ЕС дамовіўся аб увядзенні столі коштаў на расійскую нафту ў $60. Але можа і панізіць
Краіны ЕС дамовіліся ўвесці столь у 60 долараў на расійскую нафту пасля таго, як Польшча зняла свае пярэчанні супраць рашэння, накіраванага на скарачэнне даходаў Крамля ад продажу выкапнёвага паліва.
Варта адзначыць, што Варшава патрабавала ўвесці больш нізкую столь. Раней абмяркоўваўся ўзровень у 65 долараў, і Польшча пярэчыла, бо гэта было амаль столькі ж, колькі каштуе барэль расійскай найты маркі Urals на рынку — 66-67 долараў.
«Польшча пагадзілася на кампраміс ЕС аб увядзенні столі на расійскую нафту ў $60 за барэль, што дазволіць ЕС афіцыйна зацвердзіць гэта рашэнне напрацягу выходных», — цытуе ВВС пастаяннага прадстаўніка Польшчы пры ЕС Анджэя Садося.
«Амбасадары [27 краін ЕС] толькі што дасягнулі пагаднення па цэнавай столі на расійскую нафту, якая транспартуецца морам. Пісьмовая працэдура рушыць услед, рашэнне ўступіць у сілу пасля публікацыі ў афіцыйным часопісе ЕС», — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва Чэхіі, якая старшынюе ў ЕС.
Першапачаткова з ініцыятывай аб увядзенні столі коштаў на расійскую нафту выступіла «Вялікая сямёрка», яна мае намер увесці эмбарга на пастаўкі расійскай нафты на Захад 5 снежня. Пры гэтым танкеры ЕС змогуць вазіць нафту ў трэція краіны, але толькі калі яны будуць закупляць яе па цане ніжэй устаноўленага ліміту.
Расійскія ўлады заяўлялі, што не будуць прадаваць нафту ніводнай краіне, якая ўдзельнічае ў абмежаваннях, а Індыя і Кітай пакуль не казалі, што будуць іх выконваць. Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў напярэдадні заявіў, што Маскву не цікавіць, якімі будуць абмежаванні на расійскую нафту, бо дамаўляцца з партнёрамі Расія будзе наўпрост.
Перамовы аб столі коштаў нафты павінны былі завяршыцца яшчэ на мінулым тыдні, але ў выніку праваліліся. Польшча і краіны Балтыі настойвалі на зніжэнні столі, у той час як Грэцыя і Мальта, наадварот, выступалі за тое, каб падняць яе вышэй 70 долараў.
«Цэнавая столь» павінна фактычна стаць прыніжэннем гэтых санкцый. Ідэю прасоўваюць ЗША, якія асцерагаюцца рэзкага скачка коштаў нафты, далейшага разгону інфляцыі і паглыблення сусветнага эканамічнага крызісу ў выпадку аднамомантавага знікнення мільёнаў барэляў расійскага паліва з сусветнага рынку.
Цяпер Расія пастаўляе прыкладна 3,5 млн барэляў на дзень, і поўнае заходняе эмбарга можа скараціць гэтыя пастаўкі прыкладна на траціну, прычым не толькі ў краіны «Вялікай сямёркі». Таму што забарона тычыцца не толькі і не столькі закупкі нафты і нафтапрадуктаў у Расіі, колькі транспарціроўкі, фінансавання і страхавання любых паставак морам у любыя краіны. Расія ж не зможа імгненна знайсці альтэрнатыву лонданскім страхоўшчыкам, швейцарскім трэйдарам і грэцкім танкерам, што непазбежна адаб'ецца на аб'ёмах экспарту, а ў далейшым — і здабычы нафты ў краіне.
У выніку да 2030 годзе доля Расіі на сусветным энергетычным рынку скароціцца прыкладна да 13% з леташніх 20%. У выйгрышы акажуцца ЗША і краіны Блізкага Усходу, а Крэмль недалічыцца каля 1 трлн долараў экспартных даходаў, прагназуе Міжнароднае энергетычнае агенцтва (IEA).
Акрамя нафты пад самыя маштабныя ў гісторыі санкцыі патрапілі фінансы, гандаль і нават сам Пуцін. Аднак Захад, і перш за ўсё ЕС, рухаюцца па гэтай новай для сусветнай практыкі тэрыторыі асцярожна, спрабуючы знайсці тонкі баланс паміж жаданнем адбіць у Крамля ахвоту нападаць на суседзяў, і ўласнымі інтарэсамі.