Human Rights Watch патрабуе міжнароднага расследавання катаванняў мірных пратэстоўцаў у Беларусі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW) абвінаваціла беларускія сілы бяспекі ў затрыманні тысяч людзей і катаваннях сотняў пратэстоўцаў пасля выбараў, якія адбыліся 9 жніўня.

bfee6214e9fc7998c2c5155b7881a486.jpg


Жорсткае падаўленне акцый пратэсту ў першыя дні пасля выбараў прывяло да затрымання амаль 7000 чалавек. Прынамсі, тры чалавекі былі забітыя падчас пратэстаў, і сотні іншых былі параненыя ў выніку таго, што паліцыя агрэсіўна разганяла мірных дэманстрантаў з дапамогай гумовых куль, дубінак і светлашумавых гранат.

Высновы, да якіх прыйшлі ў HRW, заснаваныя на інтэрв’ю з 27 былымі затрыманымі, большасць з якіх былі арыштаваныя ў перыяд з 8 па 12 жніўня, 14 чалавек, якія ведалі пра арышты, вывучэнні 67 відэазапісаў і пісьмовых сведчанняў затрыманых і іх сваякоў.

Некаторыя з людзей, з якімі размаўлялі прадстаўнікі HRW, заявілі, што былі затрыманыя ў Менску, Гародні і Гомелі за ўдзел у мірных дэманстрацыях. Іншыя сцвярджалі, што сілы бяспекі забіралі іх з вуліц або выцягвалі з аўтамабіляў з «крайняй жорсткасцю».

Па словах затрыманых, яны падвяргаліся збіццю, ударам электрычным токам і іншым відам катаванняў, у выніку чаго імі былі атрыманы такія траўмы, як пераломы костак, электрычныя апёкі, лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы, пашкоджанне нырак і расколіны на зубах.

Па меншай меры ў адным з выпадкаў гаворка ішла аб згвалтаванні затрыманага чалавека.

Масавыя арышты аднавіліся ў першы тыдзень верасня. Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што толькі 6 верасня было затрымана 600 чалавек. Яшчэ 774 чалавекі былі арыштаваныя ў Менску і іншых гарадах за правядзенне несанкцыянаваных дэманстрацый у нядзелю.

Беларускія ўлады таксама пераследуюць замежных журналістаў і мясцовых рэпарцёраў, якія працуюць на замежныя і мясцовыя незалежныя СМІ. Па дадзеных HRW, у дзесяткаў журналістаў ўладамі была адкліканая акрэдытацыя, іх выгналі з краіны або падвергнулі пераследу.

У той час як HRW заклікала арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) у панядзелак пачаць расследаванне абвінавачванняў, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет запатрабавала правесці расследаванне ў дачыненні да беларускіх сіл бяспекі.

«Улічваючы іх маштабы і колькасць, усе сцвярджэнні аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання з боку сіл бяспекі павінны быць задакументаваныя і расследаваныя з мэтай прыцягнення вінаватых да адказнасці», — заявіла Бачэлет у сваім выступе ў панядзелак у Жэневе, дзе ў панядзелак пачалося экстраннае пасяджэнне па Беларусі.

Паводле golos-ameriki.ru