Дональд Трамп чакае ад РФ рашэння аб спыненні вайны ва Украіне ўжо на гэтым тыдні
Цярпенне ў Трампа ў чарговы раз заканчваецца — ён чакае ад Расіі адказу, ці гатовая яна да спынення вайны ва Украіне. Пуцін не адказаў, але адказаў прадстаўнік Расіі ў ААН, які лічыць спыненне агню «нерэалістычным». Паглядзім, што скажа кіраўнік ЗША на наступным тыдні. Ідзе 1150-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксаваныя 143 баявыя сутыкненні, піша Генштаб УСУ ў зводцы за 18 красавіка. Амаль палова атак прыйшлася на Пакроўскі кірунак — там УСУ спынілі 64 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Старай Мікалаеўкі, Зялёнага Поля, Вадзянога Другога, Елізаветаўкі, Новатарэцкага, Лісаўкі, Котлінага, Успенаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Надзеі, Новага, Новаміхайлаўкі, Ямпалаўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ 11 разоў атакавала ўкраінскія падраздзяленні каля Тарэцка, Азаранаўкі і Дружбы.
На Краматорскім кірунку адбылося восем нападаў расіян на пазіцыі ўкраінскіх войскаў, на Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі дзевяць атак.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 21 баявое сутыкненне.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся пад Тарэцкам. Між тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войск паблізу Купянска, Пакроўска, Новапаўлаўкі, Вялікай Навасёлкі, Тарэцка, на захадзе Запарожскай вобласці і ў Курскай вобласці Расіі, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 16 красавіка, паказваюць, што расійцы захапілі манастыр Святога Мікалая на паўднёвы захад ад Гуева (на поўдзень ад Суджы паблізу міжнароднай мяжы) Курскай вобласці. Але некаторыя расійскія «ваенкоры» сцвярджалі, што УСУ ўсё яшчэ займаюць тэрыторыю манастыра.
16 і 17 красавіка працягваліся баі каля Гарналя (на паўднёвы захад ад Суджы), Алешні (на захад ад Суджы) і Гуева. Таксама баі трывалі на паўночным захадзе Белгарадскай вобласці.
У Сумскай вобласці УСУ адціснулі войскі РФ на поўнач ад Белаводаў і прадухілілі спробы расійцаў захапіць вышыні каля Юнакаўкі.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся на ўсход ад Каменкі (на паўночны ўсход ад Купянска паблізу міжнароднай мяжы).
Сілы абароны Украіны прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 16 красавіка сведчаць, што УСУ прасунуліся ў заходняй частцы Дружбы (паўночны ўсход ад Тарэцка). Але і расійцы прасунуліся ў паўночнай і паўночна-заходняй частках Тарэцка і на шахце Новатарэцка на паўночны захад ад горада.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на ўсход ад Міралюбаўкі (на ўсход ад Пакроўска)., і да паўночнай часткі Надзіеўкі (на ўсход ад Новапаўлаўкі) у Данецкай вобласці. Таксама войскі РФ трохі прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Днепраэнергіі (на поўнач ад Вялікай Навасёлкі).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 красавіка, паказваюць, што расійскія падраздзяленні прасунуліся ўздоўж трасы Т-0815 на поўдзень ад Малой Такмачкі (на паўднёвы ўсход ад Арэхава) падчас механізаванага штурму на шырокім фронце на поўдзень і паўднёвы захад ад Арэхава (Запарожская вобласць).
* * *
У ноч на 18 красавіка расійскія войскі запусцілі па Украіне шэсць ракет «Іскандэр» і амаль 40 беспілотных лятальных апаратаў (БпЛА) паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Пацверджана збіццё 26 паветраных цэляў — 3 крылатыя ракеты «Іскандэр-К», і 23 ударныя дроны. 10 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя.
Тры астатнія ракеты «Іскандэр» аскепкава-фугаснага дзеяння ўдарылі па Харкаве. Ракеты выбухнулі ў паветры, каб нанесці як мага большую шкоду ў горадзе. «Ужо ўстаноўлена, што падрыў ракеты адбыўся ў паветры з мэтай як мага большай паразы грамадзянскіх аб'ектаў», — паведаміла Харкаўская абласная пракуратура.
У выніку ўдару адзін чалавек загінуў, больш за 70 атрымалі раненні, сярод іх — дзеці.
У Сумах расійскі «Шахед» трапіў у прадпрыемства, якое з'яўляецца вядучым вытворцам хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў — пашкоджана вытворчасць пасак, у выніку ўдару загінуў прадпрымальнік, які прыехаў за святочнай прадукцыяй.
У выніку ранішняй расійскай ракетнай атакі ў Дняпры пашкоджаны гатэль, офіс і фітнес-цэнтр, абышлося без пацярпелых.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі ў Белым доме заявіў, што чакае ад Расійскай Фэдэрацыі рашэння аб спыненні вайны ва Украіне ўжо на гэтым тыдні.
Журналісты спыталі ў Трампа, як доўга Штаты будуць чакаць ад Пуціна адказ на прапанову аб замірэнні, а таксама пра тое, ці накладуць Штаты новыя санкцыі на Расію.
«Мы даведаемся пра гэта на гэтым тыдні. Мы збіраемся атрымаць ад іх інфармацыю на гэтым тыдні, вельмі хутка, і паглядзім. Але мы хочам, каб гэта спынілася. Мы хочам, каб смерць і забойствы спыніліся», — адказаў на гэта Трамп.
Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не адказны за вайну ва Украіне. «Я не лічу, што Зяленскі адказны за гэта. Але я не рады таму факту, што вайна пачалася», — заявіў Трамп.
Хто адказны за пачатак вайны, Трамп не сказаў, але падкрэсліў, што ён незадаволены ўсімі, хто ўдзельнічае ў гэтай вайне.
* * *
У Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што Расія тэрмінова павінна паказаць, ці сур'ёзна яна настроеная казаць пра ўсталяванне міру ва Украіне і спыненне вайны. З такой заявай выступіла спікер ведамства Тэмі Брус.
Яна падкрэсліла, што амерыканскі дзяржсакратар Марк Рубіё лічыць, што час для міру наступіў цяпер, а не на працягу наступных месяцаў ці гадоў. «Ён канкрэтна заявіў, што гэта пытанне тыдняў, калі мы павінны даведацца, ці сур'ёзна настроена Расія, каб пакласці канец гэтай катастрофе. Цяпер цывілізаваны свет чакае адказу, ці сапраўды Расія настроена сур'ёзна», — адзначыла Брус.
* * *
Пастаянны прадстаўнік Расіі ў ААН Васіль Небензя заявіў, што спыненне агню ва Украіне цяпер з'яўляецца нерэалістычным. Ён заявіў, што спыненню агню перашкаджае нібыта парушэнне Украінай мараторыя на ўдары па энергетычнай інфраструктуры.
«У нас была спроба абмежаванага спынення агню па аб'ектах энэргетычнай інфраструктуры, якое не было выкананае ўкраінскім бокам. У цяперашніх абставінах казаць аб спыненні агню проста нерэалістычна на гэтым этапе», — заявіў ён.
Нагадаем, што раней непасрэдны начальнік Небензі Сяргей Лаўроў наогул адмаўляў наяўнасць якіх-небудзь дамоўленасцяў аб спыненні агню па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры.
* * *
Расійскія ўлады баяцца еўрапейскай дапамогі Украіне, і таму спрабуюць паказаць дапамогу Украіне правакацыйнай і прымусіць Еўропу стрымлівацца ад гэтай падтрымкі. Крэмль выкарыстоўвае ўсё больш пагрозлівую рыторыку ў дачыненні да Еўропы, каб не даць падтрымаць Украіну і абараніць сябе, адзначаюць эксперты ISW.
У Інстытуце звяртаюць увагу, што прэс-сакратарка МЗС Расіі Марыя Захарава 17 красавіка папярэдзіла: Расія будзе разглядаць любы ракетны ўдар нямецкімі ракетамі Taurus па Расіі як прамы ўдзел Германіі ў вайне ва Украіне.
Захарава таксама пагражала Эстоніі, паўтараючы нядаўнюю пагрозу кіраўніка Службы замежнай выведкі Расіі Сяргея Нарышкіна, што Польшча і краіны Балтыі «першымі пацерпяць» у выпадку «агрэсіі NATO» супраць Расіі ці Беларусі.
Аналітыкі адзначаюць, што Крэмль неаднаразова выкарыстаў падобныя пагрозы ў дачыненні да заходніх дзяржаў, якія аказваюць вайсковую дапамогу Украіне, каб паўплываць на прыняцце пастаноў Захадам і стрымаць дапамогу Кіеву, уключаючы амаль ідэнтычныя пагрозы супраць ЗША што да дазволу Украіне ўдарыць па Расіі з ATACMS.
«Крэмль, верагодна, імкнецца прадставіць еўрапейскія намаганні па ўзмацненні еўрапейскіх і ўкраінскіх абаронных магчымасцяў як правакацыйныя, каб падштурхнуць еўрапейскія краіны да самаўтрымання ад прадастаўлення Украіне дадатковай ваеннай падтрымкі і ўмацавання еўрапейскіх абаронных магчымасцяў», — пішуць у ISW.