны патоп патлумачылі б дробнымі тэхнічнымі непаладкамі.

Але характэрна, што пакуль ЕС і ЗША спаборнічалі, хто ўвядзе больш санкцый супраць Расіі, расійскія газаправоды неяк не мелі патрэбы ў рамонце. І нафтаправоды пампавалі ўсё, што ім належыць. І пакуль масавыя і паскораныя пастаўкі зброі ва Украіну былі верагоднай перспектывай, у адказ расійскія санкцыі супраць Захаду насілі ў асноўным вербальны характар.

Але потым розныя еўрапейскія людзі замест размоў пра санкцыі сталі ўсё больш казаць пра ўражаны гонар Расіі. Аб тым, што расійскай уладзе трэба дапамагчы ў пошуках страчанага ёю твару. Нацыянальным гонарам вялікаросаў, зноў жа, занепакоіліся. І замест таго, каб шукаць для Украіны зброю, міратворцы сталі шукаць кампрамісы.

І я нават магу зразумець еўрапейскіх бюракратаў, якіх вучылі шукаць кампрамісы яшчэ ў іх бюракратычных дзіцячых садках. Але расійская ўлада ўладкаваная па-іншаму. Расійская ўлада любы кампраміс лічыць саступкай. А любая саступка — прыкмета слабасці. А рэальныя пацаны са слабакамі не дамаўляюцца. Рэальныя пацаны наязджаюць па-пацанску, і адціскаюць усё, што ім трэба. Так што смяротны прысуд, які вынеслі дваім брытанскім і аднаму мараканскаму добраахвотніку ў АРДЛА — прамы вынік улагоджваючых размоў. І чым больш будзе ў Еўропе супакойваючых размоў, тым даражэй у ёй будзе расійскі газ. Не кажучы ўжо пра ганьбу.

Але ведаеш, мне падаецца, што ў гэты раз улагоджваючыя размовы так размовамі і застануцца. Дый гэтыя размовы хутка скончацца. Таму што, адчуўшы слабіну, расійскія ўлады адразу сталі рабіць не па розуму, а па-пацанску. Замест таго, каб адлюстраваць добрую волю і зрабіць выгляд, што шукаюць у сябе кампрамісы, адразу растапырылі пальцы і адключылі газ. І нават самому міралюбнаму бюракрату цяжка не заўважыць, што добрым словам і пастаўкамі ракетных сістэм ва Украіну можна дамагчыся значна большага, чым адным толькі добрым словам.