Мільёны бежанцаў не вернуцца ва Украіну?
Украінцы ў многіх выпадках хутка інтэгруюцца ў новыя ўмовы жыцця і не спяшаюцца вяртацца дадому, лічыць прадстаўнік Еўракамісіі.
Каля 7 мільёнаў
грамадзян Украіны з пачатку поўнамаштабнай вайны выехала за мяжу —пераважна ў
краіны ЕС. Эксперты лічаць, што многія ўкраінскія ўцекачы застануцца жыць у Еўропе
і пасля заканчэння вайны, піша Washington Post.
Паведамляецца, што для прыёму ўкраінскіх бежанцаў ЕС ужыў надзвычайны механізм, які не выкарыстоўваўся раней: украінцам фактычна далі поўную абарону, што дае ўкраінцам права на свабоднае перамяшчэнне па ЕС і на працу, доступ да лячэння, адукацыі і жылля.
«Гэтая схема выходзіць далёка за рамкі класічнай абароны бежанцаў. Я б сказаў, што гэта Еўропа ў лепшым выглядзе», — сказаў WP дыпламат і топ-чыноўнік Еўракамісіі Маргарыціс Схінас, які каардынуе палітыку ЕС па прадастаўленні прытулку і міграцыі.
На думку прадстаўніка Еўракамісіі, украінцы ў многіх выпадках хутка інтэгруюцца ў новыя ўмовы жыцця і не спяшаюцца вяртацца дадому.
«Чакаю, што незалежна ад развіцця сітуацыі з вайной, прынамсі ад 2,5 да 3 мільёнаў чалавек застануцца ў ЕС», — сказаў ён.
Маргарыціс Схінас паведамляе, што колькасць украінцаў, якія прыехалі ў ЕС з пачатку вайны, у некалькі разоў перавышае колькасць сірыйскіх і афганскіх уцекачоў, якія знайшлі прытулак у ЕС за апошнія гады. Эксперт апісвае ўкраінцаў як высокаадукаваных кваліфікаваных спецыялістаў, якія «могуць неадкладна інтэгравацца ў нашы сістэмы», што станоўчы факт для еўрапейскіх краін.
Адзначаецца, што ўкраінскім уцекачам актыўна дапамагае дыяспара, што спрашчае пошукі жылля і працы. Выказваюць гатоўнасць дапамагаць украінцам і карэнныя жыхары краін ЕС, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краін.
Чыноўнік адзначае: кансерватыўныя і ўльтраправыя палітыкі не крытыкуюць прыезды украінцаў, як гэта было пасля прыездаў сірыйцаў, па яго словах, шматлікія ўкраінцы не выклікаюць ніякай напружанасці.