Генеральны сакратар NATO: Альянс распрацоўвае новыя фарматы абароны Украіны
Вайна ва Украіне працягваецца, а Расія па-ранейшаму «марозіцца» наконт перамір’я. Калі ім выгадна, яно нібыта ёсць, а калі невыгадна — то няма. Тым часам у NATO думаюць, як забяспечыць працяглы мір пасля вайны. Ідзе 1148-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 111 баявых сутыкненняў., паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 16 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмы расіян у раёнах Зялёнага Поля, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Удалага, Навасергіеўкі, Траецкага, Вадзянога Другога, Багданаўкі, Андрэеўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак непадалёк Дачнага, Дыліеўкі, Тарэцку і Курдзюмаўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавада 14 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новаміхайлаўкі, Надзеі і ў бок Новага, Зялёнай даліны.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне 12 разоў спрабавалі прарвацца паблізу Канстанцінопалю, Прывольнага, Разліву, Свабоднага Поля.
На Северскім кірунку УСУ адбілі пяць штурмаў расіян ля Верхнекаменскага і Белагораўкі.
У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ адбілі 17 атак расіян. Армія РФ нанесла 38 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 72 кіраваных авіябомбаў.
* * *
У ноч на 16 красавіка Расійская Федэрацыя запусціла па Украіне 97 ударных БПЛА тыпу Shahed і іншых. Пацверджана збіццё 57 дронаў, 34 беспілотнікі былі лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў.
Раніцай 16 красавіка расийцы атакавалі Херсон. Чатыры авіябомбы трапілі ў будынак Лядовай арэны, разбурыўшы яе. Таксама быў нанесены ўдар па мікрараёне «Таўрычны». У выніку ўдару загінуў адзін чалавек, яшчэ пяцёра атрымалі раненні. Пашкоджаны дзве навучальныя ўстановы, тры супермаркеты, паштовае аддзяленне, шматпавярховыя жылыя дамы.
У Іванаўскай вобласці РФ раніцай 16 красавіка была атакаваная 112-я гвардзейская ракетная брыгада, якая датычная да ўдару па Сумах, у выніку якога загінулі 36 чалавек. У аператыўным штабе Іванаўскай вобласці паведамілі, што сіламі СПА Мінабароны Расіі ў Шуі адбіваецца атака беспілотнікаў. На месцы падзення абломкаў БПЛА працуюць спецыялісты, адказныя службы займаюцца ліквідацыяй наступстваў.
Пра наступствы атакі не паведамляецца.
* * *
Расійская армія разглядае магчымасць наступу на Сумскую і Харкаўскую вобласці. Не выключана, што для гэтага Масква можа прыцягнуць войскі Паўночнай Карэі, заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Чарняк у інтэрв'ю японскаму выданню NHK.
Паводле яго, паўночнакарэйскія войскі, якія ваююць разам з расійскімі сіламі, цалкам авалодалі сучаснай тактыкай, ствараючы сур'ёзную пагрозу на полі бою. Байцы КНДР навучыліся выкарыстоўваць дроны і РЭБ, а таксама навучаюцца ўжываць зброю і тактыку расійцаў, атакуючы групамі па два-тры жаўнеры.
Са слоў прадстаўніка ГУР, палова снарадаў, якія выкарыстоўвае Расія, вырабляецца ў Паўночнай Карэі, якая таксама пастаўляе ў РФ і ракеты.
* * *

* * *
Расійская Федэрацыя можа неўзабаве заявіць аб завяршэнні «энергетычнага перамір'я» і ўзмацніць ўдары па тэрыторыі Украіны, лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Як піша ISW, да гэтага часу дакладныя параметры перамір'я, уключаючы дату яго завяршэння, застаюцца незразумелымі. У той жа час кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў у каментары расійскім СМІ заявіў, што «такіх дамоўленасцяў (энергетычнага перамір'я — Рэд.) няма» і нагадаў, што Расія адхіліла прапанову Вашынгтона па 30-дзённым поўным спыненні агню.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў 15 красавіка заявіў, што Крэмль удакладніць дату заканчэння «энергетычнага перамір'я» ў Мінабароны Расіі і дадаў, што «ўсё будзе залежаць ад далейшых загадаў вярхоўнага галоўнакамандуючага Уладзіміра Пуціна».
Асобна ISW адзначае, што расійскія афіцыйныя асобы, не прызнаючы наяўнасць «энергетычнага перамір’я», у той жа час, не маючы ніякіх доказаў, рэгулярна абвінавачваюць Украіну ў парушэнні гэтага перамір’я.
* * *
Дзяржсакратар ЗША Марк Рубіё і спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф адправяцца на перамовы ў Парыж на гэтым тыдні, піша Politico. Уіткаф павінен сустрэцца з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, а Рубіё — са сваім французскім візаві Жанам-Ноэлем Баро. Падчас візіту яны плануюць абмяркоўваць Украіну, Іран і гандлёвыя пытанні ў кантэксце «тарыфнай вайны» Трампа.
Францыя разам з Брытаніяй узначальвае групу краін, якія напрацоўваюць магчымыя варыянты гарантый бяспекі для Украіны.
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што Альянс не хоча паўтарэння правальных Мінскіх пагадненняў і распрацоўвае новыя фарматы абароны Украіны.
На думку кіраўніка Альянсу, для таго, каб адказаць на пытанне аб верагоднасці размяшчэння замежных кантынгентаў ва Украіне, неабходна разумець, пры якіх умовах можа быць дасягнута спыненне агню і заключана мірнае пагадненне. Менавіта гэтыя фактары будуць уплываць на характар гарантый бяспекі для Украіны.
Ён перасцярог ад паўтарэння сітуацыі, якая ўзнікла пасля падпісання Мінскіх пагадненняў. «Тое, што адбылося ў 2014 годзе з Мінскам, не было ўстойлівым, доўгім і даўгавечным... Ніхто не хоча паўтарэння гэтага, таму мы павінны пераканацца, што пагадненне паміж Расіяй і Украінай будзе доўгачасовым», — сказаў Рутэ.