Няскораны горад. Як жыве прыфрантавы Харкаў. Фотарэпартаж

26 кіламетраў аддзяляе Харкаў ад дзяржаўнай мяжы з РФ. На пачатку поўнамаштабнага наступу расейскія войскі мелі намер хутка ўзяць паўтарамільённы горад, але іхныя планы праваліліся. Харкаў заняў абарону, быў напаўаточаны. Горад падвяргаўся пастаянным ракетным і артылерыйскім абстрэлам... 

Знішчаны будынак гарадской рады. Фота тут і далей: Алесь Мінаў

Знішчаны будынак гарадской рады. Фота тут і далей: Алесь Мінаў

Сітуацыя палепшылася пасля паспяховага контрнаступу ўкраінскіх войскаў, якія здолелі ў верасні вызваліць значную частку Харкаўскай вобласці ад акупантаў.


Як цяпер жыве першая сталіца Украіны?

aaa_1268_logo.jpg

У Харкаў я прыехаў цягніком. Сусед у купэ, пачуўшы беларускую мову, стаў задаваць шмат пытанняў адносна Беларусі, нашай сітуацыі. Увогуле, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя жахі цяперашняй вайны, вельмі многія мае ўкраінскія суразмоўцы цікавяцца беларускай тэмай, спачуваюць. У сваю чаргу мужчына распавёў пра сябе: ён карэнны харкаўчанін, звычайна карыстаецца расейскай мовай. Але мяне ўразіла наступнае: «Раней я да Бандэры ставіўся мякка кажучы халодна, абсалютна не лічыў яго героем. Але толькі пасля 24 лютага стаў разбірацца. Дык вось цяпер вы наўрад ці знойдзеце большага бандэраўца, чым я».


Сапраўды, гэтыя словы перадаюць атмасферу сённяшняга Харкава: у кожным, з кім даводзіцца пачаць гутарку, адчуваецца выразны ўкраінскі дух, незалежна ад мовы, на якой чалавек гаворыць.


Што да самога горада. Я, як і многія, пільна сачыў за навінамі, бачыў жахлівыя кадры, зруйнаваныя ўшчэнт будынкі, шматлікія прылёты. Але ўсё адно не разумеў да канца маштабу: думаў, што каб зафіксаваць руйнаванні на камеру, давядзецца ехаць у пэўныя раёны. Не. Фактычна ў Харкаве няма некранутых вайной раёнаў: літаральна ў кожным квартале можна ўласнавоч пабачыць наступствы абстрэлаў. Недзе абыходзіцца выбітымі шыбамі, абваленай там-сям тынкоўкай, а дзесь стаяць голыя каркасы, а то й адныя падмуркі колішніх будынкаў.

Тым не менш горад ажывае. Але пакуль не ўсе ўстановы аднавілі працу: каб паесці ці выпіць кавы, трэба яшчэ знайсці нешта адчыненае.


aaa_1835_logo.jpg

Заходжу ў кавярню на адной з цэнтральных вуліц. Барыста Юлія Фільчанкараспавядае сваю гісторыю. Калі пачалася вайна, яна з мужам і дачкой былі за мяжой — з 14 лютага на Занзібары. Там і сустрэлі страшную навіну.


— Мне раніцай патэлефанавала сяброўка, пачала распавядаць. Я спачатку не зразумела, казала: «Што ты нясеш? Брыдота!». Але да мяне дайшло. Сяброўка пытала, якія трэба забраць з майго дома каштоўныя рэчы (у яе былі ключы), дакументы.


На гэтым моманце адпачынак скончыўся, вядома. Але яшчэ паўтары месяцы былі за мяжой. З Занзібара паехалі ў Польшчу: я, муж і наша дачка, ёй тры гады. Паехалі мы да абсалютна незнаёмых людзей. У гатэлі былі з палякамі, яны ж ведалі сітуацыю, дык калі зразумелі, што мы ўкраінцы, прапанавалі дапамогу: далі ключы, засялілі ў кватэру абсалютна бясплатна.


Так мы пажылі і вырашылі ўсё ж вяртацца.


— Як вы прымалі гэтае рашэнне? Усё ж бамбілі Харкаў і абстаноўка была яшчэ жахлівая…


— Увогуле мой муж хацеў вяртацца адразу — не мог сядзець за мяжой склаўшы рукі. Але ж на пачатку былі моцныя абстрэлы на дарогах — абстрэльвалі машыны, калоны — мы пабаяліся ехаць з малым дзіцём. А мужа аднаго я проста не магла адпусціць. Вырашылі, што паедзем толькі разам.


Бацькі скінулі нам грошай, і ў Польшчы мы набылі за 1000 долараў машыну, тады акурат былі адмененыя мытныя пошліны.


Я з дачкой паехала цягніком, муж 6 сутак перавозіў праз мяжу аўто ў Львоў — былі велізарныя чэргі.


Сустрэліся ў Львове, пачулі ўпершыню паветраную трывогу. Уразіла дачка: яна аказалася вельмі моцнай духам, нават у нейкай меры мацнейшай за мяне — зусім нічога не баялася. Заехалі да бацькоў у Сумскую вобласць, пакінулі ім машыну, забралі сваю ў Кіеве (яна заставалася каля аэрапорта ў Барыспалі, калі мы яшчэ выляталі ў адпачынак). Там і вярнуліся ў Харкаў, гэта быў канец красавіка.


Юлія Фільчанка

Юлія Фільчанка

— Страшна было? Што рабілі, калі чулі сірэны?


— Не. Мы не ігнаравалі трывогі: не выходзілі на вуліцу, ці вярталіся дамоў. У сховішча не хадзілі, бо блізка з домам не было.


— Ці былі праблемы з прадуктамі, дэфіцыт?


— Было ўсё. Працавала не так доўга, але пасля Польшчы, бо там усё працуе так заўжды, то было нават звычна ўжо. Але ў параўнанні з даваенным часам — неба і зямля.


Людзей, здавалася, на вуліцах не было абсалютна, нібыта горад цалкам знік, ціша. У 10 раніцы, у 4 вечара…


— Калі, па вашых адчуваннях, горад пачаў ажываць?


— Дзесь улетку, хутчэй у сярэдзіне лета. Сталі адкрывацца розныя ўстановы, пачаў спраўна хадзіць грамадскі транспарт.


— Менавіта ваша кавярня калі адкрылася наноў?


— Мы пачалі працаваць з верасня. Людзей, па праўдзе, не надта шмат. Ну зараз восень, дажджы… Мо і гэта ўплывае.


— Часам даводзілася чуць пра тое, што ў Харкаве, прынамсі да вайны, было шмат людзей з прарасейскімі настроямі…


— Я не ведаю, як у Харкаве, шчыра. Тут пашанцавала такіх асабліва не сустракаць і раней. Але там, дзе я правяла дзяцінства, у Купянску, там дастаткова. Гэта проста жах. У мяне вельмі шмат сярод знаёмых прарасейскіх людзей было. Не ведаю, дзе яны зараз, ды і не хочацца ведаць нават. Купянск акупавалі ў першыя ж дні — 27 лютага, у мяне там проста амаль уся сям’я, шмат знаёмых. То было шмат прыхільнікаў гэтага рускага свету. Мой айчым у тым ліку. І застаецца такім, на жаль. Мы перасталі стасавацца.


Бацькі мае доўгі час былі ў акупацыі, нядаўна вызвалілі гэтыя раёны, але пакуль няма сталай сувязі, чакаем.

Бо там ні сувязі, ні газу, ні электрыкі, ні вады.

aaa_1417_logo.jpg

— Калі апошні раз размаўлялі з бацькамі?


— Дзесьці тыдзень таму. Але гэта было літаральна паўхвіліны, проста сказалі, што жывыя.


— Які цяпер настрой, чаканні?


— Мы спадзяемся, што нам не разбамбяць кавярню і будзем працаваць. Але калі і разбамбяць — закрыемся, знойдзем яшчэ працу, калі разбамбяць нашу хату і мы выжывем — здымем іншую. З Харкава мы ехаць не збіраемся. Нават, калі не будзе ацяплення, — купім генератар. Гэта наш горад, ніхто нас не выганіць адсюль!

Ніжэй па вуліцы працуе магазін оптыкі. Супрацоўніца Кацярына Шараева дзеліцца:

aaa_1900_logo.jpg

— Адкрыліся мы 1 чэрвеня, было спачатку ціха, потым страшна — прылёты па цэнтры горада ўвесь час. Незразумела, дзе ляціць, людзі забягалі ў крамы, але ж гэта таксама ненадзейнае сховішча. Зараз, як ворага адагналі ад Харкава і ўвогуле з вобласці, значна спакайней стала.


Кліенты прыходзяць, правяраюць зрок, робяць замовы, нават з дзеткамі прыходзяць.


— Вы былі ў Харкаве ўвесь час?


— Не, мы з сям’ёй выязджалі ў Вінніцкую вобласць на тры месяцы. Але потым было ўжо проста невыносна сядзець і нічога не рабіць. Улетку вярнуліся.

Кацярына Шараева

Кацярына Шараева

— Страшна было вяртацца?


— Больш хацелася дадому. Людзі ж тут жывуць, многім патрэбна дапамога, вайсковым трэба дапамога — мы робім бясплатныя акуляры для ўзброеных сілаў. Нехта ж гэта павінен рабіць!


— Ці сустракалі вы тых людзей, якія б сімпатызавалі Расеі?


— Ведаеце, я з такім не сутыкалася. Харкаў даволі моладзевы, часта называюць яго студэнцкім горадам. Можа, нехта і быў... Але гэта не заўважала. Зараз харкаўчане адстойваюць свой горад, часцей родная мова гучыць на вуліцах, гэта адчувальна.


— Тут навокал шмат пашкоджаных будынкаў, да таго ж усё яшчэ здараюцца прылёты. Ці часта даводзіцца хавацца?


— Паветраную трывогу, на жаль, не заўсёды чуваць. Тут, у краме, яе не чутно, у нас дома — таксама. Добра, ёсць дадатак на тэлефоне, у ім паказваецца кожны раз паведамленне. Але ж куды бегчы? Да метро хвілін сем, да іншай станцыі — дзесяць. Бамбасховішч навокал няма. Таму застаемся тут і спадзяемся, што міне.

На вуліцах шмат камунальшчыкаў. Супрацоўніца Вольга распавядае:


— 24 лютага мы ўсе былі шакаваныя, незразумела, што рабіць. Але праз два дні я ўжо выходзіла на працу, ды й калегі таксама. Праўда, быў не поўны працоўны дзень — скарочаны. Падчас паветранай трывогі таксама не знаходзімся на вуліцы — ідзем ва ўкрыццё.

aaa_1928_logo.jpg

— З заваламі вы таксама працуеце?


— Так, калі на нашай замацаванай тэрыторыі, то працуем. Спачатку ратавальнікі абследуюць месца, шукаюць людзей пад заваламі і ацэньваюць стан будынка. Калі ён можа абрынуцца, то, вядома, ніхто ўжо не заходзіць. А пасля ўжо мы прыбіраем шкло, ашчэпкі, тэхніка дапамагае.


— Ці не было ў вас думкі выехаць з горада, калі бамбіць пачалі?


— Не, ніколі. Я сама нарадзілася ў Львове — была магчымасць паехаць да матулі і братоў, але не. Не хацелася абсалютна, хоць і страшна было. Цяпер ужо, здаецца, жыццё наладжваецца, чакаем перамогі, сочым за ўсімі навінамі.

aaa_1790_logo.jpg

Каб паглядзець на ўскраіны, я сеў у метро — уваход у яго бясплатны для ўсіх яшчэ з часоў, калі станцыі служылі прытулкам і сховішчам для тысяч харкаўчан. Зараз у падземцы не шматлюдна, цягнікі ходзяць са стандартным інтэрвалам у 6–8 хвілін.


Канцавая станцыя «Герояў працы» найбліжэйшая да сумнавядомага раёна «Паўночная Салтаўка», які падвяргаўся найбольш моцным і інтэнсіўным абстрэлам цягам месяцаў.


Адразу па выхадзе з падземкі кідаюцца ў вочы пашкоджаныя павільёны мясцовага рынка.

Тут я сустрэў Аляксея. Хлопцу споўнілася 18 год за два месяцы да пачатку поўнамаштабнай вайны. Ён жыў з малодшым братам і бабуляй акурат у гэтым раёне. 20 лютага бабуля паехала да сваякоў у вёску Тавільжанка, якая хутка трапіла пад акупацыю. Аляксей з трынаццацігадовым братам у першы ж дзень вайны спусціўся ў метро. Там хлопцы пражылі два тыдні, пакуль не выехалі да дзядзькі ў Сумскую вобласць.

Аляксей

Аляксей

— Умовы былі не надта: вельмі шмат людзей, на вуліцу выходзіць баяліся — бамбілі безупынна. Зверху стаялі вялізныя чэргі па прадукты каля магазінаў. Калі ракета патрапіла ў гандлёвы цэнтр, было вельмі шмат памерлых. Потым валанцёры пачалі выдаваць ежу: прыносілі нават торты. Для малых дзяцей прыносілі памперсы.


На ўсю колькасць людзей быў адзіны туалет: чатыры кабінкі жаночыя і чатыры мужчынскія. Чаргу трэба было займаць дзесь за гадзіну.


Хлапец кажа, што з бабуляй апошні раз размаўляў амаль тры месяцы таму, потым сувязь знікла.

Усё ж Харкаў пакідае дваістыя ўражанні: з аднаго боку, маштаб руйнаванняў, агульны заняпад і жахлівыя аповеды людзей, што выжывалі пад бамбёжкамі, выклікаюць наўпроставы жах і шчымлівы жаль. З іншага ж боку, калі бачыш тэмпы адраджэння горада — аператыўны разбор завалаў, аднаўленне будынкаў, камунальнага забеспячэння, адкрыццё крамаў і рэстаранаў, калі чуеш у голасе людзей не столькі роспач, колькі ўпэўненасць у тым, што заўтрашні дзень будзе дакладна лепей за сённяшні — разумееш, што горад застаўся няскораным не толькі ў вайсковым плане, але і ў духоўным.