Новы трэнд канспіролагаў: вайны ва Украіне няма!

Шэраг правых акаўнтаў у ЗША з вялікай колькасцю падпісчыкаў апублікавалі серыю беспадстаўных допісаў, у якіх сцвярджалася, што ўся вайна ва Украіне можа быць інсцэніроўкай, наладжанай заходнімі СМІ і ўрадамі.

56_big_1.jpg


Сярод карыстальнікаў, якія распаўсюджвалі найбольш вірусныя заявы, былі і тыя, каго ў мінулым забанілі ў Твітары, але пасля куплі сеткі Іланам Маскам дапусцілі назад, піша ВВС.


Вайна — фэйк?

Адно з ілжывых сцвярджэнняў, якое разыходзіцца ў Твітары і ў іншых месцах, — што ўся вайна нейкім чынам інсцэніраваная. У якасці доказу некаторыя вядомыя акаўнты правага толку ў ЗША спасылаліся на нібыта адсутнасць кадраў з лініі фронту.

Так, адзін з каментатараў паскардзіўся на «адсутнасць ваенных здымак» і дадаў, што гэта «папахвае махлярствам». Допіс завірусіўся.

Іншы ўплывовы карыстальнік Твітара, у якога 1,4 млн падпісчыкаў, заявіў, што «няма відэаздымак» і «няма дэталёвых зводак» пра вайну.

Гэтым допісам пазней падзяліўся былы дарадца Дональда Трампа ў нацыянальнай бяспецы Майкл Флін, дадаўшы ад сябе: «Хай хто-небудзь дакажа, што ён не мае рацыі!»

У рэчаіснасці, вайна ва Украіне старанна задакументаваная. Разам са сведчаннямі відавочцаў, ВВС ды іншыя сусветныя СМІ знялі вялікую колькасць відэахронікі з украінскай лініі фронту. Яны таксама вывучылі ілжывыя заявы аб некаторых ключавых падзеях канфлікту. Ёсць таксама сведчанні ад урадаў і агенцтваў з многіх краін свету, якія пацвярджаюць, што вайна — гэта рэальнасць.

Ад самага пачатку сацыяльныя сеткі былі поўныя відэа вайны, сапраўднасць многіх з якіх таксама была пацверджана журналістамі.


Дзірка ў Кіеўскай шматпавярхоўцы

Праз два дні пасля ўварвання Расіі кадры з шматпавярховым жылым домам у Кіеве з велізарнай зеўраючай дзіркай пасля траплення ў яго ракеты разышліся па ўсім свеце. Журналісты падрабязна асвятлялі наступствы ўдару з месца здарэння.

Але ў апошнія некалькі дзён відэа і фота дома, які з тых часоў быў адрамантаваны і часткова рэканструяваны, зноў сталі віруснымі ў сацыяльных сетках.

Скрыншот з Твітара

Скрыншот з Твітара


Цыркуляцыя гэтых фота і відэа дала падставу для сцвярджэнняў, што альбо гэты дом ніколі не падвяргаўся ракетнаму ўдару, альбо наогул уся вайна з'яўляецца містыфікацыяй, таму што, згодна з аргументам тых людзей, якія гэта сцвярджаюць, немагчыма аднавіць будынак падчас канфлікту, які працягваецца.

Сярод тых, хто падзяліўся гэтай заявай, быў і правы падкастэр і антываксер, чый раней заблакаваны акаўнт у Твітары быў нядаўна адноўлены.

Аднак, калі не лічыць рэгулярных ракетных абстрэлаў з боку Расіі, Кіеў перастаў быць прыфрантавым горадам з канца сакавіка 2022 года, калі расійскія войскі сышлі з поўначы Украіны і перанеслі асноўныя сілы на поўдзень і на ўсход. Працэс рамонту і рэканструкцыі пачаўся ў траўні мінулага года і падрабязна асвятляўся ўкраінскімі СМІ з фотаздымкамі будаўнічых работ — летам і восенню.


Вяртанне відэа з трупамі, якія варушацца

Відэа, на якім нібыта рэпарцёр ва Украіне стаіць перад шэрагамі трупаў у мяшках, і пры гэтым адно з целаў «варушыцца», за апошнія некалькі дзён было прагледжана мільёны разоў.

У выніку з'явіліся сцвярджэнні, што гэта «доказ» таго, што для выявы мёртвых целаў нанялі акцёраў. І ўсё гэта, каб праілюстраваць наратыў краін Захаду пра вайну ва Украіне.

«Перастань рухацца — ты павінен быць мёртвы! Псіхалагічная аперацыя?» — гаварылася ў папулярным твіты аднаго правага акаўнта. Гэта відэа было распаўсюджана некалькімі іншымі ўплывовымі правымі дзеячамі ў Фэйсбуку і Ціктоку і суправаджалася аналагічнымі сцвярджэннямі.

У рэчаіснасці відэа ўзята з рэпартажу аўстрыйскай газеты Osterreich аб кліматычнай акцыі пратэсту ў Вене ў пачатку лютага 2020 года, да пачатку расійскага ўварвання, падчас якой актывісты спрабавалі прыцягнуць увагу да небяспекі выкідаў вуглякіслага газу для жыцця чалавека. Гэта відэа ўжо не першы раз выкарыстоўваецца для ілюстрацыі падзей, да якіх не мае ніякага дачынення. Раней яно прыводзілася як «доказ», што смерці ад Covid-19 фальсіфікаваныя. Цяпер, як і тады, гэта відавочны падман.


«Двайнік» Зяленскага

Вірусныя фатаграфіі і відэа, апублікаваныя ў Інтэрнэце, сцвярджаюць, што дэманструюць «выпадковую» выяву двайніка прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Адно відэа, якое набрала мільёны праглядаў, падаецца як доказ, што ва ўкраінскага прэзідэнта нібыта ёсць «таемны двайнік», які памылкова з'явіўся на кадрах, паказаных польскім тэлебачаннем, мяркуючы з усяго, апрануты ў тую ж вопратку, што і прэзідэнт.

Іншыя відэа паказваюць таго ж чалавека на заднім плане падчас візіту прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Кіеў на мінулым тыдні.

Скрыншот з Твітара

Скрыншот з Твітара


Аднак у гэтым чалавеку лёгка пазнаць Максіма Данца, асабістага целаахоўніка Зяленскага. Паводле звестак агенцтва Рэйтар, Данец узначальвае службу бяспекі прэзідэнта з траўня 2019 года.

Фатаграфіі, на якіх ён суправаджае ўкраінскага прэзідэнта на публіцы ў рознай вопратцы, можна лёгка знайсці ў Інтэрнэце.

Пераклад НЧ